- 1. І выйшаўшы, Ісус ішоў ад храма. І прыступілі вучні Ягоныя, каб паказаць Яму будынкі храма.
- 2. Ён жа сказаў ім: ці бачыце ўсё гэта? Праўду кажу вам: не застанецца тут каменя на камені; усё будзе разбурана.
- 3. Калі ж сядзеў Ён на гары Аліўнай, дык прыступілі да Яго вучні асобна, кажучы: скажы нам, калі гэта будзе? і якая азнака Твайго прыходу і сканчэньня веку?
- 4. І ў адказ Ісус сказаў ім: глядзеце, каб хто вас ня ўвёў у зман;
- 5. бо многія прыйдуць пад імем Маім і будуць казаць: "я Хрыстос", - і многіх увядуць у зман.
- 6. Таксама пачуеце пра войны і ваенныя чуткі. Глядзеце, не жахайцеся; бо павінна ўсё тое быць. Але гэта яшчэ не канец:
- 7. бо паўстане народ на народ і царства на царства; і будзе голад і пошасьці, і землятрусы месцамі.
- 8. А ўсё гэта - болесны пачатак.
- 9. Тады будуць выдаваць вас на пакуты і забіваць вас; і вы будзеце зьненавіджаныя ўсімі народамі за імя Маё.
- 10. І тады спакусяцца многія; і адзін аднаго будуць выдаваць, і зьненавідзяць адзін аднаго;
- 11. і многія ілжэпрарокі паўстануць і ўвядуць у зман многіх;
- 12. і ад памнажэньня беззаконьня ахалоне любоў у многіх;
- 13. а хто выцерпіць да канца, уратуецца.
- 14. І абвешчана будзе гэтае Дабравесьце Царства па ўсім сьвеце, на сьведчаньне ўсім народам; і тады прыйдзе канец.
- 15. Дык вось, калі ўгледзіце брыдоту спусташэньня, пра якую сказана праз прарока Данііла, якая паўстане на сьвятым месцы, - хто чытае, хай разумее, -
- 16. тады хто будзе ў Юдэі, хай уцякаюць у горы;
- 17. і хто на даху, той хай ня сыходзіць узяць што-небудзь з дома свайго;
- 18. і хто ў полі, той хай не вяртаецца назад, каб узяць вопратку сваю.
- 19. Гора ж цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі ў тыя дні!
- 20. Малецеся, каб ня сталіся ўцёкі вашы зімою, альбо ў суботу;
- 21. бо тады будзе вялікі смутак, якога ня было ад пачатку сьвету да сёньня, і ня будзе.
- 22. І калі б не скараціліся тыя дні, дык не ўратавалася б ніякая плоць; але дзеля выбраных скароцяцца тыя дні.
- 23. Тады калі хто скажа вам: "вось, тут Хрыстос", альбо "там", - ня верце;
- 24. бо паўстануць ілжэхрысты ды ілжэпрарокі і дадуць азнакі і вялікія цуды, каб увесьці ў зман, калі ўдасца, і выбраных.
- 25. Вось, Я наперад сказаў вам.
- 26. Значыцца, калі скажуць вам: "вось Ён у пустыні", - ня выходзьце; "вось, Ён у патайных пакоях", - ня верце;
- 27. бо, як маланка бліскае з усходу і відна бывае аж да захаду, такі будзе прыход Сына Чалавечага;
- 28. бо дзе будзе труп, там зьбяруцца арлы.
- 29. І раптам, пасьля смутку дзён тых, сонца памеркне, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, і зоркі спадуць зь неба, і сілы нябесныя пахіснуцца;
- 30. і тады зьявіцца азнака Сына Чалавечага на небе; і тады заплачуць усе плямёны зямныя і ўбачаць Сына Чалавечага, Які будзе ісьці на аблоках нябесных зь сілаю і славаю вялікай;
- 31. і пашле анёлаў Сваіх з трубою громагучнаю, і зьбяруць выбраных Ягоных ад чатырох вятроў, ад краю нябёсаў да краю іх.
- 32. Ад смакоўніцы вазьмеце падабенства: калі гольле яе ўжо мякчэе і пускае лісьце, ведаеце, што блізка лета;
- 33. так і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што блізка, пры дзьвярах.
- 34. Праўду кажу вам: ня міне род гэты, як усё тое будзе;
- 35. неба і зямля мінуцца, а словы Мае ня мінуць;
- 36. а пра дзень той і гадзіну ніхто ня ведае, ні анёлы нябесныя, а толькі Айцец Мой адзін;
- 37. але як было ў дні Ноя, так будзе і ў прыход Сына Чалавечага,
- 38. бо як у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся і выходзілі замуж да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг,
- 39. і не разумелі, пакуль ня прыйшоў патоп і не забраў усіх, - так будзе і прыход Сына Чалавечага;
- 40. тады будуць двое на полі: адзін возьмецца, а другі пакінецца;
- 41. дзьве будуць малоць у жорнах: адна возьмецца, а другая пакінецца.
- 42. Дык чувайце ж, бо ня ведаеце, у якую гадзіну Гасподзь ваш прыйдзе.
- 43. Але гэта вы знаеце, што калі б ведаў гаспадар дома, у якую варту прыйдзе злодзей, дык чуваў бы і ня даў бы падкапаць дома свайго.
- 44. Таму і вы будзьце гатовыя, бо ў якую гадзіну ня думаеце, Сын Чалавечы прыйдзе.
- 45. Хто ж верны і разумны раб, якога гаспадар ягоны паставіў над слугамі сваімі, каб даваў ім ежу ў свой час?
- 46. Дабрашчасны той раб, якога гаспадар ягоны, прыйшоўшы застане, што робіць так;
- 47. праўду кажу вам, што над усім маёнткам сваім паставіць яго.
- 48. А калі скажа ліхі раб той ў сэрцы сваім: "ня хутка прыйдзе гаспадар мой",
- 49. і пачне біць субратоў сваіх, і есьці і піць з п'яніцамі, -
- 50. дык прыйдзе гаспадар раба таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзіну, у якую ня ведае,
- 51. і разатне яго напалам, і вызначыць яму аднолькавую долю з крывадушнікамі: там будзе плач і скрыгат зубоў.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Новы Запавет > Паводле Мацьвея > Глава 24