- 1. Тады Ісус быў паведзены Духам у пустыню, на спакушэньне ад д'ябла.
- 2. І, пасьціўшы сорак дзён і сорак начэй, напасьледак згаладаўся.
- 3. І падступіўся да Яго спакусьнік і сказаў: калі Ты Сын Божы, скажы, каб камяні гэтыя сталі хлябамі.
- 4. А Ён сказаў яму ў адказ: напісана: "ня хлебам адным будзе жыць чалавек, а ўсякім словам, якое зыходзіць з вуснаў Божых".
- 5. Тады бярэ Яго д'ябал у сьвяты горад і ставіць Яго на крыле храма,
- 6. і кажа Яму: калі Ты Сын Божы, кінься ўніз; бо напісана: "Анёлам Сваім накажа пра Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся Ты аб камень нагою Тваёю".
- 7. Сказаў яму Ісус: напісана яшчэ: "не спакушай Госпада Бога твайго".
- 8. Зноў бярэ Яго д'ябал на вельмі высокую гару, і паказвае Яму ўсе царствы сьвету і славу іх,
- 9. і кажа Яму: усё гэта Табе дам, калі ўпаўшы паклонішся мне.
- 10. Тады кажа яму Ісус: адыдзі ад мяне, сатана; бо напісана: "Госпаду Богу твайму пакланяйся, і Яму аднаму служы".
- 11. Тады пакідае Яго д'ябал, - і вось, анёлы прыступілі і слугавалі Яму.
- 12. Ісус, пачуўшы, што Ян аддадзены варце, адышоў у Галілею,
- 13. і, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Капернауме прыморскім, у межах Завулонавых і Нэталімавых,
- 14. каб збылося сказанае праз прарока Ісаю, які кажа:
- 15. "Зямля Завулонава і зямля Нэталімава, на дарозе прыморскай за Ярданам, Галілея язычніцкая,
- 16. народ, што сядзеў у цемры, убачыў сьвятло вялікае, і ўсім, хто сядзеў у краіне і цяні сьмерці, зазьзяла сьвятло".
- 17. З таго часу Ісус пачаў прапаведаваць і казаць: пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае.
- 18. А праходзячы каля мора Галілейскага, угледзеў Ён двух братоў: Сымона, якога завуць Пятром, і Андрэя, брата ягонага, якія закідвалі мярэжы ў мора, бо яны былі рыбакі.
- 19. І кажа ім: ідзеце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей.
- 20. І яны адразу, пакінуўшы мярэжы, пайшлі за Ім.
- 21. Адтуль прайшоўшы далей, угледзеў Ён іншых двух братоў, Якава Завядзеевага і Яна, брата ягонага, у лодцы з Завядзеем, бацькам іхнім, якія ладзілі мярэжы свае, і заклікаў іх.
- 22. І яны адразу, пакінуўшы лодку і бацьку свайго, пайшлі за Ім.
- 23. І хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сынагогах іхніх і прапаведуючы Дабравесьце Царства і ацаляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у людзях.
- 24. І прайшоў пра Яго погалас па ўсёй Сірыі; і прыводзілі да Яго ўсіх нямоглых, рознымі хваробамі і пакутамі ахопленых, і апанаваных дэманамі, і лунатыкаў, і спаралізаваных, і Ён ацаляў іх.
- 25. І за Ім ішло мноства люду з Галілеі і Дзесяцігародзьдзя, і зь Ерусаліма, і зь Юдэі, і з-за Ярдана.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Новы Запавет > Паводле Мацьвея > Глава 4