- 1. Ня судзеце, каб і вас ня судзілі;
- 2. бо якім судом судзіце, такім вас судзіць будуць; і якою мераю мерыце, такою і вам будуць мерыць.
- 3. І што ты глядзіш на парушынку ў воку брата твайго, а калоды ў воку сваім не адчуваеш?
- 4. Альбо, як скажаш брату свайму: "Дай, я выму парушынку з вока твайго"; а вось у тваім воку калода?
- 5. Крывадушнік! вымі спачатку калоду са свайго вока, і тады ўбачыш, як выняць парушынку з вока брата твайго.
- 6. Не давайце сьвятога сабакам і ня кідайце пэрлаў вашых перад сьвіньнямі, каб яны не стапталі іх нагамі сваімі і, абярнуўшыся, не разадралі вас.
- 7. Прасеце, і дасца вам; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам;
- 8. бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і, хто шукае, знаходзіць, і хто стукаецца, таму адчыняць.
- 9. Ці ёсьць сярод вас такі чалавек, які, калі папросіць сын ягоны ў яго хлеба, камень падаў бы яму?
- 10. і калі рыбы папросіць, зьмяю падаў бы яму?
- 11. Дык вось, калі вы, ліхія, умееце дары добрыя даваць вашым дзецям, тым болей Айцец ваш, Які ёсьць у нябёсах, дасьць даброты тым, хто просіць у Яго.
- 12. І вось усё, што хочаце, каб рабілі вам людзі, тое і вы рабеце ім; бо ў гэтым закон і прарокі.
- 13. Уваходзьце вузкаю брамаю; бо шырокая брама і прасторная дарога вядуць у пагібель, і многія ідуць імі;
- 14. бо вузкая брама і цесная дарога вядуць у жыцьцё, і нямногія знаходзяць іх.
- 15. Асьцерагайцеся ілжывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечай адзежы, а ўсярэдзіне - ваўкі драпежныя;
- 16. па іхніх пладах пазнаеце іх. Ці ж зьбіраюць зь цярноўніку вінаград, альбо зь дзядоўніку смоквы?
- 17. Так усякае добрае дрэва родзіць і плады добрыя, а благое дрэва родзіць і плады благія:
- 18. ня можа добрае дрэва радзіць благія плады, ні дрэва благое радзіць плады добрыя.
- 19. Усякае дрэва, якое ня родзіць плоду добрага, сьсякаюць і кідаюць у вагонь.
- 20. Дык вось, па пладах іхніх пазнаеце іх.
- 21. Ня кожны, хто кажа Мне: "Госпадзе! Госпадзе!" увойдзе ў Царства Нябеснае, а той, хто выконвае волю Айца Майго, Які ёсьць у нябёсах.
- 22. Многія скажуць Мне ў той дзень: "Госпадзе! Госпадзе! ці не ад Твайго імя мы прарочылі? і ці не Тваім імем дэманаў выганялі? і ці не Тваім імем многія цуды ўчынялі?".
- 23. І тады абвяшчу ім: "Я ніколі ня знаў вас; адыдзеце ад Мяне, вы, што робіце беззаконьне".
- 24. Дык вось, кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, прыпадобніцца да мужа разумнага, які збудаваў свой дом на камені;
- 25. і паліўся дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і рынуліся на той дом; і ён ня ўпаў, бо пастаўлены быў на камені.
- 26. А кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і ня выконвае іх, прыпадобніцца да мужа неразважлівага, які паставіў свой дом на пяску;
- 27. і паліўся дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і налеглі на дом той; і ён упаў, і было падзеньне яго вялікае.
- 28. І сталася, калі Ісус прамовіў гэтыя словы, дзівавалі людзі з вучэньня Яго,
- 29. бо Ён іх вучыў як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі і фарысэі.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Новы Запавет > Паводле Мацьвея > Глава 7