Глава 27

< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28
  • 1. Калі ж настала раніца, зрабілі нараду ўсе першасьвятары і старэйшыны народу супраць Ісуса, каб аддаць Яго на сьмерць:
  • 2. і зьвязаўшы Яго, завялі і перадалі яго Понцію Пілату, намесьніку.
  • 3. Тады Юда, які выдаў Яго, убачыўшы, што засудзілі Яго, і раскаяўшыся, аддаў трыццаць срэбранікаў першасьвятарам і старэйшынам,
  • 4. кажучы: зграшыў я, прадаўшы кроў нявінную. Яны ж сказалі: што нам да таго? глядзі сам.
  • 5. І кінуўшы срэбранікі ў храме, ён адышоў; і пайшоўшы, павесіўся.
  • 6. Першасьвятары, узяўшы срэбранікі, сказалі: не дазваляецца класьці іх у храмавую скарбніцу, бо гэта цана крыві.
  • 7. І зрабіўшы нараду, купілі на іх поле ганчара для пахаваньня чужынцаў;
  • 8. таму і называецца поле тое "полем крыві" па сёньняшні дзень;
  • 9. тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, які кажа: і ўзялі трыццаць срэбранікаў, цану Ацэненага, Якога ацанілі сыны Ізраілевыя,
  • 10. і далі іх за поле ганчара, як сказаў мне Гасподзь.
  • 11. Ісус жа стаў перад намесьнікам. І спытаўся ў Яго намесьнік, кажучы: Ты Цар Юдэйскі? А Ісус сказаў яму: ты кажаш.
  • 12. І калі вінавацілі Яго першасьвятары і старэйшыны, Ён нічога не адказваў.
  • 13. Тады кажа Яму Пілат: ці ня чуеш, колькі сьведчаць супроць Цябе?
  • 14. І не адказваў яму на ніводнае слова, так што намесьнік вельмі зьдзіўляўся.
  • 15. А на сьвята намесьнік меў звычай выпускаць народу аднаго вязьня, якога б хацелі.
  • 16. Быў тады ў іх вядомы вязень, званы Варава.
  • 17. І вось, як сабраліся яны, сказаў ім Пілат: каго хочаце, каб я выпусьціў вам: Вараву ці Ісуса, Якога завуць Хрыстом?
  • 18. Бо ведаў, што з зайздрасьці выдалі Яго.
  • 19. Тым часам, як сядзеў ён на судовым месцы, жонка ягоная паслала яму сказаць: не рабі нічога Праведніку Таму, бо я сёньня ў сьне шмат адцярпела за Яго.
  • 20. Але першасьвятары і старэйшыны падбухторылі люд прасіць Вараву, а Ісуса загубіць.
  • 21. Тады намесьнік сказаў у адказ: каго хочаце з двух, каб я выпусьціў вам? Яны сказалі: Вараву.
  • 22. Кажа ім Пілат: што ж мне зрабіць зь Ісусам, Якога завуць Хрыстом? Кажуць яму ўсе: хай будзе ўкрыжаваны!
  • 23. А намесьнік сказаў: якое ж ліха ўчыніў Ён? Але яны яшчэ мацней крычалі: хай будзе ўкрыжаваны!
  • 24. Пілат, бачачы, што нічога не дапамагае, а неспакой расьце, узяў вады і ўмыў рукі перад людзьмі, кажучы: невінаваты я ў крыві Праведніка Гэтага; глядзеце самі.
  • 25. І, адказваючы, увесь люд сказаў: Кроў Ягоная на нас і на дзецях нашых.
  • 26. Тады выпусьціў ім Вараву, а Ісуса, біўшы, аддаў на крыжаваньне.
  • 27. Тады воіны намесьнікавы, узяўшы Ісуса ў прэторыю, сабралі на Яго цэлы полк,
  • 28. і разьдзеўшы Яго, надзелі на Яго пурпуру;
  • 29. і, сплёўшы вянок зь цёрну, усклалі на галаву Яму і далі Яму ў правую руку кій, і, укленчыўшы перад Ім, кпілі зь Яго, кажучы: радуйся, Цар Юдэйскі!
  • 30. і плявалі на Яго і, узяўшы кій, білі па галаве Яго.
  • 31. І калі назьдзекаваліся зь Яго, зьнялі зь Яго пурпуру і апранулі Яго ў адзежу Ягоную, і павялі Яго на крыжаваньне.
  • 32. Выходзячы, спаткалі яны аднаго Кірынеяніна, імем Сымон: яго і прымусілі несьці крыж Ягоны.
  • 33. І прыйшоўшы на месца, якое называецца Галгофа, што азначае "месца чарапоў",
  • 34. далі Яму піць воцату, зьмяшанага з жоўцю; і, пакаштаваўшы, не хацеў піць.
  • 35. Тыя, што ўкрыжавалі Яго, дзялілі вопратку Ягоную, кідаючы жэрабя;
  • 36. і, седзячы, вартавалі Яго там;
  • 37. і зьмясьцілі над галавою Ягонай надпіс зь віною Яго: Гэты ёсьць Ісус, Цар Юдэйскі.
  • 38. Тады ўкрыжавалі зь Ім двух разбойнікаў: аднаго па правы бок, а другога па левы.
  • 39. А тыя, што міма праходзілі, зьневажалі Яго, ківаючы галовамі сваімі
  • 40. і кажучы: Ты, што разбураеш храм і за тры дні будуеш! уратуй Сябе Самога. Калі Ты Сын Божы, сыйдзі з крыжа.
  • 41. Падобна і першасьвятары з кніжнікамі і старэйшынамі і фарысэямі, насьміхаючыся, казалі:
  • 42. іншых ратаваў, а Самога Сябе ня можа ўратаваць. Калі Ён Цар Ізраілеў, хай цяпер сыйдзе з крыжа, і ўверуем у Яго;
  • 43. спадзяваўся на Бога: хай цяпер выбавіць Яго, калі Ён угодны Яму. Бо Ён сказаў: Я Божы Сын.
  • 44. Таксама і разбойнікі, укрыжаваныя зь Ім, зьневажалі Яго.
  • 45. Ад шостай жа гадзіны цемра настала па ўсёй зямлі да гадзіны дзявятай.
  • 46. а каля дзявятай гадзіны ўскрыкнуў Ісус моцным голасам, кажучы: Ілі, Ілі! ламб савахвані? што азначае: Божа Мой, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакінуў?
  • 47. Некаторыя, што стаялі там, чуючы гэта, казалі: Ільлю кліча Ён.
  • 48. І адразу пабег адзін зь іх, узяў губку, намачыў у воцат і, насадзіўшы на кій, даваў Яму піць;
  • 49. а другія казалі: пастой; пабачым, ці прыйдзе Ільля ўратаваць Яго.
  • 50. А Ісус, зноў ўскрыкнуўшы моцным голасам, выпусьціў дух.
  • 51. І вось, завеса храма разадралася напалам, зьверху данізу; і зямля здрыганулася: і каменьне раскалолася;
  • 52. і магілы расчыніліся; і многія целы памерлых паўсталі;
  • 53. і выйшаўшы з магілаў пасьля ўваскрэсеньня Ягонага, увайшлі ў сьвяты горад і явіліся многім.
  • 54. А сотнік і тыя, што зь ім вартавалі Ісуса, бачачы землятрус і ўсё, што адбылося, перапалохаліся вельмі і казалі: сапраўды Ён быў Сын Божы.
  • 55. Там былі таксама і глядзелі здалёк многія жанчыны, якія ішлі сьледам за Ісусам з Галілеі, служачы Яму;
  • 56. сярод іх былі Марыя Магдаліна і Марыя, маці Якава і Ёсіі, і маці сыноў Зевядзеевых.
  • 57. Калі ж зьвечарэла, прыйшоў багаты чалавек з Арыматэі, імем Язэп, які таксама вучыўся ў Ісуса;
  • 58. ён, прыйшоўшы да Пілата, прасіў Цела Ісусавага. Тады Пілат загадаў аддаць Цела.
  • 59. І ўзяўшы Цела, Язэп абгарнуў яго чыстым палатном
  • 60. і паклаў яго ў новай сваёй магіле, якую высек у скале; і прываліўшы вялікі камень да дзьвярэй магілы, адышоў.
  • 61. Была ж там Марыя Магдаліна і другая Марыя, якія сядзелі насупраць магілы.
  • 62. На другі дзень, які ідзе за пятніцай, сабраліся першасьвятары і фарысэі да Пілата
  • 63. і казалі: спадару! мы ўспомнілі, што ашуканец той, яшчэ калі быў жывы, сказаў: "праз тры дні ўваскрэсну";
  • 64. дык вось, загадай вартаваць магілу да трэйцяга дня, каб вучні Ягоныя, прыйшоўшы ўначы, ня ўкралі Яго і не сказалі народу: "уваскрэс зь мёртвых", і будзе апошняе ашуканства горшае за першае.
  • 65. А Пілат сказаў ім: маеце варту; ідзеце, ахоўвайце, як ведаеце.
  • 66. Яны пайшлі і ахоўвалі магілу, прыклаўшы пячатку да каменя і паставіўшы варту.