Глава 5

  • 1. Убачыўшы люд, Ён узышоў на гару; і калі сеў, прыступілі да Яго вучні Ягоныя.
  • 2. І, адкрыўшы вусны Свае, Ён вучыў іх, кажучы:
  • 3. Дабрашчасныя ўбогія духам, бо іх ёсьць Царства Нябеснае.
  • 4. Дабрашчасныя тыя, што плачуць, бо яны суцешацца.
  • 5. Дабрашчасныя лагодныя, бо яны ўспадкуюць зямлю.
  • 6. Дабрашчасныя тыя, хто жадае і прагне праўды, бо яны спатоляцца.
  • 7. Дабрашчасныя міласэрныя, бо яны памілаваны будуць.
  • 8. Дабрашчасныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.
  • 9. Дабрашчасныя міратворцы, бо яны сынамі Божымі назавуцца.
  • 10. Дабрашчасныя гнаныя за праўду, бо іх ёсьць Царства Нябеснае.
  • 11. Дабрашчасныя вы, калі будуць вас ганьбіць і гнаць і ўсякім словам ліхім несправядліва зьневажаць за Мяне.
  • 12. Радуйцеся і весялецеся, бо ўзнагарода ваша вялікая на нябёсах: так гналі прарокаў, што былі перад вамі.
  • 13. Вы - соль зямлі. Калі ж соль страціць сілу, дык чым асоліш яе? Яна ўжо ні на што ня прыдатная, хіба што выкінуць яе прэч на патаптаньне людзям.
  • 14. Вы - сьвятло сьвету: ня можа схавацца горад, які стаіць на версе гары.
  • 15. І запаліўшы сьвечку, ня ставяць яе пад пасудзінаю, а на сьвечніку, і сьвеціць усім, хто ў доме.
  • 16. Так няхай сьвеціць сьвятло ваша перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і ўслаўлялі Айца вашага, Які ёсьць у нябёсах.
  • 17. Ня думайце, што Я прыйшоў парушыць закон, альбо прарокаў: не парушыць прыйшоў Я, а зьдзейсьніць.
  • 18. Бо праўду кажу вам: пакуль ня мінецца неба і зямля, ані ёта адна, ані рыска адзіная ня мінецца з закона, пакуль ня збудзецца ўсё.
  • 19. Дык вось, хто парушыць адну з запаведзяў гэтых найменшых і навучыць гэтак людзей, той найменшым назавецца ў Царстве Нябесным; а хто выканае і навучыць, той вялікім назавецца ў Царстве Нябесным.
  • 20. Бо, кажу вам, калі праведнасьць ваша не пераважыць праведнасьці кніжнікаў і фарысэяў, дык ня ўвойдзеце вы ў Царства Нябеснае.
  • 21. Вы чулі, што сказана продкам: "не забівай; а хто заб'е, падпадае суду".
  • 22. А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго марна, падпадае суду; хто ж бо скажа брату свайму "пусты чалавек", падпадае сынедрыёну; а хто скажа "неразумны", падпадае геене вогненнай.
  • 23. Дык вось, калі ты прынясеш дар твой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мбе нешта супроць цябе,
  • 24. пакінь там дар твой перад ахвярнікам, і ідзі сьпярша памірыся з братам тваім, і тады прыйдзі і прынясі дар твой.
  • 25. Мірыся з праціўнікам тваім хутчэй, пакуль ты яшчэ ў дарозе зь ім, каб не аддаў цябе праціўнік судзьдзі, а судзьдзя не аддаў цябе слузе, і ня ўкінуў цябе ў цямніцу;
  • 26. праўду кажу табе: ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга кадранта.
  • 27. Вы чулі, што сказана продкам: "Ня чыні пералюбу".
  • 28. А Я вам кажу, што кожны, хто глядзіць на жанчыну з пажадаю, ужо ўчыніў пералюб зь ёю ў сэрцы сваім.
  • 29. Калі ж правае вока тваё спакушае цябе, вырві яго і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з чэлесаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ў геену.
  • 30. І калі правая твая рука спакушае цябе, адатні яе і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з чэлесаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ў геену.
  • 31. Сказана таксама, што, калі хто разьвядзецца з жонкаю сваёю, няхай дасьць ёй разводны ліст.
  • 32. А Я вам кажу: кожны, хто разводзіцца з жонкаю сваёю, акрамя як з прычыны распусты, той даводзіць яе да пералюбу; і хто ажэніцца з разьведзенай, той чыніць пералюб.
  • 33. Зноў жа чулі вы, што сказана продкам: "Не давай ілжывай прысягі, а выконвай прад Госпадам прысягі твае".
  • 34. А Я вам кажу: не прысягай зусім: ні небам, бо яно - Трон Божы;
  • 35. ні зямлёю, бо яна падножжа нагам Ягоным; ні Ерусалімам, бо ён горад Вялікага Цара;
  • 36. ні галавою тваёю не прысягай, бо ня можаш ніводнай валасінкі зрабіць белаю альбо чорнаю.
  • 37. А хай будзе слова ваша: "так - так", "не - не"; а што звыш гэтага, тое ад ліхога.
  • 38. Вы чулі, што сказана: "Вока за вока, і зуб за зуб".
  • 39. А Я кажу вам не працівіцца злому. Калі хто цябе ўдарыць па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую;
  • 40. і калі хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе кашулю, аддай яму і вопратку;
  • 41. і калі хто цябе змусіць ісьці зь ім адно попрышча, ідзі зь ім два.
  • 42. Таму, хто просіць у цябе, дай і ад таго, хто хоча пазычыць у цябе, не адварочвайся.
  • 43. Вы чулі, што сказана: "Любі блізкага твайго і ненавідзь ворага твайго".
  • 44. А Я кажу вам: любеце ворагаў вашых, дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых, рабеце дабро ненавісьнікам вашым і малецеся за крыўдзіцеляў вашых і за ганіцеляў вашых;
  • 45. каб сталіся вы сынамі Айца вашага, Які ёсьць у нябёсах; бо Ён загадвае сонцу Свайму ўзыходзіць над ліхімі і добрымі і пасылае дождж на праведных і няправедных.
  • 46. Бо, калі вы будзеце любіць тых, што любяць вас, якая вам узнагарода? Ці ж ня тое самае робяць і мытнікі?
  • 47. І калі вы вітаеце братоў вашых толькі, што асаблівага робіце? Ці ж ня гэтак тое самае робяць і язычнікі?
  • 48. Дык вось, будзьце дасканалыя, як дасканалы Айцец ваш Нябесны.