Глава 14

< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31
  • 1. Мудрая жонка ўладкуе свой дом, а неразумная разбурыць яго сваімі рукамі.
  • 2. Хто ідзе простаю дарогаю, баіцца Госпада; а чые дарогі крывыя, той ня дбае пра Яго.
  • 3. У вуснах у немысьля - біч на яго ганарыстасьць; а вусны мудрых ахоўваюць самыя сябе.
  • 4. Дзе няма валоў, там - ясьлі пустыя; а багата ж прыбытку ад сілы валоў.
  • 5. Верны сьведка ня хлусіць, а ілжу пашырае сьведка ілжывы.
  • 6. Распусны шукае мудрасьці і не знаходзіць; а разумны лёгка набывае веды.
  • 7. Адыдзі ад чалавека пустога, у якога ты ня бачыш разумных вуснаў.
  • 8. Мудрасьць разумнага - што ён зважае на дарогу сваю, а дурасьць немысьляў - толькі ашука.
  • 9. Неразумныя сьмяюцца з грэху, а сярод праведных - Божая мілата.
  • 10. Сэрца ведае горыч сваю, і чужынец ня дзеліць радасьці ягонай.
  • 11. Дом беззаконных зруйнуецца, а жытлішча праведных расьцьвіце.
  • 12. Ёсьць шляхі, якія здаюцца чалавеку простымі; але канец іх - шлях сьмерці.
  • 13. І ад сьмеху часам баліць сэрца, і канцом радасьці бывае смутак.
  • 14. Чалавек з разбэшчаным сэрцам насыціцца ад дарог сваіх, і добры - ад сваіх.
  • 15. Немысель верыць кожнаму слову, а разумны зважае на крокі свае.
  • 16. Мудры баіцца і ўнікае зла, а неразумны раздражнёны і саманадзейны.
  • 17. Запальчывы можа ўчыніць глупства; а чалавек, які наўмысна чыніць благое, ненавісны.
  • 18. Невукі спадкуюць дурасьць, а разумных увенчваюць веды.
  • 19. Схіляцца ліхія перад добрымі, і бязбожныя - каля варот праведніка.
  • 20. Беднага ненавідзіць, бывае, нават блізкі яго, а ў багатага многа сяброў.
  • 21. Хто пагарджае блізкім сваім, той грэшыць; а мілажальны да бедных, той шчасны.
  • 22. Ці не памыляюцца тыя, што намышляюць ліхое? Мілажаль і вернасьць у тых, што намышляюць добрае.
  • 23. Ад усякае працы ёсьць прыбытак, а ад пустаслоўя толькі пахіба.
  • 24. Вянок мудрых - багацьце іхняе, а дурасьць невукаў дурасьць і ёсьць.
  • 25. Верны сьведка ратуе душы, а ілжывы нагаворвае шмат ілжы.
  • 26. У страху перад Госпадам - надзея цьвёрдая, і сынам сваім Ён прыстанішча.
  • 27. Страх Гасподні - крыніца жыцьця, што аддаляе ад сетак сьмерці.
  • 28. У мностве народу - веліч цара, а пры малалюдзтве - бяда ўладару.
  • 29. У цярплівага чалавека багата розуму, а ў палкага многа дурасьці.
  • 30. Ціхмянае сэрца - жыцьцё целу, а зайздрасьць - гнілізна касьцям.
  • 31. Хто ўціскае беднага, той ганіць Творцу яго; а хто шануе Яго, той творыць дабро беднаму.
  • 32. За ліха сваё бязбожны будзе адкінуты, а праведны і пры сьмерці сваёй мае надзею.
  • 33. Мудрасьць у сэрцы ў разумнага, і сярод неразумных яна адкрываецца.
  • 34. Праведнасьць узвышае народ, а беззаконьне - ганьба народаў.
  • 35. Ласка царова - рабу разумнаму, а гнеў цара - супроць таго, хто ганьбіць яго.