- 1. І зноў пачаў вучыць каля мора,
і сабралася да Яго народу мноства,
так што Ён увайшоў у лодку на моры і сядзеў,
а ўвесь народ быў на зямлі пры моры. - 2. І навучаў іх многа прытчамі,
і гаварыў ім у павучэнні Сваім: - 3. слухайце: вось, выйшаў сейбіт сеяць;
- 4. і сталася, калі сеяў,
адно ўпала пры дарозе,
і наляцелі птушкі ды падзяўблі тое; - 5. іншае ўпала сярод камення, дзе няшмат было зямлі,
і неўзабаве ўзышло, бо зямля была неглыбокая; - 6. калі ж сонца паднялося — завяла
і, не маючы кораня, засохла; - 7. іншае ўпала ў церні,
і выраслі церні
і заглушылі яго,
і яно не дало плоду; - 8. а іншае ўпала на добрую зямлю
і дало плод, што падымаўся і ўзрастаў,
і ўрадзіла па трыццаць,
і па шэсцьдзесят,
і па сто. - 9. І казаў: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
- 10. Калі ж Ён застаўся адзін,
тыя, што былі пры Ім, разам з дванаццаццю
спыталі Яго аб прытчы. - 11. І сказаў ім: вам дадзена ведаць тайны Царства Божага,
а тым, хто звонку, у прытчах усё даецца; - 12. каб яны, гледзячы, бачылі і не ўспрымалі,
і, слухаючы, чулі і не разумелі,
каб не звярнуліся і не былі ім адпушчаныя грахі. - 13. І кажа ім: не разумееце прытчы гэтай?
Як жа ўсе прытчы зразумееце? - 14. Сейбіт слова сее.
- 15. І вось тыя, што пры дарозе,
дзе сеецца слова:
калі пачуюць, адразу прыходзіць сатана
і забірае пасеянае ў сэрцах іх. - 16. Таксама і пасеянае сярод камення — гэта тыя,
якія, пачуўшы слова, адразу прымаюць яго з радасцю, - 17. але не маюць кораня ў сабе і нетрывалыя;
калі настане ўціск або ганенне з-за слова,
адразу спакушаюцца. - 18. А ў цернях пасеянае — гэта тыя, што чуюць слова,
- 19. але турботы гэтага веку
і спакуса багацця ды іншыя захапленні,
уваходзячы ў іх, заглушаюць слова,
і яно застаецца бясплодным. - 20. А пасеянае на добрай зямлі — гэта тыя,
якія слухаюць слова і прымаюць,
і даюць плод па трыццаць,
і па шэсцьдзесят,
і па сто. - 21. І сказаў ім: хіба свечка прыносіцца,
каб паставіць яе пад пасудзіну ці пад ложак?
хіба не дзеля таго, каб паставіць яе на падсвечнік? - 22. Бо няма нічога таемнага, каб не стала яўным,
і нішто не бывае схавана, каб не адкрылася. - 23. Калі хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
- 24. І казаў ім: заўважайце, што чуеце.
Якою мераю мераеце, такою і вам адмераецца,
і дададзена будзе вам, хто слухае. - 25. Бо хто мае, таму дадзена будзе,
а хто не мае, адымецца ў яго і тое, што мае. - 26. І казаў: так і Царства Божае,
як чалавек, калі кіне зерне ў зямлю; - 27. і спіць, і ўстае ўночы і ўдзень,
а як насенне ўзыходзіць і расце, не ведае ён. - 28. Бо зямля сама па сабе родзіць напачатку зелень,
потым колас,
тады напаўняе зерне ў коласе. - 29. Калі ж выспее плод,
адразу пасылае серп,
бо надышло жніво. - 30. І казаў: з чым параўнаем Царства Божае?
Ці якой прытчаю выявім яго? - 31. Яно як зерне гарчычнае,
што, калі сеецца ў зямлю,
то меншае за ўсё насенне на зямлі, - 32. а калі пасеяна,
вырастае і робіцца большым за ўсю зеляніну
і пускае вялікае галлё,
так што ў засені яго могуць знайсці прытулак птушкі нябесныя. - 33. І многімі такімі прытчамі абвяшчаў ім слова,
наколькі маглі яны слухаць. - 34. Без прытчы не прамаўляў да іх,
а вучням Сваім асобна тлумачыў усё. - 35. І кажа ім у той дзень з надыходам вечара: пераправімся на той бок.
- 36. І яны, адпусціўшы людзей,
бяруць Яго з сабою, як Ён быў у лодцы;
і яшчэ лодкі былі з Ім. - 37. І ўзнялася ад ветру вялікая бура;
хвалі захлёствалі лодку,
так што яна ўжо напаўнялася. - 38. А Ён на карме спаў на ўзгалоўі.
І будзяць Яго, і кажуць Яму: Настаўнік!
хіба не хвалюе Цябе, што мы гінем? - 39. І, устаўшы, Ён забараніў ветру
і кажа мору: сціхні, перастань.
І суняўся вецер і настала ціша вялікая. - 40. І кажа ім: чаго вы такія палахлівыя?
як гэта не маеце веры? - 41. І напоўніліся страхам вялікім,
і гаварылі між сабою: хто ж гэта Ён,
калі і вецер, і мора слухаюцца Яго?
Ничего нет для сопоставления.