Глава 4

  • 1. І зноў пачаў вучыць каля мора,
    і сабралася да Яго народу мноства,
    так што Ён увайшоў у лодку на моры і сядзеў,
    а ўвесь народ быў на зямлі пры моры.
  • 2. І навучаў іх многа прытчамі,
    і гаварыў ім у павучэнні Сваім:
  • 3. слухайце: вось, выйшаў сейбіт сеяць;
  • 4. і сталася, калі сеяў,
    адно ўпала пры дарозе,
    і наляцелі птушкі ды падзяўблі тое;
  • 5. іншае ўпала сярод камення, дзе няшмат было зямлі,
    і неўзабаве ўзышло, бо зямля была неглыбокая;
  • 6. калі ж сонца паднялося — завяла
    і, не маючы кораня, засохла;
  • 7. іншае ўпала ў церні,
    і выраслі церні
    і заглушылі яго,
    і яно не дало плоду;
  • 8. а іншае ўпала на добрую зямлю
    і дало плод, што падымаўся і ўзрастаў,
    і ўрадзіла па трыццаць,
    і па шэсцьдзесят,
    і па сто.
  • 9. І казаў: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
  • 10. Калі ж Ён застаўся адзін,
    тыя, што былі пры Ім, разам з дванаццаццю
    спыталі Яго аб прытчы.
  • 11. І сказаў ім: вам дадзена ведаць тайны Царства Божага,
    а тым, хто звонку, у прытчах усё даецца;
  • 12. каб яны, гледзячы, бачылі і не ўспрымалі,
    і, слухаючы, чулі і не разумелі,
    каб не звярнуліся і не былі ім адпушчаныя грахі.
  • 13. І кажа ім: не разумееце прытчы гэтай?
    Як жа ўсе прытчы зразумееце?
  • 14. Сейбіт слова сее.
  • 15. І вось тыя, што пры дарозе,
    дзе сеецца слова:
    калі пачуюць, адразу прыходзіць сатана
    і забірае пасеянае ў сэрцах іх.
  • 16. Таксама і пасеянае сярод камення — гэта тыя,
    якія, пачуўшы слова, адразу прымаюць яго з радасцю,
  • 17. але не маюць кораня ў сабе і нетрывалыя;
    калі настане ўціск або ганенне з-за слова,
    адразу спакушаюцца.
  • 18. А ў цернях пасеянае — гэта тыя, што чуюць слова,
  • 19. але турботы гэтага веку
    і спакуса багацця ды іншыя захапленні,
    уваходзячы ў іх, заглушаюць слова,
    і яно застаецца бясплодным.
  • 20. А пасеянае на добрай зямлі — гэта тыя,
    якія слухаюць слова і прымаюць,
    і даюць плод па трыццаць,
    і па шэсцьдзесят,
    і па сто.
  • 21. І сказаў ім: хіба свечка прыносіцца,
    каб паставіць яе пад пасудзіну ці пад ложак?
    хіба не дзеля таго, каб паставіць яе на падсвечнік?
  • 22. Бо няма нічога таемнага, каб не стала яўным,
    і нішто не бывае схавана, каб не адкрылася.
  • 23. Калі хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
  • 24. І казаў ім: заўважайце, што чуеце.
    Якою мераю мераеце, такою і вам адмераецца,
    і дададзена будзе вам, хто слухае.
  • 25. Бо хто мае, таму дадзена будзе,
    а хто не мае, адымецца ў яго і тое, што мае.
  • 26. І казаў: так і Царства Божае,
    як чалавек, калі кіне зерне ў зямлю;
  • 27. і спіць, і ўстае ўночы і ўдзень,
    а як насенне ўзыходзіць і расце, не ведае ён.
  • 28. Бо зямля сама па сабе родзіць напачатку зелень,
    потым колас,
    тады напаўняе зерне ў коласе.
  • 29. Калі ж выспее плод,
    адразу пасылае серп,
    бо надышло жніво.
  • 30. І казаў: з чым параўнаем Царства Божае?
    Ці якой прытчаю выявім яго?
  • 31. Яно як зерне гарчычнае,
    што, калі сеецца ў зямлю,
    то меншае за ўсё насенне на зямлі,
  • 32. а калі пасеяна,
    вырастае і робіцца большым за ўсю зеляніну
    і пускае вялікае галлё,
    так што ў засені яго могуць знайсці прытулак птушкі нябесныя.
  • 33. І многімі такімі прытчамі абвяшчаў ім слова,
    наколькі маглі яны слухаць.
  • 34. Без прытчы не прамаўляў да іх,
    а вучням Сваім асобна тлумачыў усё.
  • 35. І кажа ім у той дзень з надыходам вечара: пераправімся на той бок.
  • 36. І яны, адпусціўшы людзей,
    бяруць Яго з сабою, як Ён быў у лодцы;
    і яшчэ лодкі былі з Ім.
  • 37. І ўзнялася ад ветру вялікая бура;
    хвалі захлёствалі лодку,
    так што яна ўжо напаўнялася.
  • 38. А Ён на карме спаў на ўзгалоўі.
    І будзяць Яго, і кажуць Яму: Настаўнік!
    хіба не хвалюе Цябе, што мы гінем?
  • 39. І, устаўшы, Ён забараніў ветру
    і кажа мору: сціхні, перастань.
    І суняўся вецер і настала ціша вялікая.
  • 40. І кажа ім: чаго вы такія палахлівыя?
    як гэта не маеце веры?
  • 41. І напоўніліся страхам вялікім,
    і гаварылі між сабою: хто ж гэта Ён,
    калі і вецер, і мора слухаюцца Яго?