- 1. І сабраліся да Яго фарысеі і некаторыя з кніжнікаў,
што прыйшлі з Іерусаліма; - 2. і, убачыўшы некаторых з вучняў Яго,
як яны елі хлеб нячыстымі, гэта значыць непамытымі, рукамі,
дакаралі. - 3. Бо фарысеі і ўсе іудзеі
не ядуць, пакуль не памыюць дбайна рук,
трымаючыся падання старцаў; - 4. і пасля рынку, пакуль не амыюцца, не ядуць.
Ёсць і многае іншае, чаго яны прынялі трымацца:
абмывання чашаў, і кубкаў, і катлоў, і лаваў. - 5. Потым пытаюцца ў Яго фарысеі і кніжнікі:
чаму вучні Твае не жывуць згодна з паданнем старцаў,
а непамытымі рукамі ядуць хлеб? - 6. А Ён у адказ гаворыць ім:
добра прарочыў Ісаія пра вас, крывадушных,
як напісана: "людзі гэтыя вуснамі шануюць Мяне,
а сэрца іх далёка ад Мяне; - 7. але марна ўшаноўваюць Мяне,
навучаючы вучэнням, устанаўленням чалавечым". - 8. Бо, пакінуўшы запаведзь Божую,
трымаецеся вы падання чалавечага,
абмывання кубкаў і чашаў ды многае іншае,
падобнае да таго, робіце. - 9. І казаў ім:
хораша вы абыходзіце запаведзь Божую,
каб сваё паданне захаваць! - 10. Бо Маісей сказаў: "шануй бацьку твайго і маці тваю",
і хто зласловіць на бацьку альбо маці, няхай смерцю памрэ. - 11. А вы гаворыце: калі скажа чалавек бацьку альбо маці:
"тое, чым бы ты ад мяне пакарыстаўся,
гэта карван (што значыць дар Богу)", - 12. тады ўжо дазваляеце яму нічога не рабіць
для бацькі альбо для маці сваёй, - 13. парушаючы слова Божае паданнем вашым,
якое вы перадаяце;
і многае падобнае да таго робіце. - 14. І, паклікаўшы ўсіх людзей,
казаў ім: паслухайце Мяне ўсе і зразумейце. - 15. Няма нічога, што, уваходзячы ў чалавека звонку,
магло б апаганіць яго;
але што выходзіць з яго,
тое апаганьвае чалавека. - 16. Калі хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
- 17. І калі ад людзей Ён увайшоў у дом,
спыталіся ў Яго вучні Яго аб прытчы. - 18. І сказаў ім: няўжо і вы такія неразумныя?
Няўжо не разумееце, што ўсё тое,
што звонку ўваходзіць у чалавека,
не можа апаганіць яго? - 19. Бо не ў сэрца яго ўваходзіць, а ў чэрава,
і выходзіць прэч, таму ўсякая ежа чыстая. - 20. І казаў: тое, што выходзіць з чалавека, апаганьвае чалавека;
- 21. Бо знутры, з сэрца чалавечага помыслы ліхія выходзяць,
пралюбадзействы, блуд, забойствы, - 22. крадзяжы, ліхвярства, злоба, каварства, распуснасць,
вока зайздроснае, хуленне, ганарлівасць, шаленства; - 23. усё гэтае зло знутры выходзіць і апаганьвае чалавека.
- 24. І, рушыўшы адтуль,
пайшоў у землі Тырскія і Сідонскія;
і, увайшоўшы ў дом, не хацеў, каб хто даведаўся;
але не змог утаіцца. - 25. Бо пачула пра Яго жанчына,
дачка якой мела ў сабе нячыстага духа,
і, прыйшоўшы, упала да ног Яго; - 26. а жанчына тая была язычніца, сірафінікіянка родам;
і прасіла Яго, каб выгнаў дэмана з яе дачкі. - 27. Але Іісус сказаў ёй: дай перш насыціцца дзецям,
бо нядобра ўзяць хлеб ад дзяцей і кінуць сабачанятам. - 28. Яна ж у адказ гаворыць Яму: так, Госпадзі!
але і сабачаняты пад сталом ядуць крошкі ў дзяцей. - 29. І сказаў ёй: за гэтыя словы ідзі,
выйшаў дэман з дачкі тваёй. - 30. І, прыйшоўшы ў дом свой, яна знайшла,
што дэман выйшаў і дачка ляжыць на пасцелі. - 31. І зноў, выйшаўшы з межаў Тырскіх і Сідонскіх,
прыйшоў Іісус да мора Галілейскага ў землі Дзесяцігароддзя. - 32. І прыводзяць да Яго глухога коснаязыкага
і просяць, каб Ён усклаў руку на яго. - 33. І, адвёўшы яго ад народу ўбок,
улажыў пальцы Свае ў вушы яго
і, плюнуўшы, дакрануўся да языка яго; - 34. і, узвёўшы вочы на неба,
уздыхнуў і сказаў яму: "эффафа",
што значыць "адкрыйся". - 35. І адразу адкрыліся вушы яго
і развязаліся путы яго языка,
і пачаў гаварыць выразна. - 36. І загадаў ім, каб не казалі нікому.
Але чым больш Ён загадваў ім, тым больш абвяшчалі. - 37. І надзвычай здзіўляліся,
кажучы: добра ўсё зрабіў:
і глухім дае чуць,
і нямым гаварыць.
Ничего нет для сопоставления.