Глава 7

  • 1. І сабраліся да Яго фарысеі і некаторыя з кніжнікаў,
    што прыйшлі з Іерусаліма;
  • 2. і, убачыўшы некаторых з вучняў Яго,
    як яны елі хлеб нячыстымі, гэта значыць непамытымі, рукамі,
    дакаралі.
  • 3. Бо фарысеі і ўсе іудзеі
    не ядуць, пакуль не памыюць дбайна рук,
    трымаючыся падання старцаў;
  • 4. і пасля рынку, пакуль не амыюцца, не ядуць.
    Ёсць і многае іншае, чаго яны прынялі трымацца:
    абмывання чашаў, і кубкаў, і катлоў, і лаваў.
  • 5. Потым пытаюцца ў Яго фарысеі і кніжнікі:
    чаму вучні Твае не жывуць згодна з паданнем старцаў,
    а непамытымі рукамі ядуць хлеб?
  • 6. А Ён у адказ гаворыць ім:
    добра прарочыў Ісаія пра вас, крывадушных,
    як напісана: "людзі гэтыя вуснамі шануюць Мяне,
    а сэрца іх далёка ад Мяне;
  • 7. але марна ўшаноўваюць Мяне,
    навучаючы вучэнням, устанаўленням чалавечым".
  • 8. Бо, пакінуўшы запаведзь Божую,
    трымаецеся вы падання чалавечага,
    абмывання кубкаў і чашаў ды многае іншае,
    падобнае да таго, робіце.
  • 9. І казаў ім:
    хораша вы абыходзіце запаведзь Божую,
    каб сваё паданне захаваць!
  • 10. Бо Маісей сказаў: "шануй бацьку твайго і маці тваю",
    і хто зласловіць на бацьку альбо маці, няхай смерцю памрэ.
  • 11. А вы гаворыце: калі скажа чалавек бацьку альбо маці:
    "тое, чым бы ты ад мяне пакарыстаўся,
    гэта карван (што значыць дар Богу)",
  • 12. тады ўжо дазваляеце яму нічога не рабіць
    для бацькі альбо для маці сваёй,
  • 13. парушаючы слова Божае паданнем вашым,
    якое вы перадаяце;
    і многае падобнае да таго робіце.
  • 14. І, паклікаўшы ўсіх людзей,
    казаў ім: паслухайце Мяне ўсе і зразумейце.
  • 15. Няма нічога, што, уваходзячы ў чалавека звонку,
    магло б апаганіць яго;
    але што выходзіць з яго,
    тое апаганьвае чалавека.
  • 16. Калі хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
  • 17. І калі ад людзей Ён увайшоў у дом,
    спыталіся ў Яго вучні Яго аб прытчы.
  • 18. І сказаў ім: няўжо і вы такія неразумныя?
    Няўжо не разумееце, што ўсё тое,
    што звонку ўваходзіць у чалавека,
    не можа апаганіць яго?
  • 19. Бо не ў сэрца яго ўваходзіць, а ў чэрава,
    і выходзіць прэч, таму ўсякая ежа чыстая.
  • 20. І казаў: тое, што выходзіць з чалавека, апаганьвае чалавека;
  • 21. Бо знутры, з сэрца чалавечага помыслы ліхія выходзяць,
    пралюбадзействы, блуд, забойствы,
  • 22. крадзяжы, ліхвярства, злоба, каварства, распуснасць,
    вока зайздроснае, хуленне, ганарлівасць, шаленства;
  • 23. усё гэтае зло знутры выходзіць і апаганьвае чалавека.
  • 24. І, рушыўшы адтуль,
    пайшоў у землі Тырскія і Сідонскія;
    і, увайшоўшы ў дом, не хацеў, каб хто даведаўся;
    але не змог утаіцца.
  • 25. Бо пачула пра Яго жанчына,
    дачка якой мела ў сабе нячыстага духа,
    і, прыйшоўшы, упала да ног Яго;
  • 26. а жанчына тая была язычніца, сірафінікіянка родам;
    і прасіла Яго, каб выгнаў дэмана з яе дачкі.
  • 27. Але Іісус сказаў ёй: дай перш насыціцца дзецям,
    бо нядобра ўзяць хлеб ад дзяцей і кінуць сабачанятам.
  • 28. Яна ж у адказ гаворыць Яму: так, Госпадзі!
    але і сабачаняты пад сталом ядуць крошкі ў дзяцей.
  • 29. І сказаў ёй: за гэтыя словы ідзі,
    выйшаў дэман з дачкі тваёй.
  • 30. І, прыйшоўшы ў дом свой, яна знайшла,
    што дэман выйшаў і дачка ляжыць на пасцелі.
  • 31. І зноў, выйшаўшы з межаў Тырскіх і Сідонскіх,
    прыйшоў Іісус да мора Галілейскага ў землі Дзесяцігароддзя.
  • 32. І прыводзяць да Яго глухога коснаязыкага
    і просяць, каб Ён усклаў руку на яго.
  • 33. І, адвёўшы яго ад народу ўбок,
    улажыў пальцы Свае ў вушы яго
    і, плюнуўшы, дакрануўся да языка яго;
  • 34. і, узвёўшы вочы на неба,
    уздыхнуў і сказаў яму: "эффафа",
    што значыць "адкрыйся".
  • 35. І адразу адкрыліся вушы яго
    і развязаліся путы яго языка,
    і пачаў гаварыць выразна.
  • 36. І загадаў ім, каб не казалі нікому.
    Але чым больш Ён загадваў ім, тым больш абвяшчалі.
  • 37. І надзвычай здзіўляліся,
    кажучы: добра ўсё зрабіў:
    і глухім дае чуць,
    і нямым гаварыць.