Глава 8

  • Закрыть сопоставления
  • 1. У тыя дні,
    калі сабралася многа народу
    і не мелі чаго есці,
    Іісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, кажа ім:
  • 2. шкада Мне людзей,
    што ўжо тры дні застаюцца са Мною,
    і не маюць чаго есці;
  • 3. І калі адпушчу іх дадому галоднымі, аслабеюць у дарозе,
    бо некаторыя з іх прыйшлі здалёку.
  • 4. І адказалі Яму вучні Яго:
    адкуль можа хто накарміць іх хлебам тут, у пустыні?
  • 5. І спытаў у іх: колькі ў вас хлябоў?
    Яны адказалі: сем.
  • 6. Тады загадаў людзям узлегчы на зямлі;
    і, ўзяўшы сем хлябоў, узнёсшы падзяку, пераламіў,
    і даў вучням Сваім, каб раздавалі;
    і яны раздалі людзям.
  • 7. І мелі некалькі рыбінак:
    і благаславіўшы, Ён загадаў і іх раздаць.
  • 8. І елі, і насыціліся;
    і назбіралі рэшты кавалкаў сем кашоў.
  • 9. А было тых, што елі, каля чатырох тысяч.
    І адпусціў іх.
  • 10. І адразу ўвайшоў у лодку
    і прыбыў з вучнямі Сваімі ў межы Далмануфскія.
  • 11. І выйшлі фарысеі і пачалі спрачацца з Ім,
    дамагаючыся ад Яго знамення з неба, спакушаючы Яго.
  • 12. І Ён, уздыхнуўшы духам Сваім,
    кажа: нашто род гэты знамення патрабуе?
    Праўду кажу вам: не дасца роду гэтаму знаменне.
  • 13. І, пакінуўшы іх, зноў увайшоў у лодку
    і адправіўся на той бок.
  • 14. І забыліся вучні Яго ўзяць хлябоў,
    і акрамя аднаго хлеба не мелі з сабой у лодцы.
  • 15. І Ён наказаў ім, гаворачы: глядзіце,
    сцеражыцеся закваскі фарысейскай і закваскі Ірадавай.
  • 16. І разважалі між сабой, кажучы:
    гэта значыць, што хлябоў у нас няма.
  • 17. І, ведаючы, Іісус кажа ім: чаму разважаеце,
    што хлябоў няма ў вас?
    Няўжо яшчэ не адчуваеце і не разумееце?
    Няўжо дагэтуль скамянелае сэрца ваша?
  • 18. Вочы маючы, не бачыце?
    Вушы маючы, не чуеце?
    І не памятаеце?
  • 19. Калі пяць хлябоў пераламіў Я на пяць тысяч,
    колькі поўных кашоў кавалкаў назбіралі вы?
    Кажуць Яму: дванаццаць.
  • 20. А калі сем хлябоў на чатыры тысячы,
    колькі поўных кашоў кавалкаў вы набралі?
    Яны ж адказалі: сем.
  • 21. І сказаў ім: як жа не разумееце?
  • 22. І прыходзіць у Віфсаіду.
    І прыводзяць да Яго сляпога
    і просяць, каб да яго дакрануўся.
  • 23. І, узяўшы за руку сляпога, вывеў яго за паселішча
    і, плюнуўшы на вочы яму, усклаўшы рукі на яго,
    пытаўся ў яго, ці бачыць што.
  • 24. Той, агледзеўшыся, сказаў:
    бачу людзей, нібы дрэвы, што ходзяць.
  • 25. Потым зноў усклаў рукі на вочы яго і зрабіў яго відушчым.
    І ацаліўся, і стаў бачыць усё выразна.
  • 26. І адаслаў яго ў дом,
    кажучы: у паселішча не заходзь
    і не расказвай нікому ў паселішчы.
  • 27. І пайшоў Іісус з вучнямі Сваімі
    ў паселішчы Кесарыі Філіпавай.
    І дарогаю пытаўся ў вучняў Сваіх,
    кажучы ім: за каго Мяне прымаюць людзі?
  • 28. А яны адказалі: за Іаана Хрысціцеля,
    іншыя — за Ілію,
    а іншыя — за аднаго з прарокаў.
  • 29. Ён сказаў ім: а вы за каго прымаеце Мяне?
    І ў адказ Пётр сказаў Яму: Ты — Хрыстос.
  • 30. І загадаў ім, каб нікому не гаварылі пра Яго.
  • 31. І пачаў вучыць іх,
    што Сыну Чалавечаму належыць многа адпакутаваць,
    быць адрынутым старэйшынамі і першасвятарамі, і кніжнікамі,
    і забітым быць,
    і на трэці дзень уваскрэснуць.
  • 32. І казаў пра гэта адкрыта.
    І Пётр, адвёўшы Яго, пачаў адгаворваць Яго.
  • 33. А Ён, абярнуўшыся і паглядзеўшы на вучняў Сваіх,
    забараніў Пятру, кажучы: адыдзі ад Мяне, сатана,
    бо думаеш не пра тое, што Божае, а пра тое, што чалавечае.
  • 34. І, паклікаўшы людзей з вучнямі Сваімі,
    сказаў ім: Хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе
    і возьме крыж свой,
    і ўслед за Мной ідзе.
  • 35. Бо хто хоча душу сваю ўратаваць, той страціць яе;
    а хто страціць душу сваю дзеля Мяне і Евангелля, той уратуе яе.
  • 36. Бо якую карысць будзе мець чалавек,
    калі ён здабудзе ўвесь свет, а пашкодзіць душы сваёй?
  • 37. Альбо які выкуп дасць чалавек за душу сваю?
  • 38. Бо хто пасаромеецца Мяне і словаў Маіх
    перад родам гэтым пралюбадзейным і грэшным,
    таго і Сын Чалавечы пасаромеецца,
    калі прыйдзе ў славе Айца Свайго з ангеламі святымі.
Ничего нет для сопоставления.