Глава 8

  • Закрыть сопоставления
  • 1. І сталася пасля гэтага: Ён праходзіў па гарадах і вёсках,
    прапаведуючы і дабравесцячы Царства Божае,
    і дванаццаць з Ім,
  • 2. і некаторыя жанчыны,
    што былі ацалёныя ад духаў злых і немачаў:
    Марыя, званая Магдалінаю,
    з якой выйшла сем дэманаў,
  • 3. Іаанна, жонка Хузы, домаўпраўніка Ірадавага,
    і Сусанна,
    і многія іншыя, што служылі Яму маёмасцю сваёй.
  • 4. Калі ж сабралася мноства народу
    і з усіх гарадоў папрыходзілі да Яго,
    Ён сказаў прытчай:
  • 5. Выйшаў сейбіт сеяць насенне сваё;
    і калі сеяў,
    адно ўпала пры дарозе і было патаптана,
    і птушкі нябесныя падзяўблі яго;
  • 6. а іншае ўпала на камень
    і, узышоўшы, засохла, бо не мела вільгаці;
  • 7. а іншае ўпала ў церні,
    і выраслі церні і заглушылі яго;
  • 8. а іншае ўпала на добрую зямлю
    і, узышоўшы, урадзіла плод у сто крат.
    Сказаўшы гэта, Іісус заклікаў:
    хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
  • 9. Вучні ж Яго пыталіся ў Яго, кажучы: што б значыла прытча гэта?
  • 10. Ён жа сказаў:
    вам дадзена ведаць тайны Царства Божага,
    а астатнім — у прытчах,
    каб яны бачачы не бачылі і чуючы не разумелі.
  • 11. Вось што значыць прытча гэтая: насенне ёсць слова Божае;
  • 12. і якое пры дарозе — гэта тыя,
    што слухаюць, але потым прыходзіць дыявал
    і забірае слова з сэрцаў іх,
    каб не ўверавалі яны і не былі збаўленыя;
  • 13. а якое на камені ўпала — гэта тыя,
    што, пачуўшы, з радасцю прымаюць слова,
    але яны не маюць кораня і да часу веруюць,
    а ў час выпрабавання адпадаюць;
  • 14. а што ўпала ў церні — гэта тыя,
    што пачулі, але турботамі,
    багаццем і ўцехамі жыццёвымі на шляху сваім заглушаюцца
    і не даюць плёну;
  • 15. а што на добрай зямлі — гэта тыя,
    што, пачуўшы слова, захоўваюць яго ў шчырым і добрым сэрцы
    і даюць плод у цярплівасці.
    Сказаўшы гэта, Іісус заклікаў:
    хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
  • 16. Ніхто, запаліўшы свечку,
    не пакрывае яе пасудзінай або не ставіць пад ложак,
    а ставіць яе на падсвечнік,
    каб тыя, што ўваходзяць, бачылі святло.
  • 17. Бо няма нічога таемнага, што б не стала яўным,
    ні схаванага, што б не стала вядомым і не выявілася.
  • 18. Так што сачыце, як вы слухаеце;
    бо хто мае, таму дадзена будзе,
    а хто не мае, адымецца ў таго і тое, што ён думае, нібы мае.
  • 19. І прыйшлі да Яго Маці і браты Яго,
    і не маглі даступіцца да Яго з-за натоўпу.
  • 20. І паведамілі Яму, кажучы:
    Маці Твая і браты Твае стаяць на дварэ
    і хочуць Цябе ўбачыць.
  • 21. Ён жа сказаў ім у адказ: Маці Мая і браты Мае — гэта тыя,
    што слухаюць слова Божае і выконваюць яго.
  • 22. І сталася ў адзін з тых дзён:
    увайшоў Ён у лодку з вучнямі Сваімі
    і сказаў ім: пераправімся на той бок возера.
    І яны адплылі.
  • 23. Калі ж плылі, Ён заснуў.
    І наляцеў бурны вецер на возера,
    і пачало заліваць іх,
    і былі яны ў небяспецы.
  • 24. І, падышоўшы, разбудзілі Яго
    і сказалі: Настаўнік! Настаўнік! мы гінем!
    Ён жа, устаўшы, забараніў ветру і хвалям вады,
    і яны супакоіліся і настала ціша.
  • 25. Тады Ён сказаў ім: дзе вера ваша?
    Яны ж, спалоханыя, дзівіліся і казалі адзін аднаму:
    хто ж гэта Ён, што і вятрам загадвае і вадзе,
    і слухаюцца Яго?
  • 26. І прыплылі ў зямлю Гадарынскую,
    што насупраць Галілеі.
  • 27. Калі ж Ён выйшаў на зямлю,
    сустрэў Яго нейкі чалавек з горада,
    апантаны дэманамі з даўняга часу,
    і адзення не насіў ён,
    і ў доме не жыў, а ў магільных пячорах.
  • 28. Убачыўшы Іісуса і закрычаўшы,
    ён упаў перад Ім і моцным голасам сказаў:
    што Табе да мяне, Іісусе, Сыне Бога Ўсявышняга?
    малю Цябе, не муч мяне.
  • 29. Таму што загадаў Іісус духу нячыстаму выйсці з чалавека;
    бо доўгі час той хапаў яго,
    і звязвалі яго ланцугамі і аковамі, і сцераглі;
    але ён разрываў путы, і дэман гнаў яго ў пустыні.
  • 30. І спытаўся ў яго Іісус, кажучы: як імя тваё?
    Той адказаў: легіён;
    бо многа дэманаў увайшло ў яго.
  • 31. І яны прасілі Іісуса,
    каб не загадаў ім ісці ў бездань.
  • 32. Пасвіўся ж там вялікі статак свіней на гары;
    і папрасілі Яго дэманы, каб дазволіў ім увайсці ў іх.
    І дазволіў ім.
  • 33. І дэманы, выйшаўшы з чалавека, увайшлі ў свіней;
    і рынуўся статак з кручы ў возера і патануў.
  • 34. Пастухі ж, убачыўшы, што здарылася,
    пабеглі ды абвясцілі ў горадзе і ў вёсках.
  • 35. І людзі выйшлі пабачыць, што здарылася;
    і прыйшлі да Іісуса
    і знайшлі, што чалавек, з якога выйшлі дэманы,
    сядзіць каля ног Іісуса
    адзеты і пры розуме;
    і спалохаліся.
  • 36. А тыя, хто бачыў, расказалі ім, як быў выратаваны апантаны.
  • 37. І прасіў Яго ўвесь люд краю Гадарынскага
    адысці ад іх,
    бо страхам вялікім былі яны ахоплены.
    І Ён, увайшоўшы ў лодку, вярнуўся.
  • 38. А чалавек, з якога выйшлі дэманы,
    прасіў Яго, каб быць з Ім.
    Але Іісус адпусціў яго, кажучы:
  • 39. вяртайся ў дом твой
    і расказвай, што зрабіў табе Бог.
    І ён пайшоў, абвяшчаючы па ўсім горадзе,
    што зрабіў яму Іісус.
  • 40. І сталася: калі вярнуўся Іісус,
    народ прыняў Яго, бо ўсе чакалі Яго.
  • 41. І вось прыйшоў чалавек, імем Іаір,
    які быў старэйшынам сінагогі;
    і, упаўшы да ног Іісуса, ён прасіў Яго ўвайсці ў дом яго,
  • 42. бо ў яго была адзіная дачка, гадоў дванаццаці,
    і яна памірала.
    Калі ж Ён ішоў, народ напіраў на Яго.
  • 43. І жанчына,
    якая мела кровацячэнне ўжо дванаццаць гадоў,
    і патраціла на лекараў усю маёмасць
    ды ні ў аднаго не магла вылечыцца,
  • 44. падышоўшы ззаду, дакранулася да краю вопраткі Яго;
    і адразу спынілася кровацячэнне ў яе.
  • 45. І сказаў Іісус: хто дакрануўся да Мяне?
    Калі ж адмаўляліся ўсе,
    казаў Пётр і тыя, што з ім:
    Настаўнік! народ абступіў Цябе і напірае,
    а Ты гаворыш: хто дакрануўся да Мяне?
  • 46. Але Іісус сказаў: дакрануўся нехта да Мяне,
    бо Я адчуў сілу, што выйшла з Мяне.
  • 47. Жанчына, убачыўшы, што не ўтаілася,
    дрыжучы, падышла
    і, упаўшы перад Ім,
    паведаміла Яму перад усім народам,
    з якой прычыны дакранулася да Яго
    і як ацалілася адразу.
  • 48. Ён жа сказаў ёй: мацуйся, дачка!
    вера твая ўратавала цябе;
    ідзі з мірам.
  • 49. Яшчэ калі Ён гаварыў,
    прыходзіць нехта з дому старэйшыны сінагогі
    і кажа яму: памерла дачка твая,
    не турбуй ужо Настаўніка.
  • 50. Іісус жа, пачуўшы гэта,
    сказаў, звяртаючыся да яго: не бойся, толькі веруй,
    і яна будзе ўратаваная.
  • 51. І, прыйшоўшы ў дом,
    Ён не дазволіў увайсці нікому, апрача Пятра, Іаана і Іакава,
    і бацькі дзяўчынкі і маці.
  • 52. Усе плакалі і рыдалі па ёй.
    Ён жа сказаў: не плачце,
    яна не памерла, а спіць.
  • 53. І насміхаліся з Яго,
    ведаючы, што яна памерла.
  • 54. Ён жа, выправадзіўшы ўсіх прэч
    і ўзяўшы яе за руку, усклікнуў, кажучы: дзяўчынка! устань.
  • 55. І вярнуўся дух яе і паднялася адразу;
    і Ён загадаў даць ёй есці.
  • 56. І моцна ўразіліся бацькі яе.
    Ён жа загадаў ім не расказваць нікому пра тое, што адбылося.
Ничего нет для сопоставления.