- 1. Калі ж Ён скончыў усе словы Свае да народа,
які слухаў, то ўвайшоў у Капернаум. - 2. У аднаго сотніка
раб, якім ён даражыў,
быў хворы пры смерці. - 3. Пачуўшы ж пра Іісуса,
ён паслаў да Яго старэйшын Іудзейскіх,
просячы Яго, каб прыйшоў ацаліць раба яго. - 4. І яны, прыйшоўшы да Іісуса, настойліва прасілі Яго,
гаворачы: ён варты, каб Ты зрабіў для яго гэта, - 5. бо ён любіць народ наш
і сінагогу збудаваў для нас. - 6. Іісус пайшоў з імі.
І калі ўжо Ён быў недалёка ад дома,
паслаў да Яго сотнік сяброў
сказаць Яму: Госпадзі! не турбуйся,
бо я не варты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах; - 7. таму і сябе самога я не палічыў годным, каб прыйсці да Цябе;
але скажы слова, і выздаравее слуга мой. - 8. Бо і я, чалавек, падпарадкаваны ўладзе,
але, маючы пад сабою воінаў,
кажу аднаму: "ідзі", і ідзе;
і другому: "прыйдзі", і прыходзіць;
і рабу майму: "зрабі гэта", і робіць. - 9. Пачуўшы гэта, Іісус здзівіўся яму
і, павярнуўшыся, сказаў народу, які ішоў за Ім:
кажу вам, што і ў Ізраілі не знайшоў Я такой веры. - 10. І, вярнуўшыся ў дом, пасланыя
знайшлі хворага раба здаровым. - 11. І сталася пасля гэтага:
пайшоў Іісус у горад, які называўся Наін;
і з Ім ішлі многія вучні Яго і мноства народу. - 12. Калі ж Ён наблізіўся да гарадской брамы,
якраз, выносілі памерлага,
адзінага сына ў маці сваёй, а яна была ўдава;
і шмат людзей з горада было з ёю. - 13. Убачыўшы яе, Гасподзь злітаваўся над ёю
і сказаў ёй: не плач. - 14. І, падышоўшы, дакрануўся да насілак;
тыя, што неслі, спыніліся;
і сказаў: юнак! табе кажу, устань. - 15. І сеў мёртвы, і пачаў гаварыць;
і аддаў яго Іісус маці яго. - 16. І ахапіў усіх страх,
і славілі Бога,
кажучы: вялікі прарок паўстаў сярод нас,
і наведаў Бог народ Свой. - 17. І гэтае слова пра Яго разышлося па ўсёй Іудзеі
і па ўсім наваколлі. - 18. І паведамілі Іаану вучні яго пра ўсё гэта.
- 19. І, паклікаўшы дваіх з вучняў сваіх,
Іаан паслаў іх да Іісуса спытаць:
ці Той Ты, Які мае прыйсці,
ці чакаць нам другога? - 20. Прыйшоўшы да Яго, гэтыя мужы сказалі:
Іаан Хрысціцель паслаў нас да Цябе спытаць:
ці Той Ты, Які мае прыйсці,
ці чакаць нам другога? - 21. А ў гэты час
Ён многіх ацаліў ад хвароб і немачаў і злых духаў
і многім сляпым падараваў зрок. - 22. І сказаў ім Іісус у адказ:
пайдзіце, паведаміце Іаану, што вы бачылі і чулі:
як сляпыя робяцца відушчымі,
кульгавыя ходзяць,
пракажоныя ачышчаюцца,
глухія чуюць,
мёртвыя ўваскрасаюць,
убогія дабравесцяць; - 23. і блажэнны, хто не спакусіцца аба Мне.
- 24. А калі адышлі пасланцы Іаанавы,
пачаў Ён гаварыць народу пра Іаана:
што глядзець хадзілі вы ў пустыню?
трысціну, ветрам калыханую? - 25. Што ж глядзець хадзілі вы?
чалавека, убранага ў мяккае адзенне?
Але хто ў пышных уборах і ў раскошы жыве,
тыя ў царскіх палацах. - 26. Што ж глядзець хадзілі вы?
прарока?
Так, кажу вам, і больш, чым прарока. - 27. Гэта той, пра каго напісана:
"вось, Я пасылаю Ангела Майго перад абліччам Тваім,
які падрыхтуе шлях Твой перад Табою". - 28. Бо кажу вам: з народжаных жанчынамі
няма ніводнага прарока, большага за Іаана Хрысціцеля;
але меншы ў Царстве Божым большы за яго. - 29. І ўвесь народ, што слухаў,
і мытнікі прызналі правату Бога,
хрысціўшыся хрышчэннем Іаанавым; - 30. а фарысеі і законнікі адкінулі волю Божую наконт сябе,
не хрысціўшыся ад яго. - 31. І сказаў Гасподзь:
з кім жа параўнаю людзей роду гэтага?
і да каго яны падобныя? - 32. Яны падобныя да дзяцей, якія сядзяць на рынку
і аклікаюць адны другіх і гавораць:
мы ігралі вам на дудцы, а вы не танцавалі,
мы спявалі вам жалобнае, а вы не плакалі. - 33. Бо прыйшоў Іаан Хрысціцель:
ні хлеба не есць, ні віна не п’е;
і вы кажаце: у ім дэман. - 34. Прыйшоў Сын Чалавечы: есць і п’е;
і вы кажаце: вось чалавек, які любіць есці і віно піць,
сябра мытнікам і грэшнікам. - 35. І апраўдана мудрасць усімі дзецьмі яе.
- 36. Нехта з фарысеяў прасіў Яго паесці разам з ім,
і Ён, увайшоўшы ў дом фарысея, узлёг. - 37. І вось, жанчына з таго горада, якая была грэшніцай,
даведаўшыся, што Ён узляжыць у доме фарысея,
прынесла алебастравую пасудзіну міра - 38. і, стаўшы ззаду каля ног Яго, плачучы,
пачала абліваць слязьмі ногі Яго
і валасамі галавы сваёй выцірала,
і цалавала ногі Яго,
і мазала мірам. - 39. Убачыўшы гэта, фарысей, які запрасіў Яго,
сказаў сам сабе: калі б Ён быў прарокам,
то ведаў бы, хто і якая гэта жанчына дакранаецца да Яго,
бо яна грэшніца. - 40. І, адказваючы, Іісус сказаў яму:
Сімане! Я маю нешта сказаць табе.
Той прамовіў: скажы, Настаўнік. - 41. Іісус сказаў: у аднаго пазыкадаўцы было два даўжнікі:
адзін быў павінен пяцьсот дынарыяў,
а другі — пяцьдзесят; - 42. але, паколькі яны не мелі чым заплаціць, ён дараваў абодвум.
Каторы з іх, скажы, больш узлюбіць яго? - 43. І сказаў Сіман у адказ: думаю, той, якому больш дараваў.
Ён жа сказаў яму: правільна ты рассудзіў. - 44. І, павярнуўшыся да жанчыны,
сказаў Сіману: бачыш гэтую жанчыну?
Я ўвайшоў у дом твой,
і ты вады Мне на ногі не даў;
а яна слязамі абліла Мне ногі
і валасамі галавы сваёй выцерла. - 45. Ты цалавання Мне не даў;
а яна з таго часу, як Я ўвайшоў,
не пераставала цалаваць Мне ногі. - 46. Ты галавы Маёй алеем не памазаў,
яна ж мірам памазала Мне ногі. - 47. А таму кажу табе:
адпускаюцца грахі яе многія,
бо яна ўзлюбіла многа;
а каму мала адпускаецца, той мала любіць. - 48. І ёй сказаў: адпускаюцца табе грахі.
- 49. І пачалі тыя, што ўзляжалі з Ім, гаварыць самі сабе:
хто Ён, што і грахі адпускае? - 50. Ён жа сказаў жанчыне: вера твая ўратавала цябе;
ідзі з мірам.
Ничего нет для сопоставления.