- 1. Тым часам,
калі сабраліся многія тысячы людзей,
так што ціснулі адзін аднаго,
Ён пачаў гаварыць найперш вучням Сваім:
сцеражыцеся закваскі фарысейскай, гэта значыць крывадушнасці. - 2. Няма нічога схаванага, што не адкрыецца,
і таемнага, што не стане вядомым; - 3. таму ўсё, што казалі вы ў цемры, пры святле пачута будзе;
і што вы прамовілі на вуха ў пакоі, будзе абвешчана на дахах. - 4. Кажу ж вам, сябрам Маім:
не бойцеся тых, што забіваюць цела
і пасля гэтага нічога больш не могуць зрабіць; - 5. але ўкажу вам, каго баяцца:
бойцеся таго, хто, забіўшы, мае ўладу ўкінуць у геену;
так, кажу вам, яго бойцеся. - 6. Ці не пяць вераб’ёў прадаюцца за два асарыі?
і ніводзін з іх не забыты перад Богам. - 7. А ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны.
Таму не бойцеся: вы больш вартыя, чым мноства вераб’ёў. - 8. Гавару ж вам:
кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі,
таго і Сын Чалавечы вызнае перад Ангеламі Божымі; - 9. а хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі,
той адрынуты будзе перад Ангеламі Божымі. - 10. І кожнаму,
хто скажа слова на Сына Чалавечага, даравана будзе;
а хто будзе зневажаць Духа Святога, таму не будзе даравана. - 11. Калі ж прывядуць вас у сінагогі і да начальства і да ўлад,
не турбуйцеся, як ці што адказаць, альбо што гаварыць; - 12. бо Святы Дух навучыць вас у тую гадзіну, што трэба казаць.
- 13. І сказаў Яму нехта з народу: Настаўнік!
скажы брату майму, каб ён раздзяліў са мною спадчыну. - 14. Ён жа сказаў яму: чалавеча,
хто Мяне паставіў судзіць або дзяліць вас? - 15. І сказаў ім:
глядзіце, захоўвайце сябе ад хцівасці,
бо нічыё жыццё не залежыць ад празмернай яго маёмасці. - 16. І расказаў ім прытчу, гаворачы:
у аднаго багатага чалавека добра ўрадзіла зямля. - 17. І ён разважаў, сам сабе кажучы: што мне рабіць?
не маю куды сабраць свой ураджай. - 18. І сказаў: вось што зраблю:
разбяру свірны мае і большыя збудую,
і збяру туды ўсе плады свае і ўсё дабро сваё; - 19. і скажу душы сваёй:
душа! маеш многа дабра, на многія гады складзенага —
адпачывай, еш, пі, весяліся. - 20. А Бог сказаў яму: неразумны!
у гэтую ноч душу тваю забяруць ад цябе;
а тое, што ты назапасіў, каму дастанецца? - 21. Так бывае з тым, хто збірае скарбы для сябе,
а не ў Бога багацее. - 22. І сказаў вучням Сваім: дзеля таго кажу вам:
не турбуйцеся для душы вашай, што будзеце есці,
ні для цела, у што апранецеся; - 23. душа больш значыць за ежу,
а цела за адзенне. - 24. Паглядзіце на воранаў: яны не сеюць, не жнуць,
не маюць ні каморы, ні свірна,
і Бог корміць іх. Наколькі ж вы лепшыя за птушак! - 25. І хто з вас, турбуючыся,
можа падоўжыць свой век хоць на адзін локаць? - 26. Дык вось, калі і найменшага не можаце,
чаго пра іншае турбуецеся? - 27. Паглядзіце на лілеі, як яны растуць:
не працуюць, не прадуць;
але кажу вам, што і Саламон ва ўсёй славе сваёй
так не апранаўся, як кожная з іх. - 28. Калі ж траву,
якая сёння ў полі, а заўтра ў печ будзе ўкінутая,
Бог убірае так,
то тым болей вас, малаверы! - 29. І вы не шукайце, што вам есці, ці што піць,
і не клапаціцеся, - 30. бо ўсяго гэтага шукаюць народы свету;
Айцец жа ваш ведае, што вы маеце патрэбу ў гэтым; - 31. шукайце толькі Царства Божага,
і гэта ўсё дадасца вам. - 32. Не бойся, малое стада!
Бо Айцец ваш меў ласку даць вам Царства. - 33. Прадайце маёмасць вашую і раздайце як міласціну.
Рыхтуйце сабе мяхі, якія не зношваюцца,
скарб невычэрпны на нябёсах,
куды злодзей не набліжаецца і дзе моль не знішчае; - 34. бо дзе скарб ваш, там і сэрца ваша будзе.
- 35. Няхай будуць паясніцы вашыя падперазанымі і свяцільнікі запаленымі;
- 36. а вы — падобнымі да людзей,
што чакаюць гаспадара свайго, калі ён вернецца з вяселля,
каб, як прыйдзе і пастукае, адразу адчыніць яму. - 37. Блажэнныя рабы тыя,
якіх, прыйшоўшы, гаспадар застане нядрэмнымі;
праўду кажу вам: падперажэцца ён і пасадзіць іх за стол,
і, падышоўшы, будзе прыслужваць ім. - 38. І калі прыйдзе ў другую варту,
і калі ў трэцюю варту прыйдзе,
і застане іх такімі, то блажэнныя рабы тыя. - 39. Вось што ведайце: калі б гаспадар дома ведаў,
у які час прыйдзе злодзей, то не спаў бы
і не дазволіў бы падкапаць дом свой. - 40. Будзьце ж і вы гатовыя,
бо ў час, пра які не думаеце, Сын Чалавечы прыйдзе. - 41. Тады сказаў Яму Пётр: Госпадзі!
нам прытчу гэтую гаворыш, ці ўсім? - 42. А Гасподзь сказаў:
Хто ж ёсць верны домаўпраўнік і мудры,
якога паставіць гаспадар над чэляддзю сваёю,
каб даваў ім у свой час меру хлеба? - 43. Блажэнны раб той,
якога гаспадар яго, прыйшоўшы, застане, што ён робіць так; - 44. праўду кажу вам,
што над усёй маёмасцю сваёю паставіць яго. - 45. Калі ж скажа раб той у сэрцы сваім:
"не хутка гаспадар мой прыйдзе",
і пачне біць слуг і служанак,
есці і піць, і напівацца, — - 46. прыйдзе гаспадар раба таго
ў дзень, у які ён не чакае,
і ў гадзіну, якой ён не ведае,
і рассячэ яго напалам,
і вызначыць яму адзін лёс з нявернымі. - 47. Той раб,
які ведаў волю гаспадара свайго
і не падрыхтаваўся
і не зрабіў па волі яго,
будзе біты многа; - 48. а той,
які не ведаў,
але зрабіў нешта вартае пакарання,
будзе біты мала.
З кожнага, каму дадзена многа, многа будзе спагнана з яго,
і каму даручана многае, большага будуць патрабаваць ад яго. - 49. Агонь прыйшоў Я звесці на зямлю,
і як хачу Я, каб ён ужо загарэўся! - 50. Хрышчэннем маю Я быць ахрышчаны,
і як Я тамлюся, пакуль гэта не здзейсніцца! - 51. Вы думаеце, што Я прыйшоў даць мір на зямлі?
не, кажу вам, а хутчэй раздзяленне; - 52. бо ад гэтага часу пяцёра ў адным доме будуць раздзеленыя:
трое супраць двух і двое супраць трох; - 53. раздзеляцца: бацька супраць сына, і сын супраць бацькі;
маці супраць дачкі, і дачка супраць маці;
свякроў супраць нявесткі сваёй,
і нявестка супраць свекрыві сваёй. - 54. Гаварыў Ён і народу:
калі вы бачыце, што хмара падымаецца з захаду,
адразу кажаце: "будзе дождж",
і бывае так; - 55. і калі дзьме паўднёвы вецер,
кажаце: "будзе спёка",
і бывае. - 56. Крывадушнікі! аблічча зямлі і неба распазнаваць умееце,
як жа часу гэтага не распазнаяце? - 57. Чаму ж вы і самі па сабе не судзіце, што правільнае?
- 58. Бо калі ты ідзеш з праціўнікам сваім да начальніка,
то па дарозе пастарайся пазбавіцца ад яго,
каб ён не пацягнуў цябе да суддзі,
а суддзя не аддаў цябе прыставу,
а прыстаў не кінуў цябе ў цямніцу; - 59. кажу табе: не выйдзеш адтуль,
пакуль не аддасі і апошняга гроша.
Ничего нет для сопоставления.