Глава 17

  • Закрыть сопоставления
  • 1. Сказаў жа Ён вучням Сваім:
    немагчыма, каб не прыйшлі спакусы,
    але гора таму, праз каго яны прыходзяць;
  • 2. лепш было б яму,
    калі б жарон млыновы павесілі на шыю яму ды ўкінулі ў мора,
    чым каб ён спакусіў аднаго з малых гэтых.
  • 3. Будзьце ўважлівымі да сябе.
    Калі саграшыць супраць цябе брат твой, выгавары яму,
    і калі пакаецца, даруй яму;
  • 4. і калі сем разоў на дзень саграшыць супраць цябе,
    і сем разоў на дзень звернецца,
    кажучы: каюся, —
    даруй яму.
  • 5. І сказалі Апосталы Госпаду: прымнож нам веру.
  • 6. Гасподзь жа сказаў:
    калі б вы мелі веру з гарчычнае зерне
    і сказалі шаўкоўніцы гэтай:
    вырвіся з коранем і перасадзіся ў мора, —
    і яна паслухалася б вас.
  • 7. Хто з вас, маючы раба, які арэ ці пасе,
    пасля вяртання яго з поля,
    скажа яму: адразу ж ідзі за стол?
  • 8. А хіба не скажа яму: прыгатуй мне павячэраць
    і, падперазаўшыся, служы мне,
    пакуль буду есці і піць,
    а потым еж і пі сам?
  • 9. Ці падзякуе ён рабу гэтаму,
    што зрабіў загаданае? Не думаю.
  • 10. Так і вы, калі зробіце ўсё загаданае вам,
    кажыце: мы нічога не вартыя рабы,
    бо зрабілі тое, што павінны зрабіць.
  • 11. І сталася: ідучы ў Іерусалім,
    Ён праходзіў паміж Самарыяй і Галілеяй.
  • 12. І калі ўваходзіў Ён у нейкае паселішча,
    сустрэлі Яго дзесяць чалавек пракажоных,
    якія спыніліся воддаль;
  • 13. і яны голасна казалі:
    Іісусе Настаўнік, памілуй нас.
  • 14. І, убачыўшы, Ён сказаў ім:
    ідзіце, пакажыцеся святарам.
    І сталася: калі яны ішлі — ачысціліся.
  • 15. Адзін жа з іх,
    убачыўшы, што ацаліўся, вярнуўся,
    голасна славячы Бога,
  • 16. і ўпаў ніц да ног Яго, дзякуючы Яму,
    і гэта быў Самаранін.
  • 17. І ў адказ Іісус сказаў:
    ці не дзесяць ачысціліся?
    а дзе ж дзевяць?
  • 18. хіба не знайшлося з іх нікога,
    хто б вярнуўся аддаць хвалу Богу,
    акрамя гэтага іншародца?
  • 19. І сказаў яму: устань і ідзі,
    вера твая ўратавала цябе.
  • 20. А як спыталіся фарысеі, калі прыйдзе Царства Божае,
    Ён, адказваючы ім, сказаў: не прыйдзе Царства Божае прыкметна,
  • 21. і не скажуць: вось, яно тут, ці: вось, там.
    Бо вось, Царства Божае ўнутры вас.
  • 22. Сказаў жа вучням Сваім: прыйдуць дні,
    калі пажадаеце ўбачыць хоць бы адзін з дзён Сына Чалавечага,
    і не ўбачыце;
  • 23. і скажуць вам: вось, тут, ці: вось, там, —
    не выходзьце і не ганяйцеся;
  • 24. бо як маланка, бліскаючы,
    ад аднаго краю нябёс да другога свеціць,
    так будзе Сын Чалавечы ў дзень Свой.
  • 25. Але перш належыць Яму многа адпакутаваць
    і быць адрынутым родам гэтым.
  • 26. І як было ў дні Ноя,
    так будзе і ў дні Сына Чалавечага:
  • 27. елі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж
    да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг;
    і прыйшоў патоп і вынішчыў усіх.
  • 28. Таксама, як было і ў дні Лота:
    елі, пілі, куплялі, прадавалі, садзілі, будавалі;
  • 29. а ў той дзень, калі выйшаў Лот з Садома,
    праліліся дажджом з неба агонь і сера і вынішчылі ўсіх;
  • 30. так будзе і ў той дзень, калі Сын Чалавечы явіцца.
  • 31. У той дзень хто будзе на даху, а рэчы яго ў доме,
    няхай не сыходзіць узяць іх;
    і хто будзе на полі, таксама няхай не вяртаецца назад.
  • 32. Памятайце пра жонку Лотаву.
  • 33. Хто будзе старацца ўратаваць душу сваю, той загубіць яе,
    а хто загубіць яе, той ажывіць яе.
  • 34. Кажу вам: у тую ноч будуць двое на адной пасцелі:
    адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты;
  • 35. будуць дзве разам малоць:
    адна будзе ўзята, а другая пакінута;
  • 36. двое будуць на полі:
    адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты.
  • 37. І ў адказ сказалі Яму: дзе, Госпадзі?
    Ён жа сказаў ім: дзе цела, там збяруцца і арлы.
Ничего нет для сопоставления.