Глава 10

  • Закрыть сопоставления
  • 1. Пасля гэтага
    абраў Гасподзь і іншых семдзесят вучняў
    і паслаў іх па двое перад абліччам Сваім
    у кожны горад і месца, куды Сам збіраўся ісці,
  • 2. і казаў ім: жніва многа, а работнікаў мала;
    таму маліце Гаспадара жніва,
    каб вывеў работнікаў на жніво Сваё.
  • 3. Ідзіце!
    вось Я пасылаю вас як ягнят пасярод ваўкоў.
  • 4. Не бярыце з сабой ні мяшка, ні торбы, ні абутку
    і нікога ў дарозе не вітайце.
  • 5. Калі ж у які дом увойдзеце,
    перш кажыце: мір дому гэтаму;
  • 6. і калі там будзе сын міру, то спачне на ім мір ваш;
    а калі не, то да вас вернецца;
  • 7. і ў тым доме заставайцеся,
    ешце і піце, што ў іх ёсць;
    бо работнік дастойны ўзнагароды сваёй.
    Не пераходзьце з дому ў дом.
  • 8. І калі ў які горад прыйдзеце і прымуць вас,
    ешце, што вам пададуць;
  • 9. і ацаляйце хворых, якія ёсць там,
    і кажыце ім: наблізілася да вас Царства Божае.
  • 10. А калі ў які горад прыйдзеце і не прымуць вас,
    то, выйшаўшы на вуліцы яго, скажыце:
  • 11. і пыл, што прыстаў да нас з горада вашага, мы абтрасаем вам;
    аднак тое ведайце, што наблізілася да вас Царства Божае;
  • 12. кажу вам, што Садому ў дзень той лягчэй будзе,
    чым гораду таму.
  • 13. Гора табе, Харазіне! гора табе, Віфсаіда!
    бо калі б у Тыры і Сідоне явіліся сілы, яўленыя ў вас,
    яны б даўно ўжо, седзячы ў валасяніцы і попеле, пакаяліся;
  • 14. але Тыру і Сідону лягчэй будзе на судзе, чым вам.
  • 15. І ты, Капернауме,
    што да неба ўзвысіўся, да пекла будзеш нізрынуты.
  • 16. Хто слухае вас, Мяне слухае;
    і хто адвяргае вас, Мяне адвяргае;
    а хто адвяргае Мяне, адвяргае Таго, Хто паслаў Мяне.
  • 17. Вярнуліся ж семдзесят з радасцю,
    гаворачы: Госпадзі! і дэманы пакараюцца нам у імя Тваё.
  • 18. Ён жа сказаў ім: бачыў Я сатану,
    што як маланка з неба ўпаў;
  • 19. Вось Я даю вам уладу
    наступаць на змеяў і скарпіёнаў
    і на ўсю сілу варожую,
    і нішто не пашкодзіць вам;
  • 20. аднак таму не радуйцеся, што духі вам пакараюцца,
    а радуйцеся, што імёны вашы запісаны на нябёсах.
  • 21. У той час узрадаваўся духам Іісус
    і сказаў: слаўлю Цябе, Ойча, Госпадзі неба і зямлі,
    што Ты ўтаіў гэта ад мудрых і разумных
    і адкрыў гэта малым дзецям.
    Так, Ойча! бо гэта было добраўгодна перад Табою.
  • 22. І, павярнуўшыся да вучняў,
    сказаў: усё Мне перададзена Айцом Маім,
    і хто ёсць Сын, не ведае ніхто, акрамя Айца,
    і хто ёсць Айцец, не ведае ніхто, акрамя Сына,
    і каму Сын хоча адкрыць.
  • 23. І, павярнуўшыся да вучняў, асобна сказаў:
    блажэнныя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце;
  • 24. бо кажу вам, што многія прарокі і цары
    хацелі ўбачыць тое, што вы бачыце, і не ўбачылі,
    і пачуць тое, што вы чуеце, і не пачулі.
  • 25. І вось, устаў нейкі законнік
    і, спакушаючы Яго, сказаў: Настаўнік!
    Што мне рабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?
  • 26. Ён жа сказаў яму: у законе што напісана? як чытаеш?
  • 27. Той жа сказаў у адказ:
    "узлюбі Госпада Бога твайго
    ўсім сэрцам тваім,
    і ўсёй душою тваёю,
    і ўсёй сілаю тваёю,
    і ўсім разуменнем тваім",
    і "бліжняга твайго, як самога сябе".
  • 28. Іісус сказаў яму: правільна ты адказаў;
    рабі гэта, і будзеш жыць.
  • 29. Але той, хочучы апраўдаць сябе,
    сказаў Іісусу: а хто мой бліжні?
  • 30. На гэта Іісус сказаў:
    чалавек нейкі ішоў з Іерусаліма ў Іерыхон
    і трапіў да разбойнікаў,
    якія раздзелі яго і паранілі,
    і пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога.
  • 31. Выпадкова адзін святар ішоў тою дарогаю
    і, убачыўшы яго, прайшоў міма.
  • 32. Таксама і левіт, быўшы на тым месцы,
    падышоў і, убачыўшы, прайшоў міма.
  • 33. А нейкі Самаранін, што быў ў дарозе, натрапіў на яго
    і, ўбачыўшы яго, зжаліўся,
  • 34. і, падышоўшы, перавязаў раны яго, узліваючы алей і віно;
    і, пасадзіўшы яго на сваю жывёліну, прывёз яго ў гасцініцу
    і паклапаціўся пра яго;
  • 35. а на другі дзень, ад’язджаючы,
    дастаў два дынарыі і даў гаспадару гасцініцы,
    і сказаў яму: паклапаціся пра яго,
    а калі болей што патраціш,
    я, як вярнуся, аддам табе.
  • 36. Каторы з гэтых трох, здаецца табе,
    быў бліжнім таму, хто трапіў да разбойнікаў?
  • 37. Ён сказаў: той, што ўчыніў міласць яму.
    Сказаў жа яму Іісус: ідзі, і ты рабі гэтак.
  • 38. І сталася: калі яны былі ў дарозе, зайшоў Ён у адно паселішча;
    і жанчына нейкая, імем Марфа, прыняла Яго ў дом свой;
  • 39. і была ў яе сястра, што звалася Марыя,
    якая, сеўшы каля ног Іісуса, слухала слова Яго.
  • 40. Марфа ж клапацілася, каб як найлепш услужыць,
    і, падышоўшы, сказала: Госпадзі! ці ж не абыякава Табе,
    што сястра мая адну мяне пакінула ўслужваць?
    скажы ёй, каб дапамагла мне.
  • 41. Іісус жа сказаў ёй у адказ: Марфа! Марфа!
    ты клапоцішся і турбуешся пра многае,
  • 42. а толькі адно патрэбна;
    Марыя ж выбрала добрую долю,
    якая не адымецца ў яе.
Ничего нет для сопоставления.