Глава 20

  • Закрыть сопоставления
  • 1. І сталася ў адзін з тых дзён:
    калі Ён вучыў народ у храме і дабравесціў,
    прыйшлі першасвятары і кніжнікі са старэйшынамі
  • 2. і сказалі Яму, гаворачы:
    скажы нам, якою ўладаю Ты гэта робіш
    альбо хто даў Табе ўладу гэтую?
  • 3. І, адказваючы, Ён сказаў ім: спытаю ў вас і Я адну рэч,
    і скажыце Мне:
  • 4. хрышчэнне Іаанава з неба было ці ад людзей?
  • 5. Яны ж разважалі паміж сабою,
    гаворачы: калі скажам: "з неба",
    то скажа: "чаму ж вы не паверылі яму?"
  • 6. а калі ж скажам: "ад людзей",
    то ўвесь народ каменнем паб’е нас,
    бо ён перакананы, што Іаан — гэта прарок.
  • 7. І адказалі, што не ведаюць, адкуль.
  • 8. Іісус жа сказаў ім:
    і Я не скажу вам, якою ўладаю гэта раблю.
  • 9. І пачаў Ён казаць народу прытчу гэтую:
    адзін чалавек пасадзіў вінаград
    і аддаў яго вінаградарам,
    і адлучыўся на доўгі час;
  • 10. і ў пэўную пару паслаў да вінаградараў раба,
    каб далі яму пладоў з вінаградніка;
    але вінаградары, набіўшы яго, адаслалі ні з чым.
  • 11. І паслаў яшчэ другога раба;
    але яны і таго, набіўшы і зняважыўшы, адаслалі ні з чым.
  • 12. І паслаў яшчэ трэцяга,
    але яны і таго, параніўшы, прагналі.
  • 13. Тады сказаў гаспадар вінаградніка: што мне рабіць?
    пашлю сына майго ўзлюбленага,
    можа, яго ўбачыўшы, яны пасаромеюцца.
  • 14. Але, убачыўшы яго, вінаградары разважалі між сабою,
    кажучы: гэта спадкаемец;
    хадзем, заб’ем яго, і спадчына будзе наша.
  • 15. І, вывеўшы яго вон з вінаградніка, забілі.
    Што ж зробіць з імі гаспадар вінаградніка?
  • 16. Прыйдзе і знішчыць вінаградараў гэтых,
    і аддасць вінаграднік іншым.
    Тыя, што слухалі, сказалі: няхай не будзе так!
  • 17. Ён жа, паглядзеўшы на іх,
    сказаў: што значыць гэтае напісанае:
    "камень, які адкінулі будаўнікі,
    той самы стаў галавою вугла"?
  • 18. Усякі, хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца,
    а на каго ён упадзе, таго раздушыць.
  • 19. І намерыліся першасвятары і кніжнікі
    накласці на Яго рукі ў тую ж гадзіну, але пабаяліся народа,
    бо зразумелі, што пра іх сказаў Ён гэтую прытчу.
  • 20. І, пасачыўшы за Ім, падаслалі выведнікаў,
    якія, прыняўшы выгляд праведных,
    злавілі б Яго на слове,
    каб выдаць Яго начальству і ўладзе намесніка.
  • 21. І яны спыталі ў Яго, кажучы: Настаўнік!
    мы ведаем, што Ты правільна гаворыш і вучыш,
    і не глядзіш на абліччы, але па праўдзе шляху Божаму вучыш;
  • 22. ці дазволена нам даваць падатак кесару, ці не?
  • 23. Ён жа, зразумеўшы хітрасць іх,
    сказаў ім: што вы Мяне спакушаеце?
  • 24. пакажыце Мне дынарый:
    чыю выяву і надпіс ён мае?
    Яны сказалі ў адказ: кесара.
  • 25. Ён сказаў ім:
    вось і аддавайце кесарава кесару, а Божае Богу.
  • 26. І не змаглі яны злавіць Яго на слове перад народам,
    і, здзівіўшыся адказу Яго, замоўклі.
  • 27. Тады падышлі да Яго некаторыя з садукеяў,
    якія кажуць, што няма ўваскрасення,
    і спыталі Яго,
  • 28. кажучы: Настаўнік! Маісей напісаў нам:
    "калі ў каго памрэ брат, што меў жонку, і памрэ бяздзетным,
    то няхай брат яго возьме жонку і адродзіць семя брату свайму";
  • 29. было сем братоў;
    і першы, узяўшы жонку, памёр бяздзетны;
  • 30. і ўзяў другі тую жонку,
    і ён памёр бяздзетны;
  • 31. і трэці ўзяў яе,
    і так усе сямёра;
    і не пакінулі дзяцей, і памерлі,
  • 32. пасля ж усіх памерла і жонка;
  • 33. дык вось, пры ўваскрасенні катораму з іх будзе яна жонкаю?
    бо сямёра мелі яе жонкаю.
  • 34. І сказаў ім Іісус у адказ:
    сыны веку гэтага жэняцца і выходзяць замуж,
  • 35. а спадобленыя дасягнуць таго веку і ўваскрасення з мёртвых
    не жэняцца і замуж не выходзяць;
  • 36. і памерці ўжо не могуць,
    бо яны роўныя Ангелам і сыны Божыя яны,
    будучы сынамі ўваскрасення.
  • 37. А што мёртвыя ўваскрэснуць,
    і Маісей паказаў у аповедзе пра купіну,
    называючы Госпада Богам Аўраама і Богам Ісаака, і Богам Іакава.
  • 38. Ён жа Бог не мёртвых, а жывых,
    бо ў Яго ўсе жывыя.
  • 39. У адказ некаторыя з кніжнікаў сказалі:
    Настаўнік! Ты добра сказаў.
  • 40. І ўжо больш не асмельваліся пытацца ў Яго ні пра што.
    Ён жа сказаў ім:
  • 41. як гэта гавораць, што Хрыстос — сын Давідаў?
  • 42. А сам Давід гаворыць у кнізе псалмоў:
    "сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне,
  • 43. пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх".
  • 44. Дык вось, Давід Госпадам Яго называе,
    і як жа Ён сын яму?
  • 45. І калі слухаў увесь народ, Ён сказаў вучням Сваім:
  • 46. сцеражыцеся кніжнікаў, якім падабаецца хадзіць у доўгіх уборах
    і якія любяць вітанні на плошчах і наперадзе сядзець у сінагогах,
    і ўзляжаць наперадзе на гасцінах,
  • 47. і якія праядаюць дамы ўдоў і напаказ доўга моляцца;
    яны прымуць большае асуджэнне.
Ничего нет для сопоставления.