Глава 11

  • Закрыть сопоставления
  • 1. І сталася:
    калі Ён маліўся ў адным месцы, і як перастаў,
    нехта з вучняў Яго сказаў Яму: Госпадзі!
    навучы нас маліцца, як і Іаан навучыў вучняў сваіх.
  • 2. Ён жа сказаў ім: калі моліцеся, гаварыце:
    Ойча наш, Які ў нябёсах!
    няхай свяціцца імя Тваё;
    няхай прыйдзе Царства Тваё;
    няхай будзе воля Твая як на небе, і на зямлі;
  • 3. хлеб наш надзённы давай нам кожны дзень;
  • 4. і даруй нам грахі нашы,
    бо і мы даруем кожнаму даўжніку нашаму;
    і не ўвядзі нас у спакусу, але збаў нас ад злога.
  • 5. І сказаў ім:
    хтосьці з вас, маючы сябра,
    прыйдзе да яго апоўначы
    і скажа яму: дружа! пазыч мне тры хлябы,
  • 6. бо сябар мой прыйшоў да мяне з дарогі,
    і не маю чаго даць яму;
  • 7. а той знутры скажа ў адказ:
    не турбуй мяне, дзверы ўжо замкнёныя,
    і дзеці мае пры мне ў пасцелі;
    не магу я ўстаць і даць табе.
  • 8. Кажу вам: калі ён не ўстане
    і не дасць дзеля таго, што ён сябар яго,
    то з-за неадступнасці яго ўстане
    і дасць яму, колькі трэба.
  • 9. І Я вам кажу:
    прасіце, і дадзена будзе вам;
    шукайце, і знойдзеце;
    стукайцеся, і адчыняць вам;
  • 10. бо кожны, хто просіць, атрымлівае,
    і хто шукае, знаходзіць,
    і, хто стукаецца, таму адчыняюць.
  • 11. Хіба каторы бацька з вас,
    калі сын папросіць у яго хлеба, падасць яму камень?
    або папросіць рыбы, хіба замест рыбіны падасць яму змяю?
  • 12. або, калі папросіць яйка, хіба падасць яму скарпіёна?
  • 13. Дык вось, калі вы, будучы ліхімі,
    умееце дары добрыя даваць дзецям вашым,
    тым болей Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто просіць у Яго.
  • 14. І выганяў Ён дэмана, які быў нямы;
    і сталася: калі дэман выйшаў, нямы загаварыў,
    і здзівіліся людзі.
  • 15. Некаторыя ж з іх казалі:
    сілаю вельзевула, князя дэманскага, Ён выганяе дэманаў.
  • 16. А іншыя, спакушаючы, патрабавалі ад Яго знамення з неба.
  • 17. Ён жа, ведаючы думкі іх, сказаў ім:
    усякае царства, самое ў сабе раздзеленае, спусташаецца,
    і дом на дом падае;
  • 18. калі ж і сатана сам у сабе раздзеліцца,
    то як устаіць царства яго?
    а вы кажаце, што Я сілаю вельзевула выганяю дэманаў;
  • 19. і калі Я сілаю вельзевула выганяю дэманаў,
    то сыны вашы чыёю сілаю выганяюць?
    Таму яны вам будуць суддзямі.
  • 20. Калі ж Я пярстом Божым выганяю дэманаў,
    значыць, прыйшло да вас Царства Божае.
  • 21. Калі дужы, узброіўшыся, ахоўвае свой двор,
    то ў бяспецы маёмасць яго;
  • 22. калі ж дужэйшы за яго, напаўшы, пераможа яго,
    то забярэ ўсю зброю яго, на якую той спадзяваўся,
    і здабытае ў яго раздасць.
  • 23. Хто не са Мной, той супраць Мяне,
    і хто не збірае са Мною, той раскідае.
  • 24. Калі нячысты дух выйдзе з чалавека,
    то блукае па бязводных мясцінах, шукаючы спакою,
    і, не знаходзячы, кажа:
    вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў;
  • 25. і, прыйшоўшы, застае яго падмеценым і прыбраным;
  • 26. тады ідзе і бярэ сем іншых духаў, люцейшых за сябе,
    і, увайшоўшы, жывуць там;
    і бывае апошняе для чалавека таго горшым за першае.
  • 27. І сталася: калі Ён гаварыў гэта,
    адна жанчына з натоўпу, узвысіўшы голас, сказала Яму:
    блажэннае ўлонне, якое насіла Цябе,
    і грудзі, якія Ты ссаў.
  • 28. А Ён сказаў: тым больш блажэнныя тыя,
    што слухаюць слова Божае і выконваюць яго.
  • 29. Калі ж стала збірацца ўсё больш народу,
    Ён пачаў гаварыць: род гэты ліхі,
    ён шукае знамення, ды знаменне не будзе дадзена яму,
    акрамя знамення Іоны прарока;
  • 30. бо як Іона быў знаменнем для Ніневіцянаў,
    так будзе і Сын Чалавечы для роду гэтага.
  • 31. Царыца Поўдня ўстане на судзе з мужамі роду гэтага
    і асудзіць іх,
    бо яна прыходзіла з краю зямлі паслухаць мудрасці Саламонавай,
    і вось, тут большае за Саламона.
  • 32. Мужы Ніневійскія ўстануць на судзе з родам гэтым
    і асудзяць яго,
    бо яны пакаяліся ад пропаведзі Іонавай,
    і вось, тут большае за Іону.
  • 33. Ніхто, запаліўшы свечку,
    не ставіць яе ў патаемным месцы, ні пад пасудзінай,
    а на падсвечніку, каб тыя, што ўваходзяць, бачылі святло.
  • 34. Свяцільня целу ёсць вока;
    калі вока тваё чыстае, то і ўсё цела тваё светлае;
    калі ж ліхое, то і цела тваё цёмнае;
  • 35. дык глядзі, каб святло, якое ў табе, не было цемрай.
  • 36. Калі ж усё цела тваё светлае,
    і не мае ніводнай цёмнай часткі,
    то будзе яно светлае ўсё так,
    як бы свяцільнік ззяннем асвятляў цябе.
  • 37. Калі Ён сказаў гэта,
    прасіў Яго адзін фарысей, каб Ён паабедаў у яго;
    і Ён, увайшоўшы, узлёг.
  • 38. Фарысей жа,
    убачыўшы, здзівіўся, што Ён перш за ўсё не ўмыўся перад абедам.
  • 39. А Гасподзь сказаў яму:
    цяпер вы, фарысеі, звонку чашу і блюда ачышчаеце,
    а нутро ваша поўнае драпежнасці і злобы.
  • 40. Неразумныя!
    ці ж не Той, Хто стварыў вонкавае, стварыў і ўнутранае?
  • 41. Аднак падавайце міласціну з таго, што ўнутры;
    тады ўсё для вас чыстае будзе.
  • 42. Але гора вам, фарысеям,
    што даяце дзесяціну з мяты і руты, і ўсялякай агародніны,
    ды не дбаеце пра суд і любоў Божую;
    гэта трэба было рабіць, і таго не пакідаць.
  • 43. Гора вам, фарысеям,
    што любіце наперадзе сядзець у сінагогах
    і каб віталі вас на плошчах.
  • 44. Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі,
    што вы — як магілы непрыкметныя,
    і людзі ходзяць зверху і не ведаюць.
  • 45. У адказ нехта з законнікаў кажа Яму:
    Настаўнік! гаворачы гэта, Ты і нас зневажаеш.
  • 46. А Ён сказаў: і вам, законнікам, гора,
    што абцяжарваеце людзей цяжарамі невыноснымі,
    а самі ніводным пальцам сваім не дакранаецеся да цяжараў тых.
  • 47. Гора вам, што будуеце грабніцы прарокам,
    а бацькі вашы забілі іх;
  • 48. значыць, вы сведчыце пра ўчынкі бацькоў вашых
    і згаджаецеся з імі:
    бо яны забілі іх, а вы будуеце ім грабніцы.
  • 49. Таму і мудрасць Божая сказала:
    пашлю да іх прарокаў і Апосталаў,
    і некаторых з іх заб’юць, а некаторых будуць гнаць,
  • 50. каб была спагнаная з роду гэтага кроў усіх прарокаў,
    пралітая ад стварэння свету,
  • 51. ад крыві Авеля да крыві Захарыі,
    які загінуў паміж ахвярнікам і храмам.
    Так, кажу вам: яна будзе спагнаная з роду гэтага.
  • 52. Гора вам, законнікам,
    што вы ўзялі ключ пазнання:
    самі не ўвайшлі, і тым, хто ўваходзіў, перашкодзілі.
  • 53. Калі ж Ён гаварыў ім гэта,
    кніжнікі і фарысеі пачалі жорстка нападаць на Яго
    і дапытвацца ў Яго пра многае,
  • 54. падсцерагаючы Яго
    і стараючыся падлавіць на нечым з вуснаў Яго,
    каб абвінаваціць Яго.
Ничего нет для сопоставления.