- 1. Глянуўшы, Ён убачыў багатых,
што клалі дары свае ў скарбніцу; - 2. убачыў таксама і адну бедную ўдаву,
якая паклала туды дзве лепты, - 3. і сказаў: праўду кажу вам,
што ўдава гэтая бедная больш за ўсіх паклала; - 4. бо ўсе гэтыя ад дастатку свайго паклалі ў дар Богу,
а яна з нястачы сваёй
увесь пражытак, які мела, паклала. - 5. І калі некаторыя гаварылі пра храм,
што ён каштоўнымі камянямі і дарункамі ўпрыгожаны,
Ён сказаў: - 6. прыйдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце,
не застанецца каменя на камені,
які не будзе зруйнаваны. - 7. І спыталіся ў Яго, кажучы: Настаўнік! калі ж гэта будзе?
і якое знаменне, калі павінна гэта збыцца? - 8. Ён жа сказаў: сцеражыцеся, каб не ўвялі вас у зман;
бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я.
І гэты час наблізіўся;
не ідзіце за імі. - 9. Калі ж пачуеце пра войны і смуты, не жахайцеся,
бо гэта павінна быць спачатку;
але не адразу канец. - 10. Тады сказаў ім:
паўстане народ на народ і царства на царства, - 11. і будуць вялікія землятрусы месцамі,
і голад,
і мор,
будуць і жахі,
і знаменні вялікія з неба. - 12. Але перад гэтым усім пакладуць на вас рукі свае і будуць гнаць,
аддаючы ў сінагогі і ў цямніцы,
і павядуць да цароў і да правіцеляў за імя Маё; - 13. будзе ж гэта вам дзеля сведчання.
- 14. Так што пакладзіце ў сэрцах сваіх
не абдумваць загадзя, што адказваць, - 15. бо Я дам вам вусны і мудрасць,
якой не змогуць супрацьстаяць або пярэчыць
усе праціўнікі вашы. - 16. Выдадзены ж будзеце і бацькамі,
і братамі, і сваякамі, і сябрамі;
і заб’юць некаторых з вас; - 17. і будзеце зненавіджаныя ўсімі за імя Маё;
- 18. але і волас з галавы вашай не прападзе;
- 19. цярпеннем вашым здабудзьце душы вашы.
- 20. Калі ж убачыце акружаны войскам Іерусалім,
тады ведайце, што наблізілася спусташэнне яго; - 21. тады тыя, хто ёсць у Іудзеі, няхай бягуць у горы,
а хто ў горадзе, няхай выходзяць,
а хто ў ваколіцах, няхай не ўваходзяць у яго, - 22. таму што гэта дні пакарання,
каб споўнілася ўсё напісанае. - 23. Гора ж цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі, у тыя дні,
бо вялікае бедства будзе на зямлі
і гнеў на народ гэты; - 24. і ўпадуць ад вастрыя мяча,
і будуць адведзены ў палон ва ўсе народы,
і Іерусалім будзе патаптаны язычнікамі,
пакуль не скончацца часы язычнікаў. - 25. І будуць знаменні на сонцы і месяцы, і зорках,
а на зямлі туга народаў у роспачы
ад шуму марскога і хвалявання; - 26. і людзі будуць мярцвець ад страху
і чакання таго, што надыходзіць на сусвет,
бо сілы нябесныя зрушацца, - 27. і тады ўбачаць Сына Чалавечага,
Які прыйдзе на воблаку з сілаю і славаю вялікаю. - 28. Калі ж пачне гэта збывацца,
то выпрастайцеся і ўзніміце галовы вашы,
таму што набліжаецца адкупленне ваша. - 29. І сказаў ім прытчу:
паглядзіце на смакоўніцу і на ўсе дрэвы: - 30. калі яны ўжо распускаюцца,
вы, бачачы гэта, самі ведаеце, што блізка лета. - 31. Так і вы, калі ўбачыце, што гэта збываецца,
ведайце, што блізка Царства Божае. - 32. Праўду кажу вам:
не міне род гэты, як усё гэта будзе; - 33. неба і зямля мінуць, а словы Мае не мінуць.
- 34. Сцеражыцеся, каб сэрцы вашы
не абцяжарваліся абжорствам і п’янствам, і клопатамі жыццёвымі,
і каб не прыйшоў да вас неспадзявана дзень той; - 35. бо ён, як пастка,
прыйдзе на ўсіх, што жывуць на абліччы ўсёй зямлі; - 36. дык будзьце пільныя і ўвесь час маліцеся,
каб спадобіліся вы пазбегнуць усяго гэтага, што мае адбыцца,
і стаць перад Сынам Чалавечым. - 37. Удзень Ён вучыў у храме,
а ночы, выходзячы, праводзіў на гары,
называнай Елеонскаю. - 38. І ўвесь народ з раніцы прыходзіў да Яго ў храм слухаць Яго.
Ничего нет для сопоставления.