- 1. Іісус жа, поўны Духа Святога,
вярнуўся ад Іардана;
і паведзены быў Духам у пустыню, - 2. дзе сорак дзён спакушаў Яго дыявал;
і не еў нічога ў тыя дні;
а як скончыліся яны, урэшце адчуў голад. - 3. І сказаў Яму дыявал: калі Ты Сын Божы,
скажы каменю гэтаму, каб стаў хлебам. - 4. І сказаў Іісус яму ў адказ: напісана,
што "не хлебам адным будзе жыць чалавек,
а ўсякім словам Божым". - 5. І, узвёўшы Яго на высокую гару,
паказаў Яму дыявал усе царствы свету
ў імгненне часу, - 6. і сказаў Яму дыявал: Табе дам усю ўладу гэтую і славу іх,
бо мне яна перададзена,
і я, каму хачу, даю яе; - 7. і вось, калі Ты паклонішся перада мною, будзе ўсё Тваё.
- 8. І ў адказ Іісус сказаў яму: адыдзі ад Мяне, сатана;
бо напісана: "Госпаду Богу твайму пакланяйся
і Яму аднаму служы". - 9. І павёў Яго ў Іерусалім,
і паставіў Яго на крыле храма,
і сказаў Яму: калі Ты Сын Божы,
кінься адсюль уніз; - 10. бо напісана: "Ангелам Сваім Ён накажа пра Цябе ахаваць Цябе;
- 11. і на руках панясуць Цябе,
каб не спатыкнуўся Ты аб камень нагою Тваёю". - 12. І ў адказ Іісус сказаў яму:
сказана: "не спакушай Госпада Бога твайго". - 13. І, скончыўшы ўсё спакушэнне,
дыявал адышоў ад Яго да пэўнага часу. - 14. І вярнуўся Іісус у сіле Духа ў Галілею;
і вестка пра Яго разышлася па ўсім наваколлі. - 15. І Ён вучыў у іх сінагогах,
і ўсімі быў слаўлены. - 16. І прыйшоў у Назарэт, дзе быў узгадаваны,
і ўвайшоў, па звычаю Свайму, у дзень суботні ў сінагогу,
і ўстаў, каб чытаць. - 17. І падалі Яму кнігу Ісаіі прарока;
і, разгарнуўшы кнігу,
Ён знайшоў месца, дзе было напісана: - 18. "Дух Гасподні на Мне,
бо Ён памазаў Мяне дабравесціць убогім,
паслаў Мяне ацаліць скрушаных у сэрцы,
абвясціць палонным вызваленне
і сляпым відушчасць,
адпусціць прыгнечаных на волю, - 19. абвясціць год Гасподні спрыяльны.
- 20. І, згарнуўшы кнігу, аддаў служыцелю і сеў;
і вочы ўсіх у сінагозе былі звернуты да Яго. - 21. І Ён пачаў гаварыць ім:
сёння споўнілася пісанне гэтае, пачутае вамі. - 22. І ўсе засведчылі Яму гэта,
І дзівіліся словам благадаці, якія выходзілі з вуснаў Яго,
і гаварылі: ці не Іосіфаў гэта Сын? - 23. Ён жа сказаў ім: вы, пэўна, скажаце Мне гэтае выслоўе:
"лекару! ацалі самога сябе";
тое, што, як мы чулі, адбылося ў Капернауме,
зрабі і тут, на бацькаўшчыне Тваёй. - 24. І сказаў: праўду кажу вам,
што ніякага прарока не прымаюць на бацькаўшчыне яго. - 25. Па праўдзе кажу вам: многа было ўдоў у Ізраілі ў дні Іліі,
калі зачынена было неба на тры гады і шэсць месяцаў,
так што настаў голад вялікі па ўсёй зямлі; - 26. і ні адной з іх не быў пасланы Ілія,
толькі ў Сарэпту Сідонскую, да жанчыны-ўдавы; - 27. і шмат было пракажоных у Ізраілі пры Елісеі прароку,
і ніводзін з іх не быў ачышчаны, акрамя Неемана Сірыяніна. - 28. І напоўніліся ярасцю ўсе ў сінагозе, пачуўшы гэта;
- 29. і, падняўшыся, выгналі Яго прэч з горада,
і павялі Яго на верх гары, на якой горад іх быў пабудаваны,
каб скінуць Яго; - 30. Ён жа, прайшоўшы паміж імі, адышоў.
- 31. І спусціўся ў Капернаум, горад Галілейскі;
і вучыў іх па суботах. - 32. І здзіўляліся вельмі вучэнню Яго,
бо з уладаю было слова Яго. - 33. І быў у сінагозе чалавек,
які меў духа дэмана нячыстага,
і закрычаў моцным голасам, - 34. кажучы: пакінь;
што Табе да нас, Іісусе Назараніне?
Ты прыйшоў загубіць нас;
ведаю Цябе, хто Ты, Святы Божы. - 35. Але Іісус забараніў яму,
кажучы: змоўкні і выйдзі з яго.
І дэман, кінуўшы яго на сярэдзіну,
выйшаў з яго, зусім не пашкодзіўшы яму. - 36. І жах ахапіў усіх,
і размаўлялі паміж сабою, гаворачы: што гэта за слова,
што Ён з уладаю і сілаю загадвае духам нячыстым,
і яны выходзяць? - 37. І разнеслася погаласка пра Яго па ўсіх навакольных мясцінах.
- 38. [Выйшаўшы з сінагогі, Ён увайшоў у дом Сімана;]
а цешча Сіманава была ахоплена моцнай гарачкай;
і прасілі Яго за яе. - 39. І, стаўшы над ёю, Ён забараніў гарачцы;
і пакінула яе;
і адразу ўстаўшы, яна прыслужвала ім. - 40. А як заходзіла сонца,
усе, хто меў хворых на розныя хваробы,
прыводзілі іх да Яго;
Ён жа, ускладаючы рукі на кожнага з іх, ацаляў іх. - 41. Выходзілі таксама з многіх і дэманы, якія крычалі
і казалі: Ты Хрыстос, Сын Божы.
І, забараняючы, не дазваляў ім гаварыць,
бо яны ведалі, што Ён Хрыстос. - 42. А як настаў дзень,
Ён, выйшаўшы, адправіўся ў пустэльнае месца;
і людзі шукалі Яго,
і прыйшлі да Яго,
і затрымлівалі Яго, каб не адыходзіў ад іх. - 43. Але Ён сказаў ім:
і іншым гарадам павінен дабравесціць Я Царства Божае,
бо на тое Я пасланы. - 44. І прапаведаваў у сінагогах Галілейскіх.
Ничего нет для сопоставления.