- 1. І ў гэты самы час прыйшлі некаторыя
і паведамілі Яму пра Галілеян,
кроў якіх Пілат змяшаў з ахвярамі іх. - 2. І ў адказ Іісус сказаў ім: вы думаеце,
што гэтыя Галілеяне былі грэшныя больш за ўсіх Галілеян,
калі яны так пацярпелі? - 3. Не, кажу вам;
але калі не пакаецеся, усе гэтаксама загінеце. - 4. Або тыя васемнаццаць,
на якіх упала вежа Сілаамская і пабіла іх,
думаеце, што яны былі вінаватыя больш за ўсіх людзей,
якія жывуць у Іерусаліме? - 5. Не, кажу вам;
але калі не пакаецеся, усе гэтаксама загінеце. - 6. І казаў такую прытчу:
нехта меў у вінаградніку сваім пасаджаную смакоўніцу;
і прыйшоў шукаць плоду на ёй,
і не знайшоў; - 7. і сказаў вінаградару:
вось ужо трэці год я прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы
і не знаходжу;
ссячы яе, нашто яна і зямлю марнуе? - 8. Але той сказаў яму ў адказ:
гаспадар! пакінь яе і на гэты год,
пакуль я абкапаю яе і абкладу гноем, - 9. і можа, яна дасць плод;
калі ж не, то налета ссячэш яе. - 10. І вучыў Ён у адной з сінагог у суботу;
- 11. і вось, была там жанчына,
што васемнаццаць гадоў мела духа немачы;
і была яна скурчаная і не магла выпрастацца зусім. - 12. Убачыўшы яе, Іісус падазваў і сказаў ёй:
жанчына! ты вызвалена ад немачы тваёй. - 13. І ўсклаў на яе рукі;
і адразу яна выпрасталася, і славіла Бога. - 14. А старэйшына сінагогі,
абурыўшыся, што Іісус ацаліў у суботу,
сказаў на гэта народу: ёсць шэсць дзён, у якія належыць працаваць;
у тыя і прыходзьце ацаляцца, а не ў дзень суботні. - 15. Гасподзь жа сказаў яму ў адказ: крывадушнік!
ці ж не адвязвае кожны з вас
у суботу свайго вала або асла ад ясляў
і не вядзе паіць? - 16. а гэтую дачку Аўраамаву,
якую вось ужо васемнаццаць гадоў як звязаў сатана,
ці не трэба было вызваліць ад путаў гэтых у дзень суботні? - 17. І калі гаварыў Ён гэта, засаромеліся ўсе праціўнікі Яго,
і ўвесь народ радаваўся усім слаўным учынкам Яго. - 18. Ён жа казаў: да чаго падобна Царства Божае,
і з чым параўнаю яго? - 19. яно падобна да зярняці гарчычнага,
якое чалавек, узяўшы, пасадзіў у садзе сваім;
і яно вырасла, і стала вялікім дрэвам,
і птушкі нябесныя гняздзіліся ў голлі яго. - 20. Яшчэ сказаў: з чым параўнаю Царства Божае?
- 21. яно падобна да закваскі,
якую жанчына, узяўшы, паклала ў тры меры мукі,
пакуль не ўкісла ўсё. - 22. І праходзіў Ён па гарадах і вёсках,
навучаючы і трымаючы шлях у Іерусалім. - 23. І сказаў Яму нехта:
Госпадзі, ці мала ёсць тых, якія збаўляюцца?
Ён жа сказаў ім: - 24. намагайцеся ўвайсці праз вузкія вароты;
бо многія, кажу вам,
будуць імкнуцца ўвайсці, і не змогуць. - 25. Калі ўстане гаспадар дома і зачыніць дзверы,
то вы, стоячы знадворку, пачнеце стукаць у дзверы
і казаць: Госпадзі! Госпадзі! адчыні нам!
І ў адказ Ён скажа вам: не ведаю вас, адкуль вы. - 26. Тады пачнеце казаць:
мы елі перад Табою і пілі,
і на вуліцах нашых вучыў Ты. - 27. А Ён скажа: кажу вам: не ведаю вас, адкуль вы;
адыдзіце ад Мяне ўсе, хто чыніць няпраўду. - 28. Там будзе плач і скрыгат зубоў,
калі ўбачыце Аўраама і Ісаака, і Іакава,
і ўсіх прарокаў у Царстве Божым,
а сябе выгнанымі вон. - 29. І прыйдуць з усходу і захаду
і з поўначы і поўдня,
і ўзлягуць у Царстве Божым. - 30. І вось, ёсць апошнія, якія будуць першымі,
і ёсць першыя, якія будуць апошнімі. - 31. У той дзень падышлі некаторыя з фарысеяў
і казалі Яму: выйдзі і ідзі адсюль,
бо Ірад хоча Цябе забіць. - 32. І сказаў ім: ідзіце, скажыце гэтаму лісу:
вось, Я выганяю дэманаў і ацаленні твару сёння і заўтра,
а на трэці дзень скончу; - 33. аднак
належыць Мне сёння і заўтра, і ў наступны дзень хадзіць,
бо не можа стацца, каб прарок загінуў па-за Іерусалімам. - 34. Іерусаліме, Іерусаліме,
які забіваеш прарокаў і каменнем пабіваеш пасланых да цябе!
колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх,
як птушка птушанят сваіх пад крылы,
і вы не захацелі! - 35. Вось, пакідаецца вам дом ваш пусты.
І кажу вам: не ўбачыце Мяне,
пакуль не прыйдзе час, калі скажаце:
"благаславёны, Хто прыходзіць у імя Гасподняе!"
Ничего нет для сопоставления.