Глава 3

  • Закрыть сопоставления
  • 1. Быў жа чалавек з фарысеяў,
    імя яму Нікадзім, начальнік Іудзейскі;
  • 2. ён прыйшоў да Іісуса ўначы i сказаў Яму:
    Равві! мы ведаем, што Ты Вучыцель, Які прыйшоў ад Бога,
    бо ніхто не можа тварыць такіх цудаў, якія Ты творыш,
    калі Бог не будзе з ім.
  • 3. У адказ Іісус сказаў яму: праўду, праўду кажу табе:
    калі хто не народзіцца звыш, не можа ўбачыць Царства Божага.
  • 4. Кажа Яму Нікадзім: як можа чалавек нарадзіцца, калі ён стары?
    хіба можа ён другі раз увайсці ва ўлонне маці сваёй
    i нарадзіцца?
  • 5. Адказаў Іісус: праўду, праўду кажу табе:
    калі хто не народзіцца ад вады i Духа,
    не можа ўвайсці ў Царства Божае:
  • 6. народжанае ад плоці ёсць плоць,
    а народжанае ад Духа ёсць дух.
  • 7. Не здзіўляйся, што Я сказаў табе:
    "трэба вам нарадзіцца звыш".
  • 8. Вецер вее, дзе хоча, i голас яго чуеш,
    а не ведаеш, адкуль прыходзіць i куды адыходзіць;
    так i з кожным народжаным ад Духа.
  • 9. Тады Нікадзім сказаў Яму: як гэта можа быць?
  • 10. У адказ Іісус сказаў яму:
    ты вучыцель Ізраілеў, i гэтага не ведаеш?
  • 11. Праўду, праўду кажу табе:
    што Мы ведаем, пра тое гаворым,
    i што бачылі, пра тое сведчым,
    i вы сведчання Нашага не прымаеце;
  • 12. калі Я пра зямное сказаў вам, i вы не верыце,
    як паверыце, калі скажу вам пра нябеснае?
  • 13. Нiхто не ўзыходзіў на неба,
    толькі Сын Чалавечы, Які, будучы на небе, сышоў з неба;
  • 14. і, як Маісей узняў змея ў пустыні,
    так належыць быць узнятым Сыну Чалавечаму,
  • 15. каб кожны, хто веруе ў Яго,
    не загінуў, але меў жыццё вечнае.
  • 16. Бо так узлюбіў Бог свет,
    што Сына Свайго Адзінароднага даў,
    каб кожны, хто веруе ў Яго,
    не загінуў, але меў жыццё вечнае;
  • 17. бо не паслаў Бог Сына Свайго ў свет, каб судзіць свет,
    але каб свет быў збаўлены праз Яго;
  • 18. хто веруе ў Яго, не будзе асуджаны,
    а хто не веруе, той ужо асуджаны,
    бо не ўвераваў у імя Адзінароднага Сына Божага.
  • 19. А суд у тым, што святло прыйшло ў свет,
    але палюбілі людзі цемру больш за святло,
    бо ўчынкі iх былі ліхія;
  • 20. бо кожны, хто робіць зло,
    той ненавідзіць святло i не ідзе да святла,
    каб не былі выкрыты ўчынкі яго, бо яны ліхія;
  • 21. а хто робіць па праўдзе,
    той ідзе да святла, каб выявіліся ўчынкі яго,
    бо яны ў Богу зроблены.
  • 22. Пасля гэтага прыйшоў Іісус і вучні Яго ў Іудзейскую зямлю;
    i там Ён жыў з імі i хрысціў.
  • 23. Іаан жа таксама хрысціў у Эноне, недалёка ад Саліма,
    бо там было многа вады,
    i прыходзілі туды i хрысціліся;
  • 24. таму што не быў яшчэ пасаджаны ў цямніцу Іаан.
  • 25. І ўзнікла спрэчка ў вучняў Іаанавых з Іудзеямі пра ачышчэнне;
  • 26. і прыйшлі да Іаана i сказалі яму:
    Равві! Той, Хто быў з табою на тым баку Іардана
    і пра Каго ты сведчыў,
    вось, Ён хрысціць, i ўсе ідуць да Яго.
  • 27. У адказ Іаан сказаў:
    не можа чалавек нічога браць на сябе,
    калі не будзе дадзена яму з неба.
  • 28. Вы самі мне сведчыце, што я сказаў:
    "я не Хрыстос, але я пасланы перад Ім".
  • 29. Хто мае нявесту, той жанiх,
    а друг жаніха, які стаіць і слухае яго,
    радасцю радуецца, чуючы голас жанiха;
    гэтая вось радасць мая споўнілася;
  • 30. Яму належыць узрастаць, а мне меншаць.
  • 31. Хто прыходзіць з вышыні, Той над усiмі,
    а хто ад зямлі, той зямны
    i па-зямному гаворыць;
    Хто прыходзіць з неба, Той над усiмi,
  • 32. i што Ён бачыў i чуў, пра тое сведчыць,
    ды сведчання Яго ніхто не прымае;
  • 33. хто прыняў Яго сведчанне,
    той сцвердзіў, што Бог ісцінны.
  • 34. Бо Той, Каго паслаў Бог, словы Божыя гаворыць,
    таму што не мераю дае Бог Духа.
  • 35. Бо Айцец любіць Сына i ўсё даў у руку Яго.
  • 36. Хто веруе ў Сына, той мае жыццё вечнае,
    а хто не веруе ў Сына, той не ўбачыць жыцця,
    але гнеў Божы застаецца на ім.
Ничего нет для сопоставления.