Глава 4

  • Закрыть сопоставления
  • 1. Kалi ж даведаўся Іісус, што пачулі фарысеі пра тое,
    што Іісус больш вучняў набывае i хрысціць, чым Іаан, —
  • 2. хоць Сам Іісус не хрысціў, а вучні Яго, —
  • 3. пакінуў Ён Іудзею i пайшоў зноў у Галілею.
  • 4. А трэба было Яму праходзіць праз Самарыю.
  • 5. Вось, прыходзіць Ён у горад Самарыйскі пад назвай Сiхар,
    паблізу зямлі, якую даў Іакаў Іосіфу, сыну свайму;
  • 6. і быў там калодзеж Іакава.
    Іісус, стаміўшыся ад дарогі, сеў ля калодзежа;
    было каля шостай гадзіны.
  • 7. Прыходзіць жанчына з Самарыі набраць вады.
    Кажа ёй Іісус: дай Мне піць.
  • 8. Бо вучні Яго адышлі ў горад, каб купіць ежы.
  • 9. Кажа Яму жанчына Самаранка:
    як Ты, Іудзей, просіш піць у мяне, жанчыны Самаранскай?
    бо Іудзеі ж не маюць зносін з Самаранамі.
  • 10. У адказ Іісус сказаў ёй:
    калі б ты ведала дар Божы,
    i Хто Той, што кажа табе: "дай мне піць",
    то ты сама прасіла б у Яго,
    i Ён даў бы табе ваду жывую.
  • 11. Кажа Яму жанчына:
    Гаспадар! у Цябе і зачарпнуць няма чым, а калодзеж глыбокі;
    адкуль жа ў Цябе вада жывая?
  • 12. хіба Ты большы за айца нашага Іакава,
    які даў нам гэты калодзеж
    i сам з яго пiў, i сыны яго, i статак яго?
  • 13. У адказ Іісус сказаў ёй:
    кожны, хто п’е гэтую ваду, будзе адчуваць прагу зноў;
  • 14. а хто будзе піць ваду, якую Я дам яму,
    не сасмагне ніколі;
    але вада, якую Я дам яму, стане ў ім крыніцаю вады,
    што цячэ ў жыццё вечнае.
  • 15. Кажа Яму жанчына: Гаспадар! дай мне гэтай вады,
    каб мне не мець смагі i не прыходзіць сюды чэрпаць.
  • 16. Кажа ёй Іісус: ідзі, пакліч мужа свайго i прыходзь сюды.
  • 17. У адказ жанчына сказала Яму: у мяне няма мужа.
    Кажа ёй Іісус: добра ты сказала, што ў цябе мужа няма;
  • 18. бо пяць мужоў у цябе было,
    i той, якога цяпер маеш, не муж табе;
    гэта праўдзіва сказала ты.
  • 19. Кажа Яму жанчына: Гаспадар! бачу, што Ты прарок;
  • 20. айцы нашы на гары гэтай пакланяліся,
    а вы кажаце, што ў Іерусаліме тое месца,
    дзе належыць пакланяцца.
  • 21. Кажа ёй Іісус:
    жанчына, павер Мне, што настае час,
    калі не на гары гэтай
    i не ў Іерусаліме будзеце пакланяцца Айцу;
  • 22. вы пакланяецеся таму, чаго не ведаеце;
    мы пакланяемся таму, што ведаем,
    бо збаўленне ад Іудзеяў;
  • 23. але настае час, ды і цяпер ёсць,
    калі ісцінныя паклоннікі будуць пакланяцца Айцу ў духу i ісціне,
    бо такіх паклоннікаў Айцец і шукае Сабе;
  • 24. Бог ёсць дух,
    i тыя, што пакланяюцца Яму, павінны пакланяцца ў духу i ісціне.
  • 25. Кажа Яму жанчына: ведаю, што прыйдзе Месія, Якога называюць Хрыстос;
    калі Ён прыйдзе, то абвесціць нам усё.
  • 26. Кажа ёй Іісус: гэта Я, што размаўляю з табою.
  • 27. У гэты час прыйшлі вучні Яго
    i здзівіліся, што Ён размаўляе з жанчынаю,
    але ні адзін не сказаў: што Табе трэба?
    ці: пра што Ты размаўляеш з ёю?
  • 28. Пакінула тады жанчына сваю пасудзіну для вады і пайшла ў горад,
    і кажа людзям:
  • 29. ідзіце і пабачце Чалавека,
    Які сказаў мне пра ўсё, што я зрабіла:
    ці не Хрыстос Ён?
  • 30. Яны выйшлі з горада i пайшлі да Яго.
  • 31. Між тым прасілі Яго вучні, кажучы: Раввi! еш.
  • 32. Ён жа сказаў ім: у Мяне ёсць ежа, каб есці, якой вы не ведаеце.
  • 33. Тады вучні гаварылі паміж сабою: хіба нехта прынёс Яму есці?
  • 34. Кажа ім Іісус:
    Мая ежа — тое, каб здзяйсняць волю Таго, Хто паслаў Мяне
    i завяршыць справу Яго.
  • 35. Ці не кажаце вы, што яшчэ чатыры месяцы, i настане жніво?
    Дык вось, кажу вам: узвядзіце вочы вашы
    i паглядзіце на нівы, як яны ўжо пабялелі для жніва;
  • 36. і хто жне, той атрымлівае ўзнагароду i збірае плён у жыццё вечнае,
    каб i той, хто сее, i той, хто жне, разам радаваліся;
  • 37. бо тут апраўдваецца выслоўе:
    адзін сее, а другі жне;
  • 38. Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі:
    іншыя працавалі, а вы ўвайшлі ў працу iх.
  • 39. З горада таго многія Самаране ўверавалі ў Яго
    па слову жанчыны, якая сведчыла:
    Ён сказаў мне пра ўсё, што я зрабіла.
  • 40. Таму, калі прыйшлі да Яго Самаране,
    то прасілі Яго пабыць у iх,
    i Ён прабыў там два дні,
  • 41. і намнога больш людзей уверавалі па слову Яго;
  • 42. а жанчыне казалі: ужо не па твайму апавяданню веруем,
    бо самі чулі i ведаем,
    што гэта сапраўды Збавіцель свету, Хрыстос.
  • 43. А праз два дні Ён адышоў адтуль
    i пайшоў у Галілею;
  • 44. бо Сам Іісус сведчыў,
    што прарок на сваёй бацькаўшчыне пашаны не мае.
  • 45. Kалi ж Ён прыйшоў у Галілею, то Галілеяне прынялі Яго,
    бачыўшы ўсё, што зрабіў Ён у Іерусаліме на свята;
    бо і яны хадзілі на свята.
  • 46. Дык вось, прыйшоў зноў Іісус у Кану Галілейскую,
    дзе ператварыў ваду ў віно.
    І быў адзін царадворац,
    сын якога быў хворы ў Капернауме.
  • 47. Ён, пачуўшы, што Іісус прыйшоў з Іудзеі ў Галілею,
    пайшоў да Яго і прасіў Яго прыйсці і ацаліць сына яго,
    бо той быў пры смерці.
  • 48. І сказаў яму Іісус:
    калі знаменняў і цудаў не ўбачыце, вы не ўверуеце.
  • 49. Кажа Яму царадворац:
    Госпадзі! прыйдзі, пакуль не памерла дзіця маё.
  • 50. Іісус кажа яму: ідзі, сын твой жывы.
    І паверыў чалавек слову, якое сказаў яму Іісус,
    і пайшоў.
  • 51. І ўжо калі ён ішоў, рабы яго сустрэлі яго
    і абвесцілі: сын твой жывы.
  • 52. Тады ён спытаўся ў іх, у каторай гадзіне стала яму лягчэй;
    і сказалі яму: учора ў сем гадзін гарачка пакінула яго.
  • 53. Зразумеў тады бацька, што гэта было ў тую гадзіну,
    калі Іісус сказаў яму: ідзі, сын твой жывы.
    І ўвераваў сам і ўвесь дом яго.
  • 54. Гэта ўжо другі цуд сатварыў Іісус,
    прыйшоўшы з Іудзеі ў Галілею.
Ничего нет для сопоставления.