Глава 8

  • Закрыть сопоставления
  • 1. Іісус жа пайшоў на гару Елеонскую;
  • 2. а раніцаю зноў прыйшоў у храм,
    і ўсе людзі ішлі да Яго;
    і Ён сеў і вучыў іх.
  • 3. І прывялі кніжнікі і фарысеі да Яго жанчыну,
    якую засталі за пралюбадзействам,
    і, паставіўшы яе пасярэдзіне,
  • 4. кажуць Яму: Настаўнік,
    гэтую жанчыну засталі падчас пралюбадзейства;
  • 5. у законе Маісей загадаў нам такіх пабіваць камянямі,
    а Ты што скажаш?
  • 6. Гаварылі ж яны гэта, спакушаючы Яго,
    каб было ў чым абвінаваціць Яго.
    Але Іісус, нізка нагнуўшыся,
    пальцам пісаў на зямлі, не зважаючы на іх.
  • 7. Калі ж яны працягвалі пытацца ў Яго,
    Ён, разагнуўшыся, сказаў ім:
    хто з вас без граху, няхай першы кіне камень у яе.
  • 8. I зноў, нізка нагнуўшыся, пісаў на зямлі.
  • 9. Яны ж, пачуўшы гэта і адчуваючы дакоры сумлення,
    сталі выходзіць адзін за адным,
    пачынаючы ад старэйшых і да апошніх;
    і застаўся адзін Іісус і жанчына, што стаяла пасярэдзіне.
  • 10. Іісус, разагнуўшыся і не ўбачыўшы нікога, акрамя жанчыны,
    сказаў ёй: жанчына!
    Дзе абвінаваўцы твае?
    Ніхто цябе не асудзіў?
  • 11. Яна адказала: ніхто, Госпадзі!
    Сказаў ёй Іісус: і Я не асуджаю цябе;
    ідзі і больш не грашы.
  • 12. І зноў прамовіў да іх Іісус,
    кажучы: Я святло свету;
    хто пойдзе за Мною, той не будзе хадзіць у цемры,
    а будзе мець святло жыцця.
  • 13. Тады сказалі Яму фарысеі:
    Ты Сам пра Сябе сведчыш;
    сведчанне Тваё непраўдзівае.
  • 14. На гэта Іісус сказаў ім:
    калі Я і Сам сведчу пра Сябе,
    то сведчанне Маё праўдзівае,
    бо Я ведаю, адкуль Я прыйшоў і куды іду;
    а вы не ведаеце, адкуль Я прыходжу і куды іду.
  • 15. Вы па плоці судзіце;
    Я не суджу нікога;
  • 16. а калі і суджу Я, то суд Мой праўдзівы,
    бо Я не адзін,
    а Я і Айцец, Які паслаў Мяне;
  • 17. і ў законе ж вашым напісана,
    што сведчанне двух чалавек праўдзівае;
  • 18. Я Сам сведчу пра Сябе,
    і сведчыць пра Мяне Айцец, Які паслаў Мяне.
  • 19. Тады сказалі Яму: дзе Айцец Твой?
    Адказаў Іісус: вы не ведаеце ні Мяне, ні Айца Майго;
    калі б вы Мяне ведалі, то ведалі б і Айца Майго.
  • 20. Гэтыя словы гаварыў Іісус каля скарбніцы, вучачы ў храме;
    і ніхто не схапіў Яго, бо яшчэ не прыйшоў час Яго.
  • 21. І зноў сказаў ім Іісус: Я адыходжу,
    і будзеце шукаць Мяне,
    і памраце ў граху сваім;
    куды Я іду, вы не можаце прыйсці.
  • 22. Іудзеі тады гаварылі: ці не заб’е Ён Сам Сябе,
    калі кажа: "куды Я іду, вы не можаце прыйсці"?
  • 23. Ён сказаў ім: вы ад нізу, а Я з вышыні;
    вы з гэтага свету, Я не з гэтага свету;
  • 24. таму і сказаў Я вам, што памраце ў грахах сваіх;
    бо калі не ўверуеце, што гэта Я, то памраце ў грахах сваіх.
  • 25. Тады сказалі Яму: хто Ты?
    І сказаў ім Іісус: Той, Хто ад пачатку, як і кажу вам;
  • 26. многа маю Я пра вас гаварыць і судзіць;
    але Той, Хто паслаў Мяне, ісцінны,
    і што Я чуў ад Яго, тое і кажу свету.
  • 27. Не зразумелі яны, што Ён гаварыў ім пра Айца.
  • 28. І сказаў ім Іісус: калі ўздымеце Сына Чалавечага,
    тады даведаецеся, што гэта Я і што ад Сябе Я нічога не раблю,
    але як навучыў Мяне Айцец Мой, так і гавару;
  • 29. і Той, Хто паслаў Мяне, са Мною;
    Айцец не пакінуў Мяне аднаго,
    бо Я заўсёды раблю ўгоднае Яму.
  • 30. Калі Ён гаварыў гэта, многія ўверавалі ў Яго.
  • 31. Казаў тады Іісус Іудзеям, якія ўверавалі ў Яго:
    калі застаняцеся ў слове Маім, то вы сапраўды вучні Мае,
  • 32. і спазнаеце ісціну,
    і ісціна вызваліць вас.
  • 33. Яны адказалі Яму: мы семя Аўраамава
    і нікому не былі рабамі ніколі;
    як жа Ты кажаш: "станеце вольнымі"?
  • 34. Адказаў ім Іісус: праўду, праўду кажу вам:
    кожны, хто грашыць, ёсць раб граху;
  • 35. але раб не застаецца ў доме вечна —
    сын застаецца вечна;
  • 36. дык вось, калі Сын вызваліць вас,
    то сапраўды вольнымі будзеце;
  • 37. ведаю, што вы семя Аўраамава;
    аднак вы шукаеце, як забіць Мяне,
    бо слова Маё не ўмяшчаецца ў вас;
  • 38. Я кажу тое, што бачыў у Айца Майго;
    а вы робіце тое, што бачылі ў айца вашага.
  • 39. Яны сказалі Яму ў адказ: айцец наш — Аўраам.
    Кажа ім Іісус: калі б вы былі дзецьмі Аўраама,
    то рабілі б учынкі Аўраамавы;
  • 40. а цяпер шукаеце, як забіць Мяне,
    Чалавека, што сказаў вам ісціну, якую чуў ад Бога;
    Аўраам гэтага не рабіў;
  • 41. вы робіце ўчынкі айца вашага.
    На гэта сказалі Яму: мы не ад блуду народжаныя;
    адзін Айцец у нас — Бог.
  • 42. Сказаў жа ім Іісус:
    калі б Бог быў Айцом вашым, то вы любілі б Мяне,
    бо Я ад Бога выйшаў і прыйшоў;
    бо не Сам ад Сябе Я прыйшоў, а Ён паслаў Мяне;
  • 43. чаму вы не разумееце мовы Маёй?
    бо не можаце чуць слова Майго;
  • 44. вы — ад айца вашага дыявала,
    і хочаце выконваць жаданні айца вашага;
    ён быў чалавеказабойцам ад пачатку
    і не ўстаяў у ісціне, таму што няма ісціны ў ім;
    калі ён ілжэ, то сваё гаворыць,
  • 45. а паколькі Я ісціну гавару, то не верыце Мне;
  • 46. хто з вас выкрые Мяне ў няпраўдзе?
    калі ж Я ісціну гавару, чаму вы не верыце Мне?
  • 47. хто ад Бога, той словы Божыя слухае;
    вы таму не слухаеце, што вы не ад Бога.
  • 48. Адказалі на гэта Іудзеі і сказалі Яму:
    хіба ня правільна мы кажам,
    што Ты Самаранін і дэман у Табе?
  • 49. Адказаў Іісус: ува Мне дэмана няма,
    але Я шаную Айца Майго, а вы зневажаеце Мяне;
  • 50. Я ж не шукаю славы Сваёй;
    ёсць Той, Хто шукае і судзіць;
  • 51. Праўду, праўду кажу вам:
    хто захавае слова Маё, той не ўбачыць смерці давеку.
  • 52. Тады сказалі Яму Іудзеі:
    цяпер даведаліся мы, што ў Табе дэман:
    Аўраам памёр і прарокі,
    а Ты кажаш: "хто захавае слова Маё, той не спазнае смерці давеку";
  • 53. няўжо Ты большы за айца нашага Аўраама, які памёр?
    і прарокі памерлі;
    каго Ты з Сябе робіш?
  • 54. Адказаў Іісус: калі Я праслаўляю Сам Сябе, то слава Мая нішто;
    ёсць Айцец Мой, Які праслаўляе Мяне,
    Той, пра Каго вы гаворыце, што Ён Бог ваш;
  • 55. і вы не пазналі Яго, а Я знаю Яго;
    і калі Я скажу, што не знаю Яго, то буду падобны да вас ілгун;
    але Я знаю Яго і захоўваю слова Яго;
  • 56. Аўраам, айцец ваш, рады быў, што ўбачыць дзень Мой;
    і ўбачыў, і ўзрадаваўся.
  • 57. На гэта сказалі Яму Іудзеі:
    Табе няма яшчэ пяцідзесяці гадоў,
    і Ты бачыў Аўраама?
  • 58. Сказаў ім Іісус: праўду, праўду кажу вам:
    перш чым быў Аўраам, Я ёсць.
  • 59. Тады ўзялі яны камяні, каб кінуць у Яго,
    але Іісус знік і выйшаў з храма, прайшоўшы між імі;
    і пайшоў так.
Ничего нет для сопоставления.