Глава 28

< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53
  • 1. Гора вянку ганарыстасьці п'яных Яфрэмлянаў, завялай кветцы прыгожага ўбранства ягонага, якая на версе ўрадлівай даліны пераможаных віном!
  • 2. Вось моцны і дужы ў Госпада, як залева з градам і пагібельная віхура, як разьлітая паводка бурлівых водаў, зь сілаю кідае яго на зямлю.
  • 3. Нагамі топчацца вянок ганарыстасьці п'яных Яфрэмлянаў.
  • 4. І з завялаю кветкаю прыгожага ўбранства ягонага, якая на версе ўрадлівай даліны, робіцца тое самае, што бывае з заўчасна дасьпелаю смокваю, якую, як толькі хто ўбачыць, адразу бярэ ў руку і праглыне яе.
  • 5. Таго дня Гасподзь Саваоф будзе цудоўным вянком і слаўнаю дыядэмаю рэшце люду Свайго,
  • 6. і духам правасудзьдзя таму, хто сядзіць у судзілішчы, і мужнасьцю тым, што адбіваюць няпрыяцеля да брамы.
  • 7. Але і гэтыя хістаюцца ад віна і блукаюць ад сікеры; сьвятар і прарок спатыкаюцца ад моцных напояў; пераможаныя віном, звар'яцелі ад сікеры, у бачаньні памыляюцца, у разважаньнях спатыкаюцца.
  • 8. Бо ўсе сталы напоўнены агіднаю блявоцінаю, чыстага месца няма.
  • 9. А кажуць: "каго хоча вучыць ён веданьню? і каго наводзіць на розум пропаведзьдзю? аднятых ад груднога малака, адлучаных ад саскоў?
  • 10. Бо ўсё запаведзь да запаведзі, запаведзь да запаведзі, правіла да правіла, правіла да правіла, тут крыху і там крыху".
  • 11. Затое лепятлівымі вуснамі і чужой моваю прамаўляцьмуць да гэтага люду.
  • 12. Ім казалі: "вось - спакой, дайце спакою струджанаму, і вось - супакаеньне". Але слухаць яны не хацелі.
  • 13. І зрабілася ў іх словам Госпада: запаведзь да запаведзі, запаведзь да запаведзі, правіла да правіла, правіла да правіла, тут крыху, там крыху, - так што яны пойдуць, і ўпадуць наўзнакі і разаб'юцца, і пападуцца ў сетку і будуць злоўленыя.
  • 14. Дык вось, слухайце слова Гасподняе, агуднікі, упраўцы народу гэтага, Ерусалімскага.
  • 15. Як што вы кажаце: "мы заключылі саюз са сьмерцю і з апраметнаю згоду ўчынілі: калі карны біч будзе праходзіць, ён не застане нас, - бо падман мы зрабілі прытулкам сабе, падманам прыкрыем сябе".
  • 16. Пасьля гэтага так кажа Гасподзь Бог: вось, Я закладаю на Сіёне камень, - камень выпрабаваньняў, вуглавы, каштоўны, моцны спод: хто верыць у яго, не пасаромеецца.
  • 17. І пастаўлю суд мераю і праўду вагамі; і градам вынішчыцца прытулак падману, і воды затопяць месца схаваньня.
  • 18. І саюз ваш са сьмерцю парушыцца, і згода вашая з апраметнай ня выстаіць. Калі пойдзе карны біч, вы будзеце патаптаныя.
  • 19. Як толькі ён пойдзе, - схопіць вас; а халадзіць будзе кожнае раніцы, дзень і ноч, і адна чутка пра яго будзе сеяць жуду.
  • 20. Закароткі будзе ложак, каб выцягнуцца; завузкая і коўдра, каб загарнуцца ў яе.
  • 21. Бо паўстане Гасподзь, як на гары Парацыме; разгневаецца, як у даліне Гаваонскай, каб зрабіць дзею Сваю, незвычайную дзею, і ўчыніць дзеяньне Сваё, дзівоснае Сваё дзеяньне.
  • 22. Дык вось, ня блюзьнерце, каб путы вашыя не памацнелі; бо я чуў ад Госпада, Бога Саваофа, што зьнішчэньне вызначана ўсёй вашай зямлі.
  • 23. Прыхілеце вуха, і паслухайце майго голасу; будзьце ўважлівыя, і паслухайце слова маё.
  • 24. Ці ж заўсёды ратай арэ дзеля сяўбы, барозьніць і скародзіць зямлю сваю?
  • 25. Не; калі выраўняе паверхню яе, ён сее чарнушку, альбо рассыпае кмен, альбо раскідае пшаніцу радамі, і ячмень у пэўным месцы, і жыта побач зь ім.
  • 26. І такому парадку вучыць яго Бог ягоны; Ён настаўляе яго.
  • 27. Бо не малоцяць чарнушку катком зубчатым, і колаў малацільных не качаюць па кмене; а кіем выбіваюць чарнушку, і кмен - кіем.
  • 28. Збажыну вымалочваюць, але не разьбіваюць яе; і водзяць па ёй малацільныя колы з конямі іхнімі, але не расьціраюць яе.
  • 29. І гэта робіцца ад Госпада Саваофа: дзівосны лёс у Яго, вялікая мудрасьць Ягоная!