Глава 3

< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51
  • 1. Вось, Гасподзь, Гасподзь Саваоф, адбярэ ў Ерусаліма і ў Юды посах і кій, усякае сілкаваньне хлебам і ўсякае сілкаваньне вадою,
  • 2. адважнага правадыра і ваяра, судзьдзю і прарока, і празорцу і старца,
  • 3. пяцідзясяцкага, і заможніка, і радцу, і мудрага мастака, і майстра ў слове.
  • 4. І дам ім хлапцоў у начальнікі, і дзеці будуць валадарыць над імі.
  • 5. І ў народзе адзін будзе прыгнятацца другім, і кожны блізкім сваім; малады будзе нахабна заносіцца над старым, і прасталюднік над заможнікам.
  • 6. Тады ўхопіцца чалавек за брата свайго, у сямэі бацькі свайго, і скажа: "у цябе ёсьць адзеньне, будзь нашым правадыром, і хай будуць гэтыя руіны пад рукою тваёю".
  • 7. А ён з прысягаю скажа: "не магу загоіць ранаў грамадства; і ў маім доме няма ні хлеба, ні вопраткі; не рабеце мяне правадыром народу".
  • 8. Так рухнуў Ерусалім, і ўпаў Юда, бо язык іх і дзеі іхнія - супроць Госпада, абразьлівыя вачам славы Ягонай.
  • 9. Выраз іх твараў сьведчыць супроць іх, і пра грэх свой яны расказваюць адкрыта, як Садомляне, не хаваюць: гора душы іхняй! бо самі на сябе наклікаюць ліха.
  • 10. Скажэце праведніку, што добра яму: бо ён будзе есьці плады ўчынкаў сваіх;
  • 11. а беззаконьніку гора: бо будзе яму адплата за дзеі рук ягоных.
  • 12. Прыгнятальнікі народу Майго - дзеці, і жанчыны валадараць над ім. Народзе Мой! правадыры твае ўводзяць цябе ў аблуду, і дарогу сьцежак тваіх папсавалі.
  • 13. Паўстаў Гасподзь на суд - і стаіць, каб судзіць народы.
  • 14. Гасподзь уступае ў суд са старэйшынамі народу Свайго і з князямі яго: вы спустошылі вінаграднік; нарабаванае ў беднага - у вашых дамах.
  • 15. Навошта ўціскаеце люд Мой і прыгнятаеце бедных? кажа Гасподзь, Гасподзь Саваоф.
  • 16. І сказаў Гасподзь: за тое, што пышаюцца дочкі Сіёна, і ганарыста ходзяць, падняўшы шыю, і спакушаюць вачыма, і выступаюць гардзейскай хадою, і брынчаць ланцужкі на іхніх нагах,
  • 17. сьпляшывіць Гасподзь цемя дочкам Сіёна, і адкрые Гасподзь сарамату іхнюю.
  • 18. У той дзень адбярэ Гасподзь аздобы: прыгожыя ланцужкі на нагах і спражкі, і зорачкі, і дыядэмы,
  • 19. завушніцы, і пацеркі, і наплечнікі, і вяслы і бранзалеткі, і паясы, і пляшачкі з пахошчамі, і падвескі чароўныя,
  • 20. пярсьцёнкі і колцы ў нос,
  • 21. вопратку і сподняе, і хусткі, і кашалькі,
  • 22. сьветлыя шаты і вэлюмы, і павязкі, і покрывы.
  • 23. І будзе замест пахошчаў смурод, і замест пояса будзе вяроўка, і замест кудзерак плешына, і замест багатае шаты вярэта цесная, замест хараства кляймо ганьбы.
  • 24. Мужчыны твае загінуць ад меча, і адважнікі твае - на вайне.
  • 25. І будуць енчыць і плакаць брамы сталіцы, і будзе яна сядзець на зямлі спусташэньня.