- 1. У год сьмерці цара Азіі бачыў я Госпада, Які сядзеў на троне высокім і ўзьнесеным, і краі шатаў Ягоных напаўнялі ўвесь храм.
- 2. Вакол Яго стаялі серафімы; у кожнага зь іх па шэсьць крылаў: двума засланяў кожны аблічча сваё, і двума засланяў ногі свае, і двума лётаў.
- 3. І клікалі адзін аднаму і казалі: Сьвяты, Сьвяты, Сьвяты Гасподзь Саваоф! уся зямля поўная славы Ягонай!
- 4. І затрэсьліся бэлькі ў браме ад голасу тых, што клікалі, і дом напоўніўся дымам ахвярным.
- 5. І сказаў я: гора мне! загінуў я! бо я чалавек зь нячыстымі вуснамі, і жыву сярод люду таксама зь нячыстымі вуснамі, - і вочы мае бачылі Цара, Госпада Саваофа.
- 6. Тады прыляцеў да мяне адзін серафім, і ў руцэ ў яго распалены вугаль, які ён узяў абцугамі з ахвярніка,
- 7. і дакрануўся да вуснаў маіх і сказаў: вось, гэта кранулася вуснаў тваіх, і беззаконьне тваё адведзена ад цябе, і грэх твой ачышчаны.
- 8. І пачуў я голас Госпада, Які сказаў: каго Мне паслаць? і хто туды пойдзе за вас? І сказаў я: вось я, пашлі мяне.
- 9. А Ён сказаў: ідзі і скажы гэтаму народу: слыхам пачуеце, і не ўразумееце; і вачыма глядзецьмеце, і ня ўбачыце.
- 10. Агрубела бо сэрца ў людзей гэтых, і цяжка чуюць вушыма, і зьмежылі вочы свае, хай ня ўгледзяць вачыма, і не пачуюць вушыма, і сэрцам не ўразумеюць, і не навернуцца, каб Я ацаліў іх.
- 11. І сказаў я: ці надоўга, Госпадзе? Ён сказаў: пакуль не апусьцеюць гарады, і не застануцца без жыхароў, і дамы бязь людзей, і пакуль зямля гэтая зусім не запусьцеецца.
- 12. І выдаліць Гасподзь людзей, і вялікае запусьценьне будзе на гэтай зямлі.
- 13. І калі яшчэ застанецца дзясятая частка на ёй, і вернецца, яна зноў будзе спустошана; але, як ад ліпы і як ад дуба, калі яны сьсечаны, застаецца корань іх, так сьвятое насеньне будзе коранем яе.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Iсая > Глава 6