- 1. Змоўкніце перада Мною, выспы, і народы хай абновяць сваю сілу; няхай яны наблізяцца і скажуць: "станьма разам на суд".
- 2. Хто абудзіў з усходу мужа праўды, заклікаў яго ісьці сьледам за сабою, аддаў яму народы і ўпакорыў цароў? Ён абярнуў іх мечам ягоным у пыл, лукам ягоным у салому, якую разносіць вецер.
- 3. Ён гоніць іх, ідзе спакойна дарогаю, па якой ніколі не хадзіў нагамі сваімі.
- 4. Хто зрабіў і зьдзейсьніў гэта? Той, Хто ад пачатку выклікае роды; Я - Гасподзь першы, і ў апошніх - Я такі самы.
- 5. Убачылі выспы і жахнуліся, канцы зямлі затрымцелі. Яны зьблізіліся і сышліся;
- 6. кожны дапамагае свайму прыяцелю і кажа свайму брату: "мацуйся!"
- 7. Каваль падбадзёрвае гутніка, кляпальшчык - таго, хто куе на кавадле, кажучы пра спайку: "добрая"; і мацуе цьвікамі, каб было цьвёрда.
- 8. А ты, Ізраіле, рабе Мой, Якаве, якога Я выбраў, насеньне Абрагама, сябра Майго,
- 9. ты, каго Я ўзяў ад канцоў зямлі, і паклікаў ад краёў яе, і сказаў табе: ты - Мой раб, Я выбраў цябе і не адкінуў цябе,
- 10. ня бойся, бо Я - з табою; не бянтэжся, бо Я - Бог твой; Я ўмацую цябе і дапамагу табе, і падтрымаю цябе правіцаю праўды Маёй.
- 11. Вось, у сораме і ганьбе застануцца ўсе, угневаныя на цябе, - будуць як нішто, і загінуць тыя, што спрачаюцца з табою.
- 12. Будзеш іх шукаць - і ня знойдзеш іх, што варагуюць з табою; змаганцы супроць цябе будуць як нішто, зусім нішто;
- 13. бо Я - Гасподзь Бог твой; трымаю цябе за правую руку тваю; кажу табе: "ня бойся, Я пасабляю табе".
- 14. Ня бойся, чарвяк Якаў, малалюдны Ізраіле, - Я пасабляў табе, кажа Гасподзь і Адкупнік твой, Сьвяты Ізраілеў.
- 15. Вось, Я зрабіў цябе спраўнаю малатарняю, новаю, зубчатаю; ты будзеш малаціць і пераціраць горы, і пагоркі зробіш, як мякіну.
- 16. Ты будзеш веяць іх, і вецер разьнясе іх, і віхура разьвее іх; а ты зарадуешся ў Госпадзе, будзеш хваліцца Сьвятым Ізраілевым.
- 17. Бедныя і ўбогія шукаюць вады, і няма яе; язык іх сохне ад смагі; Я, Гасподзь, пачую іх, Я, Бог Ізраілеў, не пакіну іх.
- 18. Адчыню на горах рэкі і сярод далінаў крыніцы; пустыню зраблю возерам і сухую зямлю - крыніцамі вады;
- 19. пасаджу ў пустыні кедр, сітым і мірту і масьліну; пасаджу ў стэпе кіпарыс, явар і бук разам,
- 20. каб убачылі і пазналі, і разгледзелі і ўразумелі, што рука Гасподняя ўчыніла гэта, і Сьвяты Ізраілеў стварыў гэта.
- 21. Пакажэце дзею вашую, кажа Гасподзь; прывядзеце вашыя доказы, кажа Цар Якава.
- 22. Хай яны пакажуць і скажуць вам, што адбудзецца; хай абвесьцяць што-небудзь раней, чым яно адбылося, і мы ўвойдзем розумам сваім і ўведаем, чым яно скончылася, альбо хай наперад абвесьцяць нам пра будучыню.
- 23. Скажэце, што адбудзецца ў прыйшласьці, і мы будзем ведаць, што вы багі, альбо зрабеце што-небудзь, хай яно добрае, хай благое, каб мы дзіву даліся і разам з вамі пабачылі.
- 24. Але вы - нішто, і дзея вашая - нікчэмная; мярзота - той, хто выбірае вас.
- 25. Я ўзьнёс яго з поўначы, і ён прыйдзе; з усходу сонца будзе заклікаць імя Маё і таптаць уладыкаў, як бруд, і мясіць як ганчар гліну.
- 26. Хто абвясьціў пра гэта спачатку, каб нам ведаць, і задоўга да таго, каб нам можна было сказаць: "праўда?", але ніхто не сказаў, ніхто не абвясьціў, ніхто ня чуў слоў вашых.
- 27. Я першы сказаў Сіёну: вось яно! і даў Ерусаліму дабравесьніка.
- 28. Дык вось, Я глядзеў, і ня было нікога, і сярод іх не знайшлося дарадцы, каб Я мог спытацца ў іх, і яны далі адказ.
- 29. Вось, усе яны - нішто, нікчэмныя і дзеі іхнія; вецер і пустата - балваны іхнія.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Iсая > Глава 41