Глава 26

< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51
  • 1. Таго дня пасьпяваная будзе песьня гэтая ў зямлі Юдавай: горад моцны ў нас; ратунак даў ён замест мура і вала.
  • 2. Адчынеце браму; хай увойдзе народ праведны, які захоўвае вернасьць.
  • 3. Цьвёрдага духам Ты ахоўваеш у дасканалым міры, бо на цябе спадзяецца ён.
  • 4. Кладзеце надзею на Госпада заўсёды, бо Гасподзь Бог ёсьць цьвярдыня вечная:
  • 5. Ён скінуў тых, што жылі на вышыні, высока пастаўлены горад; разваліў яго, абярнуў на зямлю, шпурнуў яго ў пыл.
  • 6. Нага топча яго, ногі беднага, ступакі ўбогіх.
  • 7. Дарога ў праведніка простая; Ты раўняеш сьцежку праведніку.
  • 8. І на дарозе судоў Тваіх, Госпадзе, мы мелі надзею на Цябе; да імя Твайго і да ўспаміну пра Цябе парывалася душа нашая.
  • 9. Душою маёю я парываўся да Цябе ўначы, і духам маім я буду шукаць Цябе ў нутробе маёй з раньняга рана: бо калі суды Твае адбываюцца на зямлі, тады тыя, што жывуць у сьвеце, вучацца праўдзе.
  • 10. Калі бязбожнік будзе памілаваны, дык не навучыцца ён праўды, - будзе зладзейнічаць у зямлі справядлівасьці і ня будзе зважаць на веліч Госпада.
  • 11. Госпадзе! рука Твая была высока паднятая, але яны ня бачылі яе; убачаць і пасаромеюцца ненавісьнікі народу Твайго; агонь зжарэ ворагаў Тваіх.
  • 12. Госпадзе! Ты даруеш нам мір; бо ўсе дзеі нашыя Ты ўладжваеш нам.
  • 13. Госпадзе Божа наш! Іншыя ўладыкі акрамя Цябе панавалі над намі; але толькі Табою мы славім імя Тваё.
  • 14. Мёртвыя не ажывуць; Рэфаімы ня ўстануць, бо Ты адведаў і зьнішчыў усякую памяць пра іх.
  • 15. Ты памножыў народ, Госпадзе, памножыў народ, - праславіў Сябе, пашырыў усе межы зямлі.
  • 16. Госпадзе! у нягодзе ён шукаў Цябе; ліў ціхія маленьні, калі кара Твая спаткала яго.
  • 17. Як жанчына цяжарная на пачатку родаў пакутуе, лямантуе ад боляў сваіх, так мы былі перад Табою, Госпадзе.
  • 18. Былі цяжарныя, пакутавалі, - і нараджалі як бы вецер; шчасьця зямлі ня ўчынілі, і астатнія жыхары сусьвету не загінулі.
  • 19. Ажывуць мерцьвякі Твае, паўстануць мёртвыя целы! Паўстаньце і ўзрадуйцеся, кінутыя ў пыл: бо раса Твая - сьветлая раса, і зямля выкіне мерцьвякоў.
  • 20. Ідзі, народзе мой, увайдзі ў пакоі твае і замкні за сабою дзьверы твае, схавайся на хвіліну, пакуль ня мінецца гнеў;
  • 21. бо вось, Гасподзь выходзіць з жытлішча Свайго пакараць насельнікаў зямлі за іх беззаконьне, і зямля адкрые пралітую на ёй кроў, і ўжо не схавае забітых сваіх.