- 1. Суцяшайце, суцяшайце народ Мой, кажа Бог ваш;
- 2. кажэце да сэрца Ерусаліма і абвяшчайце яму, што споўніўся час змаганьня ягонага, што за няпраўды яго дадзена дараваньне, бо ён ад рукі Гасподняй атрымаў удвая за ўсе грахі свае.
- 3. Голас таго, хто кліча: у пустыні падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце ў стэпе сьцежкі Богу нашаму;
- 4. кожны дол хай напоўніцца, і кожная гара і пагорак хай панізяцца, крывізны выпрастуюцца, і няроўныя дарогі зробяцца гладкімі;
- 5. і зьявіцца слава Гасподняя, і ўбачыць кожная плоць выратаваньне Божае; бо вусны Гасподнія мовілі гэта.
- 6. Голас кажа: абвяшчай! і сказаў: што мне абвяшчаць? Кожная плоць - трава і ўся краса яе - нібы кветка польная.
- 7. Жухне трава; вяне кветка, як павее на яе ад Госпада: так і народ - трава.
- 8. Трава жухне, кветка вяне, а слова Бога нашага жыцьме вечна.
- 9. Узыдзі на высокую гару, Сіёне, які абвяшчаеш дабро! узвысь моцна твой голас, Ерусаліме, які абвяшчаеш дабро! узвысь, ня бойся; скажы гарадам Юдавым: вось - Бог ваш!
- 10. Вось, Гасподзь Бог ідзе з моцаю, і сіла Яго з уладаю. Вось, узнагарода Яго зь Ім і аддача Ягоная перад абліччам Яго.
- 11. Як пастух Ён будзе пасьвіць Свой статак; ягнят будзе браць на рукі і насіць на грудзях Сваіх, і вадзіць дойных.
- 12. Хто вычарпаў воды прыгаршчамі сваімі і пядзяю вымераў нябёсы, і паклаў у меру пыл зямлі і ўзважыў на вагах горы і на шалях вагавых пагоркі?
- 13. Хто ўразумеў дух Госпада, і быў дарадцам у Яго і вучыў Яго?
- 14. З кім раіцца Ён, і хто наводзіць на розум Яго і настаўляе Яго на шлях праўды, і вучыць Яго ведам і паказвае Яму дарогу мудрасьці?
- 15. Вось народы - як кропля зь вядра, і лічацца як пылінка на вагах. Вось, выспы як парушынку ўзносіць Ён.
- 16. І Лівана ня хопіць на ахвярны агонь, і жывёлаў на ім - на цэласпаленьне.
- 17. Усе народы перад Ім як нішто, - менш за нішто і за пустату ўважаюцца ў Яго.
- 18. Дык вось, да каго ж прыпадобніце вы Бога? І якое падабенства знойдзеце Яму?
- 19. Балвана вылівае майстар і залатар пакрывае яго золатам і срэбныя ланцужкі прырабляе.
- 20. А хто бедны на такое прынашэньне, выбірае нятрухлае дрэва, шукае сабе ўмелага майстра, каб зрабіць балвана, які стаяў бы цьвёрда.
- 21. Хіба ня ведаеце? хіба вы ня чулі? хіба вам не казана было ад пачатку? хіба вы не ўразумелі асноваў зямлі?
- 22. Ён ёсьць Той, Які сядзіць над колам зямлі, і жыхары яе - як саранча перад Ім; Ён распрасьцёр нябёсы, як тонкую тканіну, і расхінуў іх, як намёт пад жытло.
- 23. Ён ператварае князёў у нішто, нікчэмніць судзьдзяў зямных.
- 24. Ледзь толькі яны пасаджаны, ледзь толькі пасеяны, ледзь толькі ўкараніўся ў зямлю камель іх, як толькі Ён дзьмухнуў на іх, яны высахлі, і віхура іх зьнесла, як салому.
- 25. Да каго ж вы Мяне прыпадобніце і з кім параўнаеце? кажа Сьвяты.
- 26. Узьвядзеце вочы вашыя ў высі нябёсаў і паглядзеце, хто стварыў іх? Хто выводзіць войска іх лікам? Ён іх усіх называе імем: праз моцную магутнасьць і вялікую сілу ў Яго нішто не прападае.
- 27. Як жа кажаш ты, Якаве, і выказваеш, Ізраіле: "дарога мая схавана ад Госпада, і дзея мая забытая ў Бога майго"?
- 28. Хіба ты ня ведаеш? хіба ты ня чуў, што вечны Гасподзь Бог, Які стварыў канцы зямлі, не стамляецца і не зьнемагае; розум Яго недасьледны.
- 29. Ён дае стомленаму сілу і даруе зьнямогламу маладосьць.
- 30. Стамляюцца і юнакі і слабнуць, і маладыя людзі падаюць,
- 31. а тыя, што спадзяюцца на Госпада, абновяцца ў сіле: падымуць крылы, як арлы, пацякуць і ня стомяцца, пойдуць і ня стомяцца.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Iсая > Глава 40