- 1. Прароцтва пра пустыню прыморскую. - Як буры на поўдні носяцца, ідзе ён з пустыні, зь зямлі страшнай.
- 2. Грозныя відзежы яўлены мне: рабаўнік рабуе, спусташальнік спусташае; выходзь, Эламе, аблажы, Мідзе! усім стогнам я канец пакладу.
- 3. Ад гэтага сьцёгны мае трасуцца; боль сьцяў мяне, як боль парадзіху. Я ўсхваляваны тым, што чую; я зьбянтэжаны тым, што бачу.
- 4. Сэрца маё трымціць; дрыготка калоціць мяне; радасная ноч мая абярнулася жудасьцю мне.
- 5. Рыхтуюць стол, расьсьцілаюць абрусы, - ядуць, п'юць. "Уставайце, князі, мажце шчыты!"
- 6. Бо так сказаў мне Гасподзь: ідзі, пастаў вартаўніка; хай ён скажа, што ўбачыць.
- 7. І ўбачыў ён верхаўцоў на конях, якія ішлі парамі, верхаўцоў на аслах, верхаўцоў на вярблюдах; і ўслухоўваўся ён пільна, зь вялікай увагаю, -
- 8. і закрычаў, як леў: гаспадару мой! я на варце стаяў увесь дзень, і на месцы маім заставаўся цэлыя ночы:
- 9. і вось, едуць людзі, верхаўцы конныя парамі. Потым усклікнуў ён і сказаў: загінуў, загінуў Вавілон, і ўсе ідалы божышчаў Ягоных ляжаць на зямлі разьбітыя.
- 10. О, памалочаны мой і сыне току майго! Што чуў я ад Госпада Саваофа, Бога Ізраілевага, тое і вам абвясьціў.
- 11. Прароцтва пра Думу. - Крычаць мне з Сэіра: варта! якая пара ночы? варта! якая пара ночы?
- 12. Адказвае вартаўнік: набліжаецца раніца, але яшчэ ноч. Калі вы дапытваецеся, дык павярнецеся і прыходзьце.
- 13. Прароцтва пра Аравію. - У лесе Аравійскім пачуйце, караваны Дэданскія!
- 14. Жыхары зямлі Тэмайскай! нясеце вады насустрач сасьмяглым; з хлебам сустракайце ўцекачоў;
- 15. бо яны ад мечаў уцякаюць, ад меча аголенага і ад лука няпятага і ад лютай вайны.
- 16. Бо так сказаў мне Гасподзь: яшчэ год, роўны год найміцкаму, - і ўся слава Кідарава зьнікне,
- 17. і лукаў і адважных сыноў Кідара няшмат: так сказаў Гасподзь Бог Ізраілеў.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Iсая > Глава 21