- 1. Прароцтва пра Егіпет. - Вось, Гасподзь сядзіць на воблаку лёгкім і прыбывае ў Егіпет. І затрымцяць ад аблічча Яго ідалы Егіпецкія, і сэрца Егіпта растане ў ім.
- 2. Я ўзбуру Егіпцянаў і будуць ваяваць брат супроць брата і сябар супроць сябра, горад з горадам, царства з царствам.
- 3. І дух Егіпта зьняможацца ў ім, і заблытаю раду яго, - і пойдуць яны да ідалаў і да чарадзеяў, і да закліначоў мёртвых і да варажбітоў.
- 4. І аддам Егіпцянаў у рукі валадара жорсткага, і люты цар запануе над імі, кажа Гасподзь, Гасподзь Саваоф.
- 5. І скончыцца вада ў моры і рака зьвядзецца і высахне;
- 6. і звузяцца рэкі, і каналы Егіпецкія сплытчэюць і высахнуць; павянуць чарот і трысьнёг.
- 7. Лугі над ракою, па берагах ракі, і ўсё, пасеянае каля ракі, засохне, разьвеецца і счэзьне.
- 8. І заплачуць рыбакі, і загалосяць усе, хто закідвае вуды ў раку, і хто ставіць мярэжы ў вадзе, западуць у роспач;
- 9. і будуць зьбянтэжаны тыя, што апрацоўваюць лён, і ткачы белых палотнаў;
- 10. і будуць панішчаны мярэжы, і ўсе, хто трымае садкі пад жывую рыбу, занепадуць духам.
- 11. Так! страцілі розум князі Цаанскія; рада мудрых дарадцаў фараонавых страціла глузд. Як скажаце вы фараону: "я сын мудрацоў, сын цароў старажытных?"
- 12. Дзе яны? дзе твае мудрацы? хай яны скажуць табе; хай даведаюцца, што Гасподзь Саваоф вызначыў пра Егіпет?
- 13. Звар'яцелі князі Цаанскія; ашукаліся князі Мэмфіскія, і збочыў Егіпет з дарогі галавы плямёнаў ягоных.
- 14. Гасподзь уліў у яго дух чмуру, - і яны ўвялі Егіпет у аблуду ва ўсіх чынах ягоных, падобна на тое, як ходзіць п'яны па ванітах сваіх.
- 15. І ня будзе ў Егіпце такое дзеі, якую ўчыніць умелі б галава і хвост, пальма і трысьціна.
- 16. У той дзень Егіпцяне будуць падобныя да жанчын і затрымцяць і забаяцца руху рукі Госпада Саваофа, якую Ён падыме на іх.
- 17. Зямля Юдава зробіцца жудасьцю Егіпту; хто ўзгадае пра яе, той затрымціць ад вызначэньня Госпада Саваофа, якое Ён пастанавіў пра яго.
- 18. У той дзень пяць гарадоў у зямлі Егіпецкай загавораць моваю Ханаанскай і будуць бажыцца Госпадам Саваофам; адзін назавецца горадам сонца.
- 19. У той дзень ахвярнік Госпаду будзе пасярод зямлі Егіпецкай, і помнік Госпаду - каля межаў яе.
- 20. І будзе ён азнакаю і сьведчаньнем пра Госпада Саваофа ў зямлі Егіпецкай, бо яны заклічуць да Госпада ад прыгнятальнікаў, і Ён пашле ім выратавальніка і заступніка, і выбавіць іх.
- 21. Гасподзь явіць Сябе ў Егіпце; і Егіпцяне ў той дзень спазнаюць Госпада і прынясуць ахвяры і дарункі, і дадуць абяцаньні Госпаду, і выканаюць.
- 22. І паб'е Гасподзь Егіпет, - паб'е і ацаліць: яны зьвернуцца да Госпада - і Ён пачуе іх і ацаліць іх.
- 23. У той дзень зь Егіпта ў Асірыю будзе вялікая дарога, і будзе прыходзіць Асур у Егіпет, і Егіпцяне - у Асірыю; і Егіпцяне разам з Асірыйцамі служыцьмуць Госпаду.
- 24. У той дзень Ізраіль будзе трэці зь Егіптам і Асірыяй; дабраславеньне будзе на зямлі,
- 25. якую дабраславіць Гасподзь Саваоф, кажучы: дабраславёны народ Мой, Егіпцяне, і дзея рук Маіх - Асірыяне, і спадчына Мая - Ізраіль.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Iсая > Глава 19