- 1. Так кажа Гасподзь памазанцу Свайму Кіру: Я трымаю цябе за правую руку, каб упакорыць табе народы, і здыму паясы з пасьніц цароў, каб адчыніліся табе дзьверы і брама не зачынялася:
- 2. Я пайду перад табою і горы зраўняю, медныя дзьверы патрушчу і завалы жалезныя паламаю;
- 3. і аддам табе хаваныя ў цемры скарбы і схаваныя багацьці, каб ты ўведаў, што Я Гасподзь, Які называе цябе імем, - Бог Ізраілеў.
- 4. Дзеля Якава, раба Майго, і Ізраіля, выбранага Майго, я назваў цябе імем, ушанаваў цябе, хоць ты ня ведаў Мяне.
- 5. Я - Гасподзь, і няма іншага; няма Бога, апрача Мяне; Я аперазаў цябе, хоць ты і ня ведаў Мяне,
- 6. каб спазналі ад усходу сонца і ад захаду, што няма апрача Мяне; Я - Гасподзь, і няма іншага.
- 7. Я ўтвараю сьвятло і ствараю цемру, раблю мір і чыню беды; Я, Гасподзь, раблю ўсё гэта.
- 8. Крапеце, нябёсы, згары, і воблакі хай праліваюць праўду; хай разамкнецца зямля і прыносіць выратаваньне, і хай расьце разам праўда. Я, Гасподзь, твару гэта.
- 9. Гора таму, хто спрачаецца з Творцам сваім, чарапок з чарапкоў зямных! Ці скажа гліна ганчару: "што ты робіш?" і твая дзея ці скажа пра цябе: "у яго няма рук"?
- 10. Гора таму, хто кажа бацьку: навошта ты спарадзіў мяне на сьвет, а маці: навошта ты нарадзіла мяне?
- 11. Так кажа Гасподзь, Сьвяты Ізраіля і Творца яго: вы пытаецеся ў Мяне пра будучыню сыноў Маіх і хочаце Мне ўказваць у дзеях рук Маіх?
- 12. Я зрабіў зямлю і стварыў на ёй чалавека; Я - Мае рукі і распасьцёрлі нябёсы, і ўсяму воінству іхняму даў закон Я.
- 13. Я ўзьвёў яго ў праўдзе і спрастую ўсе дарогія яго. Ён збудуе горад Мой і адпусьціць палонных Маіх, не за выкуп і не за дары, кажа Гасподзь Саваоф.
- 14. Так кажа Гасподзь: працы Егіпцян і гандаль Эфіоплянаў, і Савэйцы, людзі рослыя, да цябе пяройдуць і будуць твае; яны пойдуць сьледам за табою, у ланцугах прыйдуць і ўпадуць перад табою, і будуць маліць цябе, кажучы: у цябе толькі Бог, і няма іншага Бога.
- 15. Сапраўды, Ты - Бог таямнічы, Бог Ізраілеў, Збаўца.
- 16. Усе яны будуць паганьбаваныя і пасаромленыя; разам зь імі ў сораме пойдуць і ўсе, хто робіць ідалаў.
- 17. А Ізраіль будзе выратаваны ратункам вечным у Госпадзе; вы ня будзеце паганьбаваныя вавекі вякоў.
- 18. Бо так кажа Гасподзь, Які стварыў нябёсы, Ён - Бог, даў вобраз зямлі і зрабіў яе; Ён уцьвердзіў; не дарма стварыў яе, Ён зладзіў яе на жыхарства; Я - Гасподзь, і няма іншага.
- 19. Не таемнае Я гаварыў, ня ў цёмным месцы зямлі; не казаў Я племю Якава: дарма шукаеце Мяне. Я - Гасподзь, Які прамаўляе праўду, адкрывае ісьціну.
- 20. Зьбярэцеся і прыйдзеце, наблізьцеся ўсе, хто ацалеў з народаў. Невукі тыя, якія носяць драўлянага свайго ідала і моляцца богу, які не ратуе.
- 21. Абвясьцеце і скажэце, параіўшыся паміж сабою: хто абвясьціў гэта са старадаўніх часоў, наперад сказаў гэта? Ці ня Я, Гасподзь? і няма іншага Бога акрамя Мяне, - Бога праведнага і ратавальнага няма, акрамя Мяне.
- 22. Да Мяне зьвярнецеся і будзеце выратаваныя, усе канцы зямлі; бо Я - Бог, і няма іншага.
- 23. Мною прысягаю: з вуснаў Маіх сыходзіць праўда, слова нязьменнае, што перад Мною схіліцца кожнае племя, Мною будзе прысягаць кожны род.
- 24. Толькі ў Госпада, будуць казаць пра Мяне, праўда і сіла; да Яго прыйдуць і пасаромяцца ўсе, што варагавалі супроць Яго.
- 25. Госпадам будзе апраўдана і праслаўлена ўсё племя Ізраілева.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Iсая > Глава 45