- 1. Разьвесяліся, няплодная, неўрадлівая; усклікні і голасам скажы ты, якая ня мучылася родамі; бо ў пакінутай намнога болей дзяцей, чым у замужняе, кажа Гасподзь.
- 2. Расхіні месца намёту твайго, пашыры покрывы жытлішчаў тваіх; не саромейся, - адпусьці даўжэй шнуры твае і ўцьвердзі калкі твае;
- 3. бо ты пашырышся направа і налева, і нашчадкі твае завалодаюць народамі і заселяць спустошаныя гарады.
- 4. Ня бойся, бо ня будзеш пасаромленая; не бянтэжся, бо ня будзеш у паганьбеньні: ты забудзеш ганьбу маладосьці тваёй і ня будзеш болей згадваць пра няслаўе ўдоўства твайго.
- 5. Бо твой Творца ёсьць муж твой; Гасподзь Саваоф - імя Яго, і Адкупнік твой - Сьвяты Ізраілеў: Богам усёй зямлі назавецца Ён.
- 6. Бо як жонку, пакінутую і скрушлівую духам, заклікае цябе Гасподзь, і як жонку маладосьці, якая была адкінутая, кажа Бог твой.
- 7. На кароткі час Я пакінуў цябе, але зь вялікаю літасьцю прыму цябе.
- 8. У гарачцы гневу Я схаваў ад цябе аблічча Маё на час, але вечнаю літасьцю памілую цябе, кажа Адкупнік твой Гасподзь.
- 9. Бо гэта Мне, як воды Ноя: як Я пакляўся, што воды Ноя ня прыйдуць больш на зямлю, як пакляўся ня гневацца на цябе і не дакараць цябе.
- 10. Горы скрануцца і пагоркі пахіснуцца, - а літасьць Мая не адступіць ад цябе, і запавет міру Майго не пахісьнецца, кажа Гасподзь, Які спагадае табе.
- 11. Бедная, кіданая бураю, няўцешная! Вось, Я пакладу камяні твае на рубін і зраблю аснову тваю з сапфіраў;
- 12. і зраблю вокны твае з рубінаў і браму тваю - з жамчужын, і ўсю агароджу тваю - з каштоўных камянёў.
- 13. І ўсе сыны твае будуць навучаны Госпадам, і вялікі спакой будзе ў сыноў тваіх.
- 14. Ты ўмацуешся праўдаю; будзеш далёкая ад уціску, бо табе баяцца няма чаго, і ад жудасьці, бо ён не наблізіцца да цябе.
- 15. Вось, будуць узбройвацца супроць цябе, але не ад Мяне; хто б ні ўзброіўся супроць цябе, - загіне.
- 16. Вось, Я стварыў каваля, які разьдзімае жар у агні і робіць прыладу для сваёй працы, - і Я ствараю згубцу на вынішчэньне.
- 17. Ніякая зброя, зробленая на цябе, ня дасьць посьпеху; і кожны язык, які будзе спаборнічаць з табою на судзе, - ты зьвінаваціш. Гэта спадчына рабоў Госпада, апраўданьне іх ад Мяне, кажа Гасподзь.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Iсая > Глава 54