- 1. Дух Госпада Бога на Мне, бо Гасподзь памазаў Мяне зьвеставаць убогім, паслаў Мяне ацаляць зламаных сэрцам, прапаведаваць палонным вызваленьне і вязьням - адкрыцьцё цямніцы,
- 2. прапаведаваць год Гасподні спрыяльны і дзень помсты Бога нашага; суцешыць усіх, хто бядуе,
- 3. абвясьціць тым, хто жаліцца на Сіён, што ім замест попелу дасца акраса, замест плачу - алей радасьці, замест заняпалага духу - слаўная вопратка; і назавуць іх моцнымі праўдаю, асалодаю Госпада ў славу Яго.
- 4. І забудуюць пустыні спрадвечныя, адновяць старадаўнія руіны і адновяць гарады разбураныя, запусьцелыя з даўніх родаў.
- 5. І прыйдуць іншаземцы, і будуць пасьвіць статкі вашыя; і сыны чужаземцаў будуць вашымі ратаямі і вашымі вінаградарамі.
- 6. А вы будзеце называцца сьвятарамі Госпада, - службітамі Бога нашага называцьмуць вас; будзеце карыстацца здабыткамі народаў і славіцца славаю іхняю.
- 7. За пасаромленьне вам будзе ўдвая; за паглумленьне яны будуць радавацца сваёй долі, бо ў зямлі сваёй удвая атрымаюць; весялосьць вечная будзе ў іх.
- 8. Бо Я, Гасподзь, люблю правасудзьдзе, ненавіджу рабункі з гвалтам, і дам узнагароду ім паводле ісьціны, і запавет вечны пастаўлю зь імі;
- 9. і будзе вядома між народамі семя іхняе, і нашчадкі іхнія - сярод плямёнаў; усе, хто бачыць іх, спазнаюць, што яны - насеньне, дабраславёнае Госпадам.
- 10. Радасьцю буду радавацца ў Госпадзе, разьвесяліцца душа мая ў Богу маім: бо Ён апрануў мяне ў шаты ратаваньня, адзеньнем праўды ахінуў мяне, як на жаніха ўсклаў вянок і, як нявесту, аздобіў убранствам.
- 11. Бо - як зямля ўтварае расьліны свае, і як сад гадуе пасеянае ў ім, - так Гасподзь Бог выявіць праўду і славу перад усімі народамі.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Iсая > Глава 61