Глава 7

< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51
  • 1. Слова, якое было Ераміі ад Госпада:
  • 2. стань у браме дома Гасподняга і абвясьці там слова гэтае і скажы: слухайце слова Гасподняе, усе Юдэі, якія ўваходзяць праз гэтую браму на пакланеньне Госпаду.
  • 3. Так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: выпраўце шляхі вашыя і дзеі вашыя, і Я пакіну вас жыць на гэтым месцы.
  • 4. Не спадзявайцеся на словы манлівыя: "тут храм Гасподні, храм Гасподні, храм Гасподні".
  • 5. Але калі зусім выправіце шляхі вашыя і дзеі вашыя, калі будзеце правільна чыніць суд паміж чалавекам і супернікам ягоным,
  • 6. ня будзеце прыгнятаць іншаземца, сіраты і ўдавы, і праліваць нявіннай крыві на месцы гэтым, і ня пойдзеце сьледам за іншымі багамі на бяду сабе,
  • 7. дык я пакіну вас жыць на месцы гэтым, на гэтай зямлі, якую даў бацькам вашым у роды родаў.
  • 8. Вось, вы спадзеяцеся на падманлівыя словы, якія не дадуць вам карысьці.
  • 9. Як! вы крадзяце, забіваеце і пералюбы чыніце, і божыцеся ў ілжы і кадзіце Ваалу і ходзіце сьледам за іншымі багамі, якіх вы ня ведаеце,
  • 10. і потым прыходзіце і становіцеся перад абліччам Маім у доме гэтым, над якім названа імя Маё, і кажаце: "мы выратаваны", каб і далей рабіць усе гэтыя мярзоты.
  • 11. Ці не зрабіўся кублом разбойнікаў у вачах вашых дом гэты, над якім названа імя Маё? Вось, Я бачыў гэта, кажа Гасподзь.
  • 12. Ідзеце ж на месца Маё ў Сілом, дзе Я раней назначыў быць імю Майму, і паглядзеце, што зрабіў Я зь ім за бязбожнасьць народа Майго Ізраіля.
  • 13. І сёньня, як бо вы робіце ўсё гэта, кажа Гасподзь, і Я казаў вам з самае раніцы, а вы ня слухалі, і клікаў вас, а вы не адказвалі,
  • 14. дык Я так зраблю з домам гэтым, над якім названа імя Маё, на які вы спадзеяцеся, і зь месцам, якое Я даў вам і бацькам вашым, як зрабіў зь Сіломам.
  • 15. І адкіну вас ад аблічча Майго, як адкінуў усіх братоў вашых, усё семя Яфрэмавае.
  • 16. А ты не прасі за народ гэты і ня ўзнось за іх малітвы і просьбы, і не хадайнічай перад Мною, бо Я не пачую цябе.
  • 17. Ці ж ня бачыш, што яны робяць у гарадах Юдэі і на вуліцах Ерусаліма?
  • 18. Дзеці зьбіраюць дровы, а бацькі разводзяць агонь, і жанчыны месяць цеста, каб рабіць піражкі багіні неба і ўчыняць выліваньні іншым багам, каб засмуціць Мяне.
  • 19. Але ці Мяне засмучаюць яны? кажа Гасподзь: ці не саміх сябе сабе на сорам?
  • 20. Таму так кажа Гасподзь Бог: вось, выліваецца гнеў Мой і лютасьць Мая на месца гэтае, на людзей і на быдла, і на дрэвы польныя і на плады зямлі, і загарыцца і не патухне.
  • 21. Так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: цэласпаленьні вашыя дадавайце да ахвяраў вашых і ежце мяса;
  • 22. бо бацькам вашым Я не казаў і не даваў ім запаведзі ў той дзень, у які Я вывеў іх зь зямлі Егіпецкай, пра цэласпаленьне і ахвяру;
  • 23. а такую запаведзь даў ім: слухайцеся голасу Майго, і Я буду вашым Богам, і вы будзеце Маім народам, і хадзеце па ўсякім шляху, які Я запавядаю вам, каб вам было добра.
  • 24. Але яны не паслухаліся і ня прыхілілі вуха свайго, і жылі паводле намовы і ўпартасьці ліхога сэрца свайго, і сталі да Мяне плячыма, а ня тварам.
  • 25. З таго дня, як бацькі вашыя выйшлі зь зямлі Егіпецкай, да гэтага дня Я пасылаў да вас усіх рабоў Маіх - прарокаў, пасылаў кожны дзень з самае раніцы:
  • 26. але яны ня слухаліся Мяне і не прыхілілі вуха, а зжарсьцьвілі карак свой, рабілі горш за бацькоў сваіх.
  • 27. І калі ты будзеш казаць ім усе гэтыя словы, яны цябе не паслухаюцца: і калі будзеш клікаць іх, яны табе не адкажуць.
  • 28. Тады скажы ім: вось народ, які ня слухае голасу Госпада Бога свайго і ня прымае настаўленьняў! Ня стала ў іх ісьціны, - яна адабрана ад вуснаў іх.
  • 29. Абстрыжы валасы свае і кінь, і падымі плач на горах, бо адкінуў Гасподзь і пакінуў род, які наклікаў гнеў Ягоны.
  • 30. Бо сыны Юды робяць ліхое перад вачыма Маімі, кажа Гасподзь, паставілі мярзоты свае ў доме, над якім названа імя Маё, каб апаганіць яго;
  • 31. і зладзілі вышыні ў даліне Тафэта, у даліне сыноў Эномавых, каб паліць сыноў сваіх і дачок сваіх у агні, чаго Я не загадваў, і што мне на сэрца ня прыходзіла.
  • 32. За тое вось, прыходзяць дні, кажа Гасподзь, калі ня будуць болей называць месца гэтае Тафэтам і далінаю сыноў Эномавых, а далінаю забойства, і ў Тафэце будуць хаваць ад недахопу месца.
  • 33. І будуць трупы народа гэтага ежаю птушкам нябесным і зьвярам зямным, і ня будзе каму адганяць іх.
  • 34. І спыню ў гарадах Юдэі і на вуліцах Ерусаліма голас перамогі і голас радасьці, голас жаніха і голас нявесты; бо зямля гэтая будзе пустыняю.