Глава 13

< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51
  • 1. Так сказаў мне Гасподзь: ідзі, купі сабе льняны пояс і пакладзі яго на сьцёгны твае, але ў ваду не кладзі яго.
  • 2. І я купіў пояс, паводле слова Гасподняга, і паклаў яго на сьцёгны мае.
  • 3. І было мне слова Гасподняе другі раз, і сказана:
  • 4. вазьмі пояс, які ты купіў, які на сьцёгнах тваіх, і ўстань, ідзі да Еўфрата і схавай яго там, у расколіне скалы.
  • 5. Я пайшоў і схаваў яго каля Еўфрата, як загадаў мне Гасподзь.
  • 6. Як прайшло многа дзён, сказаў мне Гасподзь: устань, ідзі да Еўфрата і вазьмі адтуль пояс, які Я загадаў табе схаваць там.
  • 7. І я прыйшоў да Еўфрата, выкапаў і ўзяў пояс з таго месца, дзе схаваў яго, і вось - пояс быў сапсаваны, стаў ні на што не прыдатны
  • 8. І было мне слова Гасподняе:
  • 9. так кажа Гасподзь: так паламаю я гардунства Юды і вялікае гардунства Ерусаліма
  • 10. Гэты нягодны народ, які ня хоча слухаць слоў Маіх, жыве паводле ўпартасьці сэрца свайго і ходзіць па сьледзе іншых багоў, каб служыць ім і пакланяцца ім, будзе як гэты пояс, які ні на што не прыдатны.
  • 11. Бо, як пояс блізка ляжыць да сьцёгнаў чалавека, так Я наблізіў да сябе ўвесь дом Ізраілеў і ўвесь дом Юдаў, кажа Гасподзь, каб яны былі Маім народам і Маёю славаю, хвалою і акрасаю; але яны не паслухаліся.
  • 12. Таму скажы ім слова гэтае: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: кожны вінны мех напаўняецца віном. Яны скажуць табе: хіба мы ня ведаем, што кожны вінны мех напаўняецца віном?
  • 13. А ты скажы ім: так кажа Гасподзь: вось, Я напоўню віном да ап'яненьня ўсіх жыхароў гэтай зямлі і цароў, якія сядзяць на троне Давідавым, і сьвятароў і прарокаў і ўсіх жыхароў Ерусаліма,
  • 14. І паламаю іх адзін аб аднаго, і бацькоў і сыноў разам, кажа Гасподзь; ня літую і не памілую і не пашкадую вынішчыць іх.
  • 15. Слухайце і ўважайце; ня будзьце ганарыстыя, бо Гасподзь прамаўляе.
  • 16. Узьнясеце славу Госпаду Богу вашаму, пакуль Ён яшчэ не навёў цемры, і пакуль яшчэ ногі вашыя не спатыкаюцца на горах мораку: тады вы будзеце чакаць сьвятла, а Ён аберне яго ў цень сьмерці і зробіць цемраю.
  • 17. Калі ж вы не паслухаеце гэтага, дык душа мая ў запаветных мясьцінах будзе аплакваць гардунства ваша, будзе плакаць горка, і вочы мае будуць вылівацца сьлязьмі; бо статак Гасподні заведзены будзе ў палон.
  • 18. Скажы цару і царыцы: упакорцеся, сядзьце ніжэй, бо ўпаў з галавы вашай вянок славы вашай.
  • 19. Паўднёвыя гарады зачынены, і няма каму адчыняць іх; Юда ўвесь заводзіцца ў палон, заводзіцца ў палон увесь цалкам.
  • 20. Узьвядзеце вочы вашыя і паглядзеце на тых, што шукаюць з поўначы: дзе статак, які быў дадзены табе, прыгожы статак твой?
  • 21. Што скажаш, дачка Сіёна, калі Ён наведае цябе? Ты сама прывучыла іх начальнічаць над табою, ці ня схопяць цябе болі, як парадзіху?
  • 22. І калі скажаш у сэрцы тваім: "за што спасьцігла мяне гэта?" - За безьліч беззаконьняў тваіх адгорнены прыпол у цябе, аголены пяты твае.
  • 23. Ці можа Эфіоп перамяніць скуру сваю і барс - плямы свае? так і вы ці ж можаце рабіць добрае, прызвычаіўшыся рабіць благое?
  • 24. Таму разьвею іх, як пыл, што разносіцца ветрам пустынным.
  • 25. Вось доля твая, намераная табе Мною частка, кажа Гасподзь, бо ты забылася пра Мяне і паспадзявалася на няпраўду.
  • 26. За тое будзе падняты прыпол твой, каб агалілася сарамата твая.
  • 27. Бачыў Я распусту тваю і шалёныя пахацінствы твае, твае непатрэбствы і твае гідоты на пагорках у полі. Гора табе, Ерусаліме! ты і пасьля гэтага не ачысьцішся. Дакуль жа?