- 1. Слова, якое было Ерамію ад Госпада, калі цар Сэдэкія прыслаў да яго Пасхора, сына Малхіінага і Сафонію, сына Маасэі сьвятара, сказаць:
- 2. "Спытайся пра нас у Госпада, бо Навухаданосар, цар Вавілонскі, ваюе супроць нас; магчыма, Гасподзь учыніць з намі што-небудзь такое, як усе цуды Яго, каб той адступіўся ад нас".
- 3. І сказаў ім Ерамія: так скажэце Сэдэкію:
- 4. так кажа Гасподзь, Бог Ізраілеў: вось, Я павярну назад вайсковую зброю, якая ў руках вашых, якою вы змагаецеся з царом Вавілонскім і з Халдэямі, якія асуджаюць вас па-за сьценамі, і зьбяру іх сярод горада гэтага;
- 5. і Сам буду ваяваць супроць вас рукою прасьцёртаю і мышцаю моцнаю ў гневе і ў лютасьці і ў вялікім абурэньні;
- 6. і паб'ю жыхароў гэтага горада - і людзей і быдла; ад вялікай пошасьці памруць яны.
- 7. А пасьля таго, кажа Гасподзь, Сэдэкію, цара Юдэйскага, слуг ягоных і народ і тых, хто застаўся ў горадзе гэтым ад пошасьці і паморку, меча і голаду, перадам у рукі Навухаданосару, цару Вавілонскаму, і ў рукі ворагам іхнім і ў рукі шукальнікам душы іхняй; і ён паб'е іх вастрыём меча і ня зьлітуецца зь іх, і не пашкадуе і не памілуе.
- 8. І народу гэтаму скажы: так кажа Гасподзь: вось, Я прапаную вам шлях жыцьця і шлях сьмерці:
- 9. Хто застанецца ў гэтым горадзе, той памрэ ад меча і голаду, пошасьці і згубнага паморку; а хто выйдзе і аддасца Халдэям, якія аблажылі вас, той будзе жывы, і душа ягоная будзе яму замест здабычы;
- 10. бо Я павярнуў аблічча Маё супроць горада гэтага, кажа Гасподзь, на зло, а не на дабро; ён будзе выдадзены ў рукі цара Вавілонскага, і той спаліць яго агнём.
- 11. І дому цара Юдэйскага скажы: слухайце слова Гасподняе:
- 12. Доме Давідаў! так кажа Гасподзь: з самае раніцы чынеце суд і ратуйце скрыўджанага ад рукі крыўдніка, каб лютасьць Мая ня выйшла, як агонь, і не разгарэлася з прычыны благіх дзеяў вашых да таго, што ніхто не патушыць.
- 13. Вось, Я - супроць цябе, жыхара даліны, скала раўніны, кажа Гасподзь, - супроць вас, што кажаце: "хто выступіць супроць нас і хто ўвойдзе ў селішчы нашыя?"
- 14. Але Я наведаю вас паводле плёну дзеяў вашых, кажа Гасподзь, і запалю агонь у лесе вашым, і зжарэ ўсё вакол яго.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Ерамiя > Глава 21