- 1. На пачатку цараваньня Ёакіма, сына Ёсіі, цара Юдэйскага, было слова гэтае Ерамію ад Госпада:
- 2. Так сказаў мне Гасподзь: зрабі сабе повязі і ярмо і накладзі іх сабе на шыю;
- 3. і пашлі такія самыя цару Ідумэйскаму і цару Маавіцкаму, і цару сыноў Амонавых і цару Тыра і цару Сідона, праз паслоў, якія прыйшлі ў Ерусалім да Сэдэкіі, цара Юдэйскага;
- 4. і накажы ім сказаць спадарам іхнім: так кажа Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў: так скажэце гаспадарам вашым:
- 5. Я стварыў зямлю, чалавека і жывёлы, якія на ўлоньні зямлі, вялікай магутнасьцю Маёй і прасьцёртаю мышцай Маёю, і аддаў яе, каму Мне заўгодна было.
- 6. І сёньня я аддаю ўсе землі гэтыя ў руку Навухаданосару, цару Вавілонскамму, рабу Майму, і нават зьвяроў польных аддаю яму на слугаваньне.
- 7. І ўсе народы будуць служыць яму і сыну ягонаму і сыну сына яго, пакуль ня прыйдзе час яго і ягонай зямлі і яму самому; і будуць служыць яму народы многія і цары вялікія.
- 8. І калі які народ і царства не захоча служыць яму, Навухаданосару, цару Вавілонскаму, і ня схіліць шыі сваёй пад ярмо цара Вавілонскага, - гэты народ Я пакараю мечам, голадам, пошасьцю і згубным паморкам, кажа Гасподзь, пакуль ня вынішчу іх рукою ягонай,
- 9. і вы ня слухайце сваіх прарокаў і сваіх варажбітоў, і сваіх мройнікаў і сваіх чараўнікоў і сваіх зьвездароў, якія кажуць вам: "ня будзеце служыць цару Вавілонскаму".
- 10. Бо яны прарочаць вам няпраўду, каб выдаліць вас зь зямлі вашай, і каб Я прагнаў вас і вы загінулі.
- 11. А народ, які схіліць шыю сваю пад ярмо цара Вавілонскага і пачне служыць яму, Я пакіну на зямлі Сваёй, кажа Гасподзь, і ён будзе ўрабляць яе і жыць на ёй.
- 12. І Сэдэкію, цару Юдэйскаму, я казаў усімі гэтымі словамі і сказаў: схілеце шыю пад ярмо цара Вавілонскага і служэце яму і народу ягонаму - і будзеце жывыя.
- 13. Навошта паміраць табе і народу твайму ад меча, голаду, паморку і згубнай пошасьці, як сказаў Гасподзь пра той народ, які ня будзе служыць цару Вавілонскаму?
- 14. І ня слухайце слоў прарокаў, якія кажуць вам: "ня будзеце служыць цару Вавілонскаму"; бо яны прарочаць няпраўду.
- 15. Я не пасылаў іх, кажа Гасподзь; і яны фальшыва прарочаць імем Маім, каб я выгнаў вас, і каб вы загінулі, - вы і прарокі вашыя, якія прарочаць вам.
- 16. І сьвятарам і ўсяму народу гэтаму я казаў: так кажа Гасподзь: ня слухайце слоў прарокаў вашых, якія прарочаць вам і кажуць: "вось, неўзабаве вернуты будзе з Вавілона посуд дома Гасподняга"; бо яны прарочаць вам няпраўду.
- 17. Ня слухайце іх, служэце цару Вавілонскаму і жывеце; навошта даводзіць горад гэты да спусташэньня?
- 18. А калі яны - прарокі і калі ў іх ёсьць слова Гасподняе, дык няхай хадайнічаюць перад Госпадам Саваофам, каб посуд, які застаецца ў доме Гасподнім і ў доме цара Юдэйскага і ў Ерусаліме, не прайшоў у Вавілон.
- 19. Бо так кажа Гасподзь Саваоф пра слупы і пра меднае мора, і падножжы і іншыя рэчы, якія засталіся ў гэтым горадзе,
- 20. якіх Навухаданосар, цар Вавілонскі ня ўзяў, калі Еханію, сына Ёакіма, цара Юдэйскага, і ўсіх знакамітых Юдэяў і Ерусалімлян вывеў зь Ерусаліма ў Вавілон,
- 21. бо так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў, пра посуд, які застаўся ў доме Гасподнім і ў доме цара Юдэйскага і ў Ерусаліме:
- 22. ён будзе занесены ў Вавілон і там застанецца да таго дня, калі Я наведаю іх, кажа Гасподзь, і выведу іх і вярну іх на месца гэтае.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Ерамiя > Глава 27