- 1. Гасподзь паказаў мне: і вось, два кашы са смоквамі пастаўлены перад храмам Гасподнім, - пасьля таго, як Навухаданосар, цар Вавілонскі, вывеў зь Ерусаліма палоннымі Еханію, сына Ёакімавага, цара Юдэйскага, і князёў Юдэйскіх зь цесьлямі і кавалямі і прывёў іх у Вавілон:
- 2. адзін кош быў са смоквамі вельмі добрымі, якімі бываюць смоквы раньнія, а другі кош - са смоквамі вельмі благімі, якіх зь нягоднасьці іхняй нельга есьці.
- 3. І сказаў мне Гасподзь: што бачыш ты, Ерамія? я сказаў: смоквы, смоквы добрыя - вельмі добрыя, а благія - вельмі благія, так што іх нельга есьці, бо яны вельмі кепскія.
- 4. І было мне слова Гасподняе:
- 5. так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: падобна, як гэтыя смоквы добрыя, Я прызнаю добрымі перасяленцаў Юдэйскіх, якіх Я паслаў з гэтага месца ў зямлю Халдэйскую;
- 6. я зьвярну на іх вочы Мае на дабро ім і вярну іх у зямлю гэтую, і ўладжу іх, а ня зруйную, і пасаджу іх, а ня выкарчую;
- 7. і дам ім сэрца, каб ведалі Мяне, што Я - Гасподзь, і яны будуць Маім народам, а Я буду іхнім Богам; бо яны абернуцца да Мяне ўсім сэрцам сваім.
- 8. А пра благія смоквы, якіх і есьці нельга за няпрыдатнасьць іх, так кажа Гасподзь: такім Я зраблю Сэдэкію, цара Юдэйскага, і князёў ягоных і іншых Ерусалімцаў, што застаюцца ў зямлі гэтай і жывуць у зямлі Егіпецкай;
- 9. і аддам іх на азлобу і на ліхія пакуты ва ўсіх царствах зямных, на паглум, на перагуды, на пакепства і праклён ва ўсіх мясьцінах, куды Я выганю іх.
- 10. І пашлю на іх меч, голад і паморак, пакуль ня вынішчу іх зь зямлі, якую Я даў ім і бацькам іхнім.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Ерамiя > Глава 24