- 1. Гора пастырам, якія губяць і разганяюць авечак паствы Маёй! кажа Гасподзь.
- 2. Таму так кажа Гасподзь Бог, Бог Ізраілеў пастырам, якія пасуць народ Мой: вы расьсеялі авечак Маіх і разагналі іх і не даглядалі іх; вось, я пакараю Вас за ліхія ўчынкі вашыя, кажа Гасподзь.
- 3. І зьбяру рэшту статку Майго з усіх краін, куды Я выгнаў іх, і вярну іх у двары іхнія, і будуць пладзіцца і множыцца.
- 4. І пастаўлю над імі пастыраў, якія будуць пасьвіць іх, і яны ўжо ня будуць баяцца і палохацца і ня будуць губіцца, кажа Гасподзь.
- 5. Вось, настаюць дні, кажа Гасподзь, - і пастаўлю Давіду Галіну праведную, і зацаруе Цар і будзе рабіць мудра і будзе чыніць суд і праўду на зямлі.
- 6. У дні Яго Юда і Ізраіль будуць жыць у бясьпецы; і вось - імя Яго, якім будуць называць Яго: "Гасподзь - апраўданьне наша!"
- 7. Таму, вось настаюць дні, кажа Гасподзь, калі ўжо ня будуць казаць: "жывы Гасподзь, які вывеў сыноў Ізраілевых зь зямлі Егіпецкай",
- 8. а: "жывы Гасподзь, Які вывеў і Які прывёў племя дома Ізраілевага зь зямлі паўночнай і з усіх земляў, куды Я выгнаў іх", і жыцьмуць на зямлі сваёй.
- 9. Пра прарокаў. Сэрца маё ўва мне разьдзіраецца, усе косткі мае дрыжаць: я - як п'яны, як чалавек, якога адолела віно, дзеля Госпада і дзеля сьвятых словаў Яго,
- 10. бо зямля напоўнена пералюбцамі, бо плача зямля ад праклёнаў; пасохлі пашы ў пустыні, і імкненьне іхняе - зло, і сіла іхняя - няпраўда,
- 11. бо іхні прарок і сьвятар - крывадушнікі; нават у доме Маім Я знайшоў бязбожнасьць іхнюю, кажа Гасподзь.
- 12. Затое дарога іхняя будзе ім, як коўзкія мясьціны ў цемры: іх штурхнуць - і яны ўпадуць там; бо Я навяду на іх бядоту, год наведваньня іх, кажа Гасподзь.
- 13. І ў прароках Самарыі Я бачыў вар'яцтва; яны прарочылі імем Ваала - і ўвялі ў аблуду народ Мой, Ізраіля.
- 14. Але ў прароках Ерусаліма бачу жахлівае: яны распусьнічаюць і ходзяць у фальшы, падтрымліваюць рукі ліхадзеяў, каб ніхто не наварочваўся ад сваёй бязбожнасьці; усе яны перад Мною - як Садома, і жыхары яго - як Гамора.
- 15. Таму так кажа Гасподзь Саваоф пра прарокаў: вось, я накармлю іх палыном і напаю іх вадою з жоўцю, бо ад прарокаў Ерусалімскіх бязбожнасьць пашырылася на ўсю зямлю.
- 16. Так кажа Гасподзь Саваоф: ня слухайце словаў прарокаў, якія прарочаць вам: яны ашукваюць вас, расказваюць мроі сэрца свайго, а не ад вуснаў Гасподніх.
- 17. Яны ўвесь час кажуць паняверцам Маім: "Гасподзь сказаў: мір будзе ў вас". І, кожнаму, хто дзейнічае з упартасьці сэрца свайго, кажуць: "ня прыйдзе на вас бяда".
- 18. Бо хто стаяў у радзе Госпада і бачыў і чуў слова Ягонае? Хто ўважаў слову Яго - і пачуў?
- 19. Вось, ідзе бура Гасподняя зь лютасьцю, бура грозная, і ўпадзе на галаву бязбожных.
- 20. Гнеў Госпада не адвернецца, пакуль Ён ня зьдзейсьніць і пакуль ня выканае намераў сэрца Свайго; у наступныя дні вы ясна ўразумееце гэта.
- 21. Я не пасылаў прарокаў гэтых, а яны самі пабеглі; Я не казаў ім, а яны прарочылі.
- 22. Калі б яны стаялі ў радзе Маёй, дык абвясьцілі б народу Майму словы Мае і адводзілі б іх ад благога шляху іхняга і ад благіх дзеяў іхніх.
- 23. Хіба Я - Бог толькі зьблізку, кажа Гасподзь, а ня Бог здалёку?
- 24. Ці можа чалавек схавацца ў патайнае месца, дзе Я ня бачыў бы яго? кажа Гасподзь. Ці ж не напаўняю Я неба і зямлю? кажа Гасподзь.
- 25. Я чуў, што гавораць прарокі, якія Маім імем прарочаць ману. Яны кажуць: "мне сьнілася, мне сьнілася".
- 26. Ці доўга гэта будзе ў сэрцы ў прарокаў, якія прарочаць ману, прарочаць ашуканства свайго сэрца?
- 27. Ці думаюць яны давесьці народ Мой да забыцьця імя Майго празь сьненьні свае, якія яны пераказваюць адзін аднаму, як бацькі іх забылі імя Маё праз Ваала?
- 28. Прарок, які бачыў сон, няхай і расказвае яго як сон; а ў якога Маё слова, той няхай кажа слова Маё слушна. Што ёсьць супольнага ў мякіны з чыстым зернем? кажа Гасподзь
- 29. Слова Маё ці ж не падобнае на агонь, кажа Гасподзь, і ці ж не падобнае на молат, які разьбівае скалу?
- 30. Таму вось, Я - на прарокаў, кажа Гасподзь, якія крадуць словы Мае адзін у аднаго.
- 31. Вось, Я - на прарокаў, кажа Гасподзь, якія дзейнічаюць сваім языком, а кажуць: "Ён сказаў".
- 32. Вось, Я на прарокаў фальшывых сноў, кажа Гасподзь, якія расказваюць іх і ўводзяць народ Мой у аблуду сваімі падманамі і ашуканствам, тым часам як Я не пасылаў іх і не загадваў ім, і яны ніякай карысьці ня прыносяць народу гэтаму, кажа Гасподзь.
- 33. Калі спытае ў цябе народ гэты альбо прарок альбо сьвятар: "які цяжар ад Госпада", дык скажы ім: "які цяжар? Я пакіну вас, кажа Гасподзь".
- 34. Калі прарок альбо сьвятар альбо народ скажа: "цяжар ад Госпада", Я пакараю таго чалавека і дом ягоны.
- 35. Так кажэце адзін аднаму і брат брату: "што адказаў Гасподзь?" альбо: "што сказаў Гасподзь?"
- 36. а гэтага слова: "цяжар ад Госпада", наперад ня ўжывайце: бо цяжарам будзе такому чалавеку слова ягонае, бо вы пераварочваеце словы жывога Бога, Госпада Саваофа Бога нашага.
- 37. Так кажы прароку: "што адказаў табе Гасподзь? альбо: "што сказаў Гасподзь?"
- 38. А калі вы яшчэ казацьмеце: "цяжар ад Госпада", дык так кажа Гасподзь; за тое, што вы кажаце слова гэтае: "цяжар ад Госпада", тым часам як я паслаў сказаць вам: не кажэце "цяжар ад Госпада",
- 39. за тое вось, Я забуду вас зусім і пакіну вас, і горад гэты, які Я даў вам і бацькам вашым, адхілю ад аблічча Майго
- 40. і накладу на вас агуду вечную, якая не забудзецца.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Ерамiя > Глава 23