- 1. О, хто дасьць галаве маёй ваду, і вачам маім - крыніцу сьлёз! я дзень і ноч плакаў бы па забітых у дачкі народа майго.
- 2. О, хто даў бы мне ў пустыні прыстанак дарожны! пакінуў бы я народ мой і сышоў бы ад іх: бо ўсе яны пералюбнікі, зграя вераломных.
- 3. Як лук, напінаюць язык свой дзеля ілжы, мацуюцца на зямлі няпраўдаю; бо пераходзяць ад аднаго ліха да другога, і Мяне ня ведаюць, кажа Гасподзь.
- 4. Трымайцеся кожны сябра свайго, і не давярайце ніводнаму з братоў сваіх; бо кожны брат ставіць спатыку другому, і кожны сябар пераносіць паклёпы.
- 5. Кожны ашуквае сябра свайго, і праўды ня кажуць; прывучылі язык свой гаварыць ману, хітруюць да стомы.
- 6. Ты жывеш сярод падступнасьці; з падступнасьці яны адмаўляюцца ведаць Мяне, кажа Гасподзь.
- 7. Таму так кажа Гасподзь Саваоф: вось, я растаплю і выпрабую іх; бо як інакш мне трэба рабіць з дачкою народа Майго? Язык іхні - забойчая страла, гаворыць падступна; вуснамі сваімі гавораць з блізкімі сваімі прыязна, а ў сэрцы сваім ладзяць яму аковы.
- 9. Няўжо Я не пакараю іх за гэта, кажа Гасподзь? ці не адпомсьціць душа Мая такому народу, як гэты?
- 10. Па горах падыму плач і лямант, і па стэпавых пашах - галашэньне, бо яны выпалены, так што ніхто там не праходзіць, і ня чуваць, каб статкі бляялі: ад птушак нябесных да быдла - усе расьсеяліся, сышлі.
- 11. І зраблю Ерусалім крушняю, селішчам шакалаў, і гарады Юдэі зраблю пустыняю, без жыхароў.
- 12. Ці ёсьць такі мудрэц, які зразумеў бы гэта? І да каго гавораць вусны Гасподнія - растлумачыў бы, за што загінула краіна і выпалена, як пустыня, так што ніхто не праходзіць па ёй?
- 13. І сказаў Гасподзь: за тое, што яны пакінулі закон Мой, які Я ўстанавіў ім, і ня слухалі голасу Майго і не рабілі паводле яго;
- 14. а хадзілі паводле ўпартасьці сэрца свайго і па сьледзе Ваала, як навучылі іх бацькі іхнія.
- 15. Таму так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вось, Я накармлю іх, гэты народ, палыном, і напаю іх вадою з жоўцю;
- 16. і расьсею іх сярод народаў, якіх ня ведалі ні яны, ні бацькі іхнія, і пашлю сьледам за імі меч, пакуль ня вынішчу іх.
- 17. Так кажа Гасподзь Саваоф: падумайце і паклічце плакальшчыц, каб яны прыйшлі; пашлеце на ўмеліц у гэтай справе, каб яны прыйшлі.
- 18. Хай яны пасьпяшаюцца і падымуць плач па нас, каб з вачэй нашых ліліся сьлёзы, і зь веек нашых цякла вада.
- 19. Бо голас плачу чуцен зь Сіёна: "як мы абрабаваны! мы жорстка пасаромленыя, бо пакідаем зямлю, бо разбурылі жытлішчы нашы".
- 20. Дык вось, слухайце, жанчыны, слова Госпада, і хай уважае вуха ваша слову вуснаў Ягоных; і вучэце дачок вашых плакаць, і адна адну - песьням плачу.
- 21. Бо сьмерць уваходзьць у нашыя вокны, урываецца ў харомы нашыя, каб вынішчыць дзяцей з вуліцы, юнакоў з плошчаў.
- 22. Скажы: так кажа Гасподзь: і будуць кінуты трупы людзей, як гной на поле і як снапы за жняцом, і ня будзе каму пазьбіраць іх.
- 23. Так кажа Гасподзь, хай не хваліцца мудры мудрасьцю сваёю, хай ня хваліцца дужы сілаю сваёю, хай ня хваліцца багаты багацьцем сваім.
- 24. а хвалько хваліся тым, што разумееш і ведаеш Мяне, што Я - Гасподзь, Які творыць міласьць, суд і праўду на зямлі: бо толькі гэта заўгодна Мне, кажа Гасподзь.
- 25. Вось, прыходзяць дні, кажа Гасподзь, калі Я наведаю ўсіх абрэзаных і неабрэзаных:
- 26. Егіпет і Юдэю, і Эдома і сыноў Амонавых, і Маава і ўсіх, што стрыгуць валасы на скронях, што жывуць у пустыні: бо ўсе гэтыя народы неабрэзаныя, а ўвесь дом Ізраілеў зь неабрэзаным сэрцам.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Ерамiя > Глава 9