Глава 17

< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51
  • 1. Грэх Юдаў напісаны жалезным разцом, алмазным вастрыём накрэсьлены на скрыжалі сэрца іхняга і на рагах ахвярнікаў іхніх.
  • 2. Як пра сыноў сваіх, успамінаюць яны пра ахвярнікі свае і дубровы свае каля зялёных дрэў, на высокіх пагорках.
  • 3. Гару Маю ў полі, маёмасьць тваю і ўсе скарбы твае аддам на рабунак, і ўсе вышыні твае - за грахі ва ўсіх межах тваіх.
  • 4. І ты празь сябе пазбудзешся спадчыны тваёй, якую Я даў табе, і аддам цябе ў рабства ворагам тваім, у зямлю, якое ты ня ведаеш, бо вы запалілі агонь гневу Майго; ён будзе гарэць вечна.
  • 5. Так кажа Гасподзь: пракляты чалавек, які спадзяецца на чалавека і плоць робіць сваёю апораю, і сэрца якога аддаляецца ад Госпада.
  • 6. Ён будзе - як верас у пустыні і ня ўбачыць, калі прыйдзе добрае, і паселіцца ў мясьцінах скварных у стэпе, на зямлі неўрадлівай, неабжытай.
  • 7. Дабраславёны чалавек, які спадзяецца на Госпада, і чыя надзея - Гасподзь.
  • 8. Бо ён будзе як дрэва, якое пасаджана каля водаў і пускае сваё карэньне каля патока; ня ведае яно, калі настае сьпёка; лісьце ў яго зялёнае, і ў засушлівы час яно не баіцца і не перастае радзіць плады.
  • 9. Падступнае сэрца чалавечае найбольш і да краю сапсаванае; хто спазнае яго?
  • 10. Я, Гасподзь, пранікаю ў сэрца і выпрабоўваю ўсярэдзіне, каб даць кожнаму паводле шляху ягонага і паводле плёну дзеяў ягоных.
  • 11. Курапатка садзіцца на яйкі, якіх ня несла; такі той, хто набывае багацьце няпраўдаю: ён пакіне яго на палове дзён сваіх, дурнем застанецца пры канцы сваім.
  • 12. Трон славы, узвышаны ад пачатку, ёсьць месца асьвячэньня нашага.
  • 13. Ты, Госпадзе, - надзея Ізраілева; усе, хто пакідае Цябе, пасаромяцца. "Тыя, што адступаюцца ад Мяне, будуць напісаны на пыле, бо пакінулі Госпада, крыніцу вады жывое",
  • 14. Ацалі мяне, Госпадзе, - і ацалёны буду; уратуй мяне - і ўратаваны буду; бо Ты - хвала мая.
  • 15. Вось, яны кажуць мне: "дзе слова Гасподняе? няхай яно прыйдзе!"
  • 16. Я не сьпяшаўся быць пастырам у Цябе і не хацеў бядотнага дня, Ты гэта ведаеш; што выйшла з вуснаў маіх - адкрыта перад абліччам Тваім.
  • 17. Ня будзь страшны мне, Ты - надзея мая ў дзень бедства.
  • 18. Хай сорам пакрые ганіцеляў маіх, а я ня буду пасаромлены; хай яны затрымцяць, а я не трымцецьму; навядзі на іх дзень бедства і паламай іх двайной ламатою.
  • 19. Так сказаў мне Гасподзь: ідзі і стань у браме сыноў народу, у якую ўваходзяць цары Юдэйскія і празь якую яны выходзяць, і ва ўсіх брамах Ерусалімскіх,
  • 20. і кажа ім: слухайце слова Гасподняе, цары Юдэйскія і ўся Юдэя і ўсе жыхары Ерусаліма, якія ўваходзяць праз гэтыя брамы
  • 21. Так кажа Гасподзь: пільнуйце душы свае і не насеце ношак у суботні дзень, і ня ўносьце іх праз брамы Ерусалімскія.
  • 22. І ня выносьце ношак з дамоў вашых у дзень суботні, не рабеце ніякае працы, сьвяткуйце дзень суботні так, як Я наказаў бацькам вашым,
  • 23. якія, зрэшты, не паслухаліся і не прыхілілі вуха свайго, а зрабіліся цьвердалобымі, каб ня слухацца і ня прымаць настаўленьня.
  • 24. І калі вы паслухаецеся Мяне ў тым, кажа Гасподзь, каб не насіць ношак праз брамы гэтага горада ў дзень суботні і каб сьвяткаваць суботу, ня робячы ў гэты дзень ніякае працы:
  • 25. дык праз брамы гэтага горада будуць уваходзіць цары і князі, якія сядзяць на троне Давідавым, езьдзяць на калясьніцах і на конях, яны і князі іхнія, Юдэі і жыхары Ерусаліма, і горад гэты будзе жытлы вечна.
  • 26. І будуць прыходзіць з гарадоў Юдэйскіх і з навакольляў Ерусаліма і зь зямлі Веньямінавай, і з раўніны і з гор і з поўдня, і прыносіць цэласпаленьне і ахвяру, і хлебнае прынашэньне і ліван, і падзякавальныя ахвяры ў дом Гасподні.
  • 27. А калі не паслухаецеся Мяне ў тым, каб сьвяткаваць дзень суботні і не насіць ношак, уваходзячы ў брамы Ерусаліма ў суботні дзень, дык запалю агонь у брамах яго, - і ён паглыне харомы Ерусаліма і не патухне.