- 1. Павал, воляй Божаю пакліканы апостал Ісуса Хрыста, і Сасфэн брат,
- 2. Царкве Божай, якая ў Карынфе, асьвечаным у Хрысьце Ісусе, пакліканым сьвятым, з усімі, хто заклікае імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, у кожным месцы, у іх і ў нас:
- 3. мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
- 4. Не перастаю дзякаваць Богу майму за вас, дзеля мілаты Божай, дадзенай вам у Хрысьце Ісусе.
- 5. Бо ў Ім вы ўзбагаціліся ўсім, усякім словам і ўсякім разуменьнем,
- 6. бо сьведчаньне Хрыстовае сьцьвердзілася ў вас,
- 7. так што вы ня маеце нястачы ні ў якім дараваньні, чакаючы зьяўленьня Госпада нашага Ісуса Хрыста,
- 8. Які і ўмацуе вас да канца, каб вам быць бязьвіннымі ў дзень Госпада нашага Ісуса Хрыста.
- 9. Верны Бог, Якім вы пакліканыя да супольнасьці з Сынам Ягоным, Ісусам Хрыстом, Госпадам нашым.
- 10. Малю вас, браты, імем Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб усе вы гаварылі адно, і ня было паміж вамі падзелаў, а каб вы спалучаны былі ў адным духу і ў адных помыслах.
- 11. Бо ад дамашніх Хлоіных сталася мне вядома пра вас, браты мае, што паміж вамі ёсьць незлагадзь.
- 12. Я разумею тое, што ў вас кажуць: "я Паўлаў"; "я Апалосаў"; "я Кіфаў"; "а я Хрыстоў".
- 13. Хіба падзяліўся Хрыстос? хіба Павал крыжаваўся за вас? альбо ў імя Паўлава вы ахрысьціліся?
- 14. Дзякую Богу, што я нікога з вас ня хрысьціў, акрамя Крыспа і Гаія,
- 15. каб не сказаў хто, што я хрысьціў у імя маё.
- 16. Хрысьціў я таксама Сьцяпанаў дом; а ці хрысьціў я яшчэ каго, ня ведаю.
- 17. Бо Хрыстос паслаў мяне ня хрысьціць, а зьвеставаць, ня ў мудрасьці слова, а каб не зьнясіліць крыж Хрыстовы.
- 18. Бо слова пра крыж для пагібельных - юродзтва ёсьць, а нам, што ратуемся, - сіла Божая!
- 19. Бо напісана: "Я зьнішчу мудрасьць мудрацоў, і розум разумных адкіну".
- 20. Дзе мудрэц? дзе кніжнік? дзе суразмоўца веку гэтага? Ці не абярнуў Бог мудрасьць сьвету гэтага ў неразумнасьць?
- 21. Бо калі сьвет сваёй мудрасьцю не спазнаў Бога ў мудрасьці Божай, дык заўгодна было Богу юродзтвам пропаведзі выратаваць веруючых.
- 22. Бо і Юдэі патрабуюць цудаў, і Эліны шукаюць мудрасьці;
- 23. а мы прапаведуем Хрыста ўкрыжаванага, для Юдэяў камень спатыкненьня, а для Элінаў неразумнасьць,
- 24. а для саміх пакліканых, Юдэяў і Элінаў, Хрыста, Божую сілу і Божую мудрасьць;
- 25. бо і буянае Божае мудрэйшае за людзей, і нямоцнае Божае мацнейшае за людзей.
- 26. Паглядзеце, браты, хто вы, закліканыя: няшмат сярод вас мудрых па плоці, няшмат моцных, няшмат высакародных;
- 27. але Бог выбраў буянае сьвету, каб пасароміць мудрых, і нямоглае сьвету выбраў Бог, каб пасароміць моцнае;
- 28. і бязроднае сьвету і пагарджанае і нічога ня значнае выбраў Бог, каб зьнясіліць значнае;
- 29. на тое, каб ніякая плоць не пахвалялася перад Богам.
- 30. Ад Яго і вы ў Хрысьце Ісусе, Які зрабіўся нам мудрасьцю ад Бога, праведнасьцю і асьвячэньнем і адкупленьнем,
- 31. каб было, як напісана: "хто хваліцца, хваліся Госпадам".
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Новы Запавет > 1-е Карынфянаў > Глава 1