Глава 5

  • 1. Ходзіць пэўная чутка пра распусту сярод вас, ды такую распусту, якое ня чуваць нават у язычнікаў: нехта за жонку мае бацькаву жонку.
  • 2. І вы заганарыліся, замест таго, каб лепей плакаць, каб забраць спаміж вас таго, хто зрабіў гэта.
  • 3. А я, целам адсутны, але прысутны ў вас духам, ужо пастанавіў, як бы калі б быў сярод вас: таго, хто ўчыніў такое,
  • 4. на сходзе вашым у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста разам з маім духам, сілаю Госпада нашага Ісуса Хрыста,
  • 5. аддаць сатане на зьнемажэньне плоці, каб дух быў выратаваны ў дзень Госпада нашага Ісуса Хрыста.
  • 6. Няма чым вам хваліцца. Хіба ня ведаеце, што каліва закваскі расчыняе ўсё цеста?
  • 7. Дык вось, ачысьціце старую закваску, каб сталіся вы новым цестам, бо вы прэсныя, бо Пасха наша Хрыстос, ахвяраваны за нас.
  • 8. А таму будзем сьвяткаваць не са старою закваскаю, не з закваскаю заганы і падступнасьці, а з праснакамі чысьціні і праўды.
  • 9. Я пісаў вам у пасланьні - не вадзіцца з блудадзеямі;
  • 10. але ня ўвогуле з блудадзеямі сьвету гэтага, ці зь ліхазьдзірцамі, ці з драпежнікамі, ці з балавахваламі, бо інакш трэба было б вам выйсьці зь сьвету гэтага,
  • 11. а пісаў я вам ня супольнічаць з тым, хто, называючыся братам, застаецца блудадзеем, ці ліхазьдзірцам, ці балвахвалам, ці ліхасловам, ці п'яніцаю, ці драпежнікам; з такім нават і ня есьці разам.
  • 12. Бо што мне судзіць і староньніх? Ці ж не сваіх вы судзіце?
  • 13. А староньніх судзіць Бог. Выкіньце распуснага спасярод вас.