- 1. Дасягайце любові; дбайце пра дары духоўныя, а асабліва пра тое, каб прарочыць.
- 2. Бо, хто гаворыць незнаёмаю моваю, той гаворыць ня людзям, а Богу, бо ніхто не разумее яго, ён тайны гаворыць духам;
- 3. а хто прарочыць, той гаворыць людзям на настаўленьне, на ўмаўленьне і суцяшэньне.
- 4. Той, хто гаворыць незнаёмаю мовай, настаўляе сябе; а хто прарочыць, той настаўляе царкву.
- 5. Жадаю, каб вы ўсе гаварылі мовамі; але лепей, каб вы прарочылі, бо хто прарочыць, той большы за таго, хто гаворыць мовамі, хіба што ён пры гэтым будзе і тлумачыць, каб царква атрымала настаўленьне.
- 6. Цяпер, калі я прыйду да вас, браты, і пачну гаварыць незнаёмымі мовамі, дык якую дам вам карысьць, калі ня выслоўлюся вам ці то адкрыцьцём, ці пазнаньнем, ці прароцтвам, ці вучэньнем?
- 7. І бяздушныя рэчы, якія выдаюць гук, жалейка ці гусьлі, калі не выдаюць паасобных тонаў, як распазнаць тое, што іграюць на жалейцы ці на гусьлях?
- 8. І калі труба будзе выдаваць нявыразны гук, хто будзе рыхтавацца да бітвы?
- 9. Так, калі і вы языком вымаўляеце незразумелыя словы, дык як зразумеюць, што вы кажаце? Вы будзеце гаварыць на вецер.
- 10. Колькі, напрыклад, розных словаў на сьвеце, і ніводнага зь іх няма без значэньня;
- 11. але, калі я не разумею значэньня слоў, дык я для таго, хто гаворыць, чужаніца, і той, хто гаворыць, для мяне чужаніца.
- 12. Так і вы, дбаючы пра дары духоўныя, старайцеся ўзбагаціцца імі дзеля настаўленьня царквы.
- 13. А таму той, хто гаворыць незнаёмаю мовай, маліся за дар тлумачэньня.
- 14. Бо, калі я малюся на незнаёмай мове, дык, хоць дух мой і моліцца, але розум мой застаецца бяз плоду.
- 15. Што ж рабіць? Пачну маліцца духам, пачну маліцца і розумам; буду сьпяваць духам, буду сьпяваць і розумам.
- 16. Бо, калі ты будзеш дабраслаўляць духам, дык той, хто стаіць на месцы простага чалавека, як скажа "амін" на тваё дзякаваньне? Бо ён не разумее, што ты кажаш.
- 17. Ты добра дзякуеш, але другі не настаўляецца.
- 18. Дзякую Богу майму: я больш за ўсіх вас гавару мовамі;
- 19. але ў царкве лепей хачу пяць словаў сказаць розумам маім, каб і іншых наставіць,чым процьму словаў незнаёмаю моваю.
- 20. Браты! ня будзьце дзеці розумам: на ліхое будзьце немаўляты, а розумам будзьце паўналетнія.
- 21. У законе напісана: "іншымі мовамі й вуснамі буду гаварыць народу гэтаму, але і тады не паслухаюцца Мяне, кажа Гасподзь".
- 22. Так што мовы - азнака ня вернікам, а няверуючым; а прароцтва - не для няверуючых, а для вернікаў.
- 23. Калі ўся царква сыдзецца разам і ўсе пачнуць гаварыць незнаёмымі мовамі, і ўвойдуць да вас недасьведчаныя альбо няверуючыя, - дык ці ня скажуць, што вы шалееце?
- 24. А калі ўсе прарочаць, і ўвойдзе хто няверуючы альбо недасьведчаны, дык усе яго выкрываюць, усе судзяць,
- 25. і такім чынам тайны сэрца ягонага выяўляюцца; і ён падае ніцма, кланяецца Богу і кажа: "у ісьціне з вамі Бог!".
- 26. Дык што ж, браты? Калі вы сыходзіцеся, і ў кожнага з вас ёсьць псальма, ёсьць павучаньне, ёсьць мова, ёсьць адкрыцьцё, ёсьць тлумачэньне, - хай ўсё гэта будзе на настаўленьне.
- 27. Калі хто гаворыць незнаёмаю моваю, гаварэце двое, ці самае большае трое, і тое паасобку, а адзін хай тлумачыць.
- 28. Калі ж ня будзе тлумача, дык маўчы ў царкве, а гавары сабе і Богу.
- 29. І прарокі няхай гавораць двое ці трое, а астатнія хай разважаюць;
- 30. калі ж каму з тых, што сядзяць, будзе адкрыцьцё, дык першы маўчы;
- 31. бо ўсе адзін за адным можаце прарочыць, каб усім вучыцца і ўсім атрымліваць суцяшэньне.
- 32. І духі прарочыя слухаюцца прарокаў,
- 33. таму што Бог ня ёсьць Бог незлагадзі, а спакою. Так бывае ва ўсіх цэрквах у сьвятых.
- 34. Жонкі вашыя ў цэрквах няхай маўчаць; бо не дазволена ім гаварыць, а быць у паслушэнстве, як і закон кажа.
- 35. Калі ж яны хочуць нечагась навучыцца, хай пытаюцца пра тое дома ў мужоў сваіх; бо ня прыстойна жанчыне гаварыць у царкве.
- 36. Хіба ад вас выйшла слова Божае? Альбо да вас адных дайшло?
- 37. Калі хто лічыць сябе прарокам альбо духоўным, той хай разумее, што я пішу вам, бо гэта запаведзі Гасподнія.
- 38. А хто не разумее, няхай не разумее.
- 39. Дык вось, браты, дбайце пра тое, каб прарочыць, але не забараняйце гаварыць і мовамі;
- 40. толькі ўсё мае быць прыстойна і належна.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Новы Запавет > 1-е Карынфянаў > Глава 14