- 1. І я ня мог гутарыць з вамі, браты, як з духоўнымі, а як з плоцкімі, як зь немаўляткамі ў Хрысьце.
- 2. Я ўзгадаваў вас малаком, а ня цьвёрдаю ежаю; бо вы яшчэ не маглі есьці яе, ды і цяпер яшчэ ня можаце.
- 3. Бо вы яшчэ плоцкія. Бо, калі паміж вамі зайздрасьць, звады і несугалосіца, дык ці ж ня плоцкія вы? і ці ня па людзкім звычаі робіце?
- 4. Бо, калі адзін кажа: "Я Паўлаў", а другі: "я Апалосаў", дык ці ж ня плоцкія вы?
- 5. Хто Павал? хто Апалос? Яны толькі слугі, празь якіх вы ўверавалі, і пры тым як каму даў Гасподзь.
- 6. Я пасадзіў, Апалос паліваў, а ўзрасьціў Бог;
- 7. а таму і той, хто садзіць, і хто палівае, ёсьць нішто, а ўсё Бог, Які дае рост.
- 8. І хто садзіць і хто палівае - адно; але кожны атрымае сваю ўзнагароду паводле сваёй працы.
- 9. Бо мы супрацоўнікі ў Бога; а вы Божая ніва, Божая будова.
- 10. Я, па дадзенай мне ад Бога мілаце, як мудры будаўнік, заклаў падмурак, а другі будуе на ім: але кожны ўважай, як будуе.
- 11. Бо ніхто ня можа закласьці іншага падмурка, акрамя закладзенага, які ёсьць Ісус Хрыстос.
- 12. Ці будуе хто на гэтым падмурку з золата, срэбра, каштоўных камянёў, дрэва, сена, саломы,
- 13. дзея кожнага выявіцца: бо дзень пакажа; таму што ў вагні выкрываецца, і вагонь выпрабоўвае дзею кожнага, якая яна ёсьць.
- 14. У каго дзея, якую ён будаваў, выстаіць, той атрымае ўзнагароду;
- 15. а ў каго дзея згарыць, той мецьме шкоду; урэшце сам уратуецца, але так, як бы з вагню.
- 16. Хіба ня ведаеце, што вы храм Божы, і Дух Божы жыве ў вас?
- 17. Калі хто абкрадзе сьвятыню Божую, таго пакарае Бог, бо сьвятыня Божая сьвятая; і гэтая сьвятыня - вы.
- 18. Ніхто не ашуквай сам сябе; калі хто з вас думае быць мудрым у веку гэтым, той хай будзе неразумны, каб быць мудрым.
- 19. Бо мудрасьць сьвету гэтага ёсьць неразумнасьць перад Богам, як напісана: "ловіць мудрых у хітрасьці іхняй".
- 20. І яшчэ: "Гасподзь ведае мудрошчы мудрацоў, што яны марныя".
- 21. Таму вось, няхай ніхто ня хваліцца людзьмі, бо ўсё вашае:
- 22. ці то Павал, ці Апалос, ці Кіфа, ці сьвет, ці жыцьцё, ці сьмерць, ці цяпершчына, а ці наступнае, - усё ваша;
- 23. а вы - Хрыстовыя, а Хрыстос - Божы.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Новы Запавет > 1-е Карынфянаў > Глава 3