- 1. Нагадваю вам, браты, Дабравесьце, якое я зьвеставаў вам, якое вы і прынялі, у якім і ўмацаваліся,
- 2. якім і ратуецеся, калі настаўленьне памятаеце так, як я зьвеставаў вам, калі толькі ня марна ўверавалі.
- 3. Бо я найперш перадаў вам, што і сам прыняў, гэта значыцца, што Хрыстос памёр за грахі нашыя, паводле Пісаньня,
- 4. і што ён пахаваны быў і што ўваскрэс на трэйці дзень, паводле Пісаньня,
- 5. і што зьявіўся Кіфу, потым дванаццаці;
- 6. потым зьявіўся больш чым пяці сотням братоў у адзін час, зь якіх большая частка дагэтуль жывуць, а некаторыя і спачылі;
- 7. потым зьявіўся Якаву, таксама ўсім апосталам;
- 8. а пасьля ўсіх зьявіўся і мне, як нейкаму вылюдку.
- 9. Бо я найменшы з апосталаў, і ня варты называцца апосталам, бо гнаў Царкву Божую.
- 10. Але зь мілаты Божае я ёсьць тое, што ёсьць; і мілата Ягоная ўва мне ня была марная, але я болей за іх усіх папрацаваў; ня я, зрэшты, а мілата Божая, якая са мною.
- 11. І вось, ці то я, ці яны, мы так прапаведуем, і вы так уверавалі.
- 12. Калі пра Хрыста прапаведуецца, што Ён паўстаў зь мёртвых, дык як некаторыя з вас кажуць, быццам няма ўваскрэсеньня зь мёртвых?
- 13. Калі няма ўваскрэсеньня зь мёртвых, дык і Хрыстос не ўваскрэс;
- 14. а калі Хрыстос не ўваскрэс, дык і пропаведзь нашая марная, марная і вера ваша.
- 15. Пры гэтым мы сталіся б тады і непраўдзівымі сьведкамі пра Бога, бо сьведчылі б пра Бога, што Ён уваскрэсіў Хрыста, Якога Ён не ўваскрэшваў, калі, гэта значыцца, мёртвыя не ўваскрасаюць;
- 16. бо, калі мёртвыя не ўваскрасаюць, дык і Хрыстос не ўваскрэс;
- 17. а калі Хрыстос не ўваскрэс, дык вера ваша марная; вы яшчэ ў грахах вашых;
- 18. таму і памерлыя ў Хрысьце загінулі.
- 19. І калі мы ў гэтым толькі жыцьці спадзяёмся на Хрыста, дык мы самыя няшчасныя з усіх людзей.
- 20. Але Хрыстос уваскрэс зь мёртвых, першынец з памерлых.
- 21. Бо як сьмерць праз чалавека, так праз чалавека і ўваскрэсеньне зь мёртвых.
- 22. Як у Адаме ўсе паміраюць, так у Хрысьце ўсе ажывуць.
- 23. кожны ў сваім парадку; першынец Хрыстос, потым Хрыстовыя, у прышэсьце Ягонае.
- 24. А потым канец, калі Ён перадасьць Царства Богу і Айцу, калі скасуе ўсякае начальства і ўсякую ўладу і сілу;
- 25. бо Яму належыць валадарыць, пакуль "пакладзе ўсіх ворагаў пад ногі Свае",
- 26. а як апошні вораг зьнішчыцца - сьмерць,
- 27. бо "ўсё пакарыў пад ногі Ягоныя"; калі ж сказана, што Яму ўсё падначалена, дык ясна, што акрамя Таго, Які пакарыў Яму ўсё.
- 28. Калі ж усё ўпакорыць Яму, тады і сам Сын скарыцца Таму, Хто скарыў ўсё Яму, хай будзе Бог усё ва ўсім.
- 29. Інакш, што робяць тыя, якія прымаюць хрышчэньне для мёртвых? Калі мёртвыя наогул не ўваскрасаюць, дык навошта і прымаюць хрышчэньне для мёртвых?
- 30. Навошта ж і мы ўвесь час падупадаем небясьпецы?
- 31. Я кожны дзень паміраю; прысягаю ў гэтым пахвалою вашаю, браты, якую я маю ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.
- 32. Разважыўшы па-людзку, калі я змагаўся са зьвярамі ў Эфэсе, якая мне карысьць, калі мёртвыя не ўваскрасаюць? Будзем есьці і піць, бо заўтра памрэм.
- 33. Не давайцеся ў зман; дрэнныя суполькі псуюць добрыя норавы.
- 34. Працьверазецеся, як трэба, і не грашэце; бо на сорам вам кажу - некаторыя з вас ня ведаюць Бога.
- 35. Але скажа хто-небудзь: як уваскрэснуць мёртвыя? і ў якім целе яны прыйдуць?
- 36. Неразумны! тое, што ты сееш, не ажыве, калі не памрэ;
- 37. і калі ты сееш, дык сееш ня цела будучае, а голае зерне, якое будзе, пшанічнае або іншае якое;
- 38. але Бог дае яму цела як хоча, і кожнаму семені сваё цела.
- 39. Ня ўсякая плоць, але інакшая плоць у людзей, інакшая плоць у жывёлін, інакшая ў рыб, інакшая ў птушак.
- 40. Ёсьць целы нябесныя і целы зямныя: але інакшая слава ў нябесных, інакшая ў зямных;
- 41. інакшая слава ў сонца, інакшая слава ў месяца, інакшая ў зорак; і зорка ад зоркі розьніцца славаю.
- 42. Так і пры ўваскрэсеньні мёртвых; сеецца ў тленьні, паўстае ў нятленьні;
- 43. сеецца ў няславе, паўстае ў славе; сеецца ў немачы, паўстае ў сіле;
- 44. сеецца цела душэўнае, паўстае цела духоўнае. Ёсьць цела душэўнае, ёсьць цела і духоўнае.
- 45. Так і напісана: "першы чалавек Адам стаўся душою жывою"; а апошні Адам ёсьць дух жыватворчы.
- 46. Але ня духоўнае раней, а душэўнае, потым духоўнае.
- 47. Першы чалавек - зь зямлі, і зямны; другі чалавек - Гасподзь - зь неба.
- 48. Які зь зямлі, такія зямныя; і які нябесны, такія і нябесныя;
- 49. і як мы насілі вобраз зямнога, так будзем насіць і вобраз нябеснага.
- 50. Але тое скажу вам, браты, што плоць і кроў ня могуць успадкаваць Царства Божага, і тленьне ня спадкуе нятленьня.
- 51. Я кажу вам тайну, ня ўсе мы памрэм, але ўсе пераменімся;
- 52. раптам, у імгненьне вока, пры апошняй трубе; бо затрубіць, і мёртвыя ўваскрэснуць нятленьнымі, а мы пераменімся;
- 53. бо тленнае гэтае мае апрануцца ў нятленнае, і сьмяротнае гэтае - апрануцца ў несьмяротнасьць.
- 54. Калі ж тленьне гэтае апранецца ў нятленнасьць і сьмяротнае гэтае апранецца ў несьмяротнасьць, тады збудзецца слова напісанае: "паглынута сьмерць перамогаю.
- 55. Сьмерць! дзе тваё джала? пекла! дзе твая перамога?".
- 56. А джала сьмерці - грэх; а сіла грэху - закон.
- 57. Дзякаваць Богу, Які даў нам перамогу Госпадам нашым Ісусам Хрыстом.
- 58. Дык вось, браты любасныя, будзьце цьвёрдыя, непахісныя, заўсёды майце посьпех у справе Гасподняй, ведаючы, што праца вашая не змарнее перад Госпадам.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Новы Запавет > 1-е Карынфянаў > Глава 15