- 1. І калі я прыходзіў да вас, браты, прыходзіў абвяшчаць вам сьведчаньне Божае не ў высока ўзьнёсласьці слова ці мудрасьці.
- 2. Бо я пастанавіў сабе нічога іншага між вамі ня ведаць, апроч Ісуса Хрыста, і пры тым - укрыжаванага.
- 3. І быў я ў вас зьняможаны і ў страху і ў вялікім трымценьні.
- 4. І слова маё, і казань мая не ў пераканаўчых словах чалавечай мудрасьці, а ў выяўленьні Духа і сілы,
- 5. каб вера вашая была ня ў мудрасьці чалавечай, а ў сіле Божай.
- 6. А мудрасьць мы прапаведуем сярод дасканалых, але мудрасьць ня веку гэтага і ня ўладцаў веку гэтага праходных,
- 7. а прапаведуем мудрасьць Божую, тайную, схаваную, якую Бог вызначыў спрадвеку на славу нашую,
- 8. якое ніхто з уладцаў веку гэтага не спазнаў; бо, калі б спазналі, дык не ўкрыжавалі б Госпада славы.
- 9. А, як напісана: "ня бачыла таго вока і ня чула вуха, і ня ўзыходзіла тое ў сэрца чалавека, што тым Бог падрыхтаваў, хто любіць Яго".
- 10. А нам Бог адкрыў гэта Духам Сваім; бо Дух ва ўсё пранікае, і ў глыбіні Божыя.
- 11. Бо хто зь людзей ведае, што ў чалавеку, акрамя духу чалавечага, які жыве ў ім? Так і Божага ніхто ня ведае, акрамя Духа Божага.
- 12. Але мы прынялі ня духа сьвету гэтага, а Духа ад Бога, каб ведаць дараванае нам ад Бога;
- 13. што і абвяшчаем не ад чалавечай мудрасьці вывучанымі словамі, а вывучанымі ад Духа Сьвятога, суадносячы духоўнае з духоўным.
- 14. Душэўны чалавек ня прымае таго, што ад Духа Божага, бо ён лічыць гэта юродзтвам; і ня можа разумець, бо пра гэта трэба разважаць духоўна.
- 15. А духоўны разважае пра ўсё, а пра яго разважыць ніхто ня можа.
- 16. Бо "хто спазнаў розум Гасподні, каб мог разважыць яго?" А мы маем розум Хрыстовы.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Новы Запавет > 1-е Карынфянаў > Глава 2