Глава 9

  • 1. Ці не апостал я? Ці ня вольны я? Ці ня бачыў я Ісуса Хрыста, Госпада нашага? Ці не мая дзея вы ў Госпадзе?
  • 2. Калі іншым я не апостал, дык для вас апостал, бо пячаць майго апостальства - вы ў Госпадзе.
  • 3. Вось мая абарона супроць асуднікаў маіх.
  • 4. Альбо мы ня маем улады есьці і піць?
  • 5. Альбо ня маем улады мець спадарожніцаю сястру жонку, як і астатнія апосталы, і браты Гасподнія, і Кіфа?
  • 6. Альбо адзін я і Варнава ня маем улады не працаваць?
  • 7. Які ваяр служыць калі-небудзь сваім коштам? Хто, пасадзіўшы вінаград, ня есьць пладоў яго? Хто, пасучы статак, ня есьць малака ад статку?
  • 8. Ці толькі па людзкой развазе я гэта кажу? Ці ня тое самае кажа і закон?
  • 9. Бо ў Майсеевым законе напісана: "ня цугляй мызу валу, які малоціць". Ці пра валоў дбае Бог?
  • 10. Альбо, можа, нам гаворыцца? Так, нам гэта напісана; бо, хто арэ, павінен араць з надзеяю, і хто малоціць, павінен малаціць з надзеяю атрымаць спадзяванае.
  • 11. Калі мы пасеялі ў вас духоўнае, дык ці вялікае тое, калі пажнём у вас цялеснае?
  • 12. Калі іншыя маюць у вас уладу, дык ці ня болей мы? Але мы не карысталіся гэтай уладай, а ўсё пераносім, каб не паставіць якое перашкоды зьвеставаньню Хрыстоваму.
  • 13. Хіба ня ведаеце, што слугі пры храме кормяцца з храма? што слугі пры ахвярніку бяруць долю з ахвярніка?
  • 14. Так сама і Гасподзь наказаў прапаведнікам Дабравесьця жыць са зьвеставаньня.
  • 15. Але я не карыстаўся нічым такім. І напісаў гэта на тое, каб так было мне; бо мне лепей памерці, чым каб хто зьнішчыў славу маю.
  • 16. Бо, калі я зьвястую, дык няма мне чым хваліцца, бо гэта мусовы абавязак мой, і гора мне, калі не зьвястую!
  • 17. Бо калі раблю гэта з добрае волі, дык мецьму ўзнагароду; а калі ня з добрае волі, дык выконваю толькі даверанае мне служэньне.
  • 18. За што ж мне ўзнагарода? За тое, што, прапаведуючы Дабравесьце, зьвястую пра Хрыста бескарысьліва, не карыстаючыся маёй уладаю ў зьвеставаньні.
  • 19. Бо, будучы вольны ад усіх, я зрабіўся слугою ўсім, каб болей здабыць:
  • 20. для Юдэяў я быў як Юдэй, каб здабыць Юдэяў; для падзаконных быў як падзаконны, каб здабыць падзаконных;
  • 21. для тых, хто без закона, - як той, хто без закона, - будучы з законам перад Богам, але падзаконны Хрысту, - каб здабыць тых, хто без закона;
  • 22. для нямоглых быў як нямоглы, каб здабыць нямоглых, Для ўсіх я зрабіўся ўсіхнім, каб уратаваць, прынамсі, некаторых.
  • 23. А гэта раблю дзеля Дабравесьця, каб быць саўдзельнікам яго.
  • 24. Хіба ня ведаеце вы, што тыя, якія бягуць навыперадкі, бягуць усе, але толькі адзін здабывае ўзнагароду? Дык бяжэце так, каб здабыць.
  • 25. Усе падзьвіжнікі ўстрымліваюцца ад усяго: тыя - каб атрымаць вянок тленны, а мы - нятленны.
  • 26. І таму я бягу ня так, як бы марна, б'юся ня так, каб толькі махаць кулакамі ў паветры;
  • 27. а ўрымшчваю і занявольваю цела маё, каб, прапаведуючы іншым, самому ня стацца нявартым.